Конкурс «Уладар вёскі-2013»

Актуально Молодёжная страница "Ветразь"

Напэўна, даўно ўжо не чула Лявонішана такіх гучных песняў, шчырых апладысментаў і вясёлага смеху, як у гэты дзень. А сонечнае надвор’е так і запрашала на свята, з нагоды якога і сабралася ў гэтым аграгарадку столькі гасцей.

На сцэне - удзельнікі праекта «Уладар вёскі-2013».

У рамках правядзення рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі-2013» прайшоў яго раённы этап — «Наша хата ўсім багата».
Пазмагацца за званне ўладара вырашылі сем маладых сем’яў нашага раёна. Ды не проста перамагчы, а зрабіць гэта па-сапраўднаму прыгожа, паказаўшы ўсе свае таленты і захапленні, кулінарныя ўменні і майстэрства сустракаць гасцей.
Распачынаючы свята, І. Ф. Козел, старшыня Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў, адзначыла, што ўжо не першы год конкурс працягвае шэсце па краіне. І сённяшняе мерапрыемства не дэбютнае для нашага раёна, аднак абяцае быць сапраўды маштабным і цікавым. Стымулам для яго ўдзельнікаў, акрамя самой перамогі, стане магчымасць паўдзельнічаць у наступным этапе — абласным. Ірына Францаўна пажадала ўсім канкурсантам поспехаў і перамог.

Бервяно распілоўваюць Аляксандр і Жанна Дадзека.

Ужо першы іспыт пад назвай «Вітаем па-беларуску!» дазволіў гледачам больш падрабязна даведацца аб кожным удзельніку. Маладыя сем’і прадставілі самапрэзентацыі, якія ўяўлялі сабой невялікія тэатралізаваныя замалёўкі аб адным з дзён сям’і, сваіх традыцыях, захапленнях. Усё гэта прыняло форму вершаў, песень, суправаджалася відэашэрагам і апладысментамі гледачоў.
Наступныя выпрабаванні пад назвай «Працуем» чакалі канкурсантаў на пляцоўцы ля Дома культуры. Удзельнічалі абавязкова цэлымі сем’ямі. Спачатку гаспадару і гаспадыні неабходна было распілаваць бервяно на тры аднолькавыя часткі. Потым гаспадар павінен накалоць дровы сякерай на чатыры часткі, а гаспадыня з дзецьмі -роўна іх скласці. Колькі перажыванняў, падбадзёрванняў, вясёлага смеху!
Не мог не захапіць тандэм сям’і Заталокіных. Асабліва спадабалася ўсім, як гаспадыня справілася з гэтай работай. Ды і не кожны дзень можна пабачыць, як прывабная жанчына на шпільках і ў прыгожай сукенцы трымае ў руках пілу.
Добра папрацавалі над сваім бервяном Аляксандр і Жанна Да-дзека. А як жа інакш, калі за іх так перажывалі дзеці! Было бачна, што і любую іншую справу гаспадары робяць таксама дружна.
Але хучэй за іншых з заданнем справіліся Аляксей і Таццяна Цыра.
Паказаўшы моц і спрыт у першым выпрабаванні, канкурсанты, ледзь перадыхнуўшы, дэманстравалі сваё ўменне карыстацца вупражжу. І зноў жа на хуткасць: гаспадар абавязаны быў запрэгчы каня, а гаспадыня тут жа распрэгчы. Не кожная сям’я мае гэтую жывёлу на сваім падвор’і, аднак, як людзі вясковыя, яны адразу ўхапілі ўсе тонкасці справы і дастойна прайшлі іспыт. А хутчэй за іншых справіліся Юрый і Валянціна Жук.
Ну і аніяк нельга было абыйсціся без конкурсу «Бульбашы». Сем’і-ўдзельніцы ў поўным складзе павін-ны былі перабраць вядро бульбы — аддзяліць буйную ад дробнай. Ніякіх цяжкасцей гэты занятак не выклікаў, а перамагла зноў жа сям’я Жук.
І вось, нарэшце, самы доўгачаканы як для канкурсантаў, так і для гасцей свята конкурс «Сялянскія прысмакі». У фае Лявонішанскага Дома культуры разгарнулася сапраўднае прысмакавае раздолле. Сем’і запрашалі да сваіх сталоў, прыгожа аздобленых кветкамі, вышыванкамі, сямейнымі альбомамі, усіх жадаючых і ад шчырага сэрца частавалі тым, што вырасла на прысядзібных участках і прыгатавана ўмелымі рукамі гаспадыняў.
Вось ужо дзе змагла разгарнуцца гасцінная беларуская душа! Чаго толькі не прапаноўвалі сем’і — разнастайныя пірагі, кексы, бліны, смажаныя рыба і бульба, мёд, сала, хлеб уласнай выпечкі, кавуны і вінаград, салаты. І ўсё шчодра «прыпраўленае» усмешкамі і ветлівасцю гаспадароў.
Настолькі разнастайнымі аказаліся таленты маладых сем’яў, настолькі яркім і творчым было кожнае выступленне, што зусім няпростым стаў момант, калі трэба было вызначыць лепшага з лепшых.
Журы ў складзе Н. А. Масквічовай, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Н. Г. Кісялевіч, яе намесніка, А. Г. Татарчук, галоўнага спецыяліста аддзела, А. У. Зуй, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, В. В. Бацьянавай, старшыні грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і С. Дамброўскай, выконваючы абавязкі першага сакратара БРСМ, давялося рабіць няпросты выбар.
У выніку кожная сям’я адзначана ў пэўнай намінацыі. Званне «Уладар сядзібы» заваявалі Аляксандр і Жанна Дадзека. «Уладаром бульбы» сталі Юрый і Валянціна Жук з Лявонішана. Званне «Уладара сякеры» аднагалосна прысуджана каханавіцкай сям’і Аляксея і Таццяны Цыра. Самай «Сучаснай сям’ёй» прызнаны Дзмітрый і Таццяна Заталокіны (аграгарадок Асвея). Мікалай і Вольга Вільчынскія з Боркавіч адзначаны ў намінацыі «Шчодры гаспадар», а Уладзімір і Наталля Уліновіч — » Моц і прыгажосць». Усе сем’і атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі, а шчырыя апладысменты прысутных сталі прыемным да іх дапаўненнем.
І вось ён, той момант, дзеля якога і ладзілася гэтае мерапрыемства. Пачэснае званне «Уладар сяла» прысуджана сям’і Аляксандра і Ніны Смулько з Бігосава.
Віншуем пераможцаў і жадаем ім поспеху на абласным этапе спаборніцтваў.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *