На крыжовых шляхах

Духовность

Асвея.
Царква ў імя Перамянення Панскага паўстала на базарнай плошчы Асвеі ў 1881 г. Яна была пабудавана з цэглы. Гэта быў твор архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, які ўяўляў сабою крыжовы ў плане пяцікупальны храм. Галоўны і бакавыя фасады завяршаліся трохвугольнымі франтонамі. Пабудовы пры царкве былі ўласныя, драўляныя і старыя.


У 1884 г. настаяцелем царквы быў 66-гадовы протаіерэй Андрэй Альбіцкі, які быў членам Благачыннага Савета і меў нагрудны крыж. Яго памочнікам быў 24-гадовы святар Якаў Жыглевіч. У храме былі два псаломшчыкі: 42-гадовы Ілля Аўсянка і 68-гадовы Фёдар Рыбачэнка.
Царква мела ў сваім валоданні 76 дзесяцін зямлі, 42 з якіх аддаваліся ў арэнду за 50 — 70 рублёў гадавых. Прыход быў людны: да царквы былі прыпісаны 4585 прыхажан (2324 — мужч., 2261 — жанч.).
У 1909 г. службы спраўлялі святары Фоцій Васільевіч Садоўскі і Сімяон Антонавіч Фалюцінскі.
Захаваліся звесткі і пра асвейскіх святароў савецкага часу.
Пётр Іосіфавіч Малей нарадзіўся ў 1890 г. ў в. Юралава. З 1915 г. ён служыў псаломшчыкам у Межаўскай царкве на Расоншчыне, з 1928 г. — святаром у Зябках. У Асвею быў пераведзены ў верасні 1932 г. Жыў святар у Верхнім Дзегцярове паблізу Сар’і. Служыць у Асвейскім храме давялося нядоўга, бо тут ім заняліся «органы». 20 студзеня 1933 г. П.Малей быў арыштаваны, а 3 сакавіка таго ж года прыгавораны да расстрэлу.
Максім Сільвестравіч Зубар пачаў святарыць у Асвеі ў 28-гадовым узросце ў 1929 г. 8 студзеня 1933 г. ён быў асуджаны да трох гадоў высылкі ў Сібір. Далейшы лёс святара невядомы.
Іван Васільевіч Васютовіч прыйшоў да алтара пасля сваіх асуджаных папярэднікаў у 1933 г. 6 лістапада 1937 г. 75-гадовы святар быў арыштаваны і 22 лістапада асуджаны да «выпраўлення» у лагеры тэрмінам на 10 год. Далейшы лёс І.Васютовіча таксама невядомы.
Асвейскі храм быў пазбаўлены каштоўнасцяў яшчэ ў 1922 г., а пасля высылкі апошняга бацюшкі быў зусім разрабаваны і разбураны. Захаваўся пералік каштоўнасцяў, вывезеных з храма ў 1922 г. Канфіскацыю праводзілі нейкі Панамароў і агент крымінальнага вышуку з Дрысы Кабяка. Пры акцыі прысутнічаў настаяцель Антоній Севасцееў. У акце адабрання запісаны:
1.Евангелле з верхняй срэбнай дошкай з выявай Уваскрэсення Хрыстовага, па кутах 4 евангелісты, на ніжнім баку срэбная зорка, падстаўкі з засцежкамі.
2. Іконы Багамацеры і Хрыста Збаўцы — абедзве даўжынёй два з чвэрцю аршыны, шырынёй — 1,3, на іх рызы з бяспробнага срэбра, на галовах Багамацеры і дзіцяці гэткія ж кароны, на галаве Хрыста — залачоная, на складках прасвечвае чырвоная медзь.
3. Чанстахоўская Багамаці з дзіцем за срэбнаю рызай, а дзіця — за срэбна-пазалочанымі каронамі ў драўлянай разной працы рамцы — даўжыня два з паловай аршыны, шырыня — 1,14 аршын.
4. Абраз Багамацеры ў срэбнай рызе ў кіёце за шклом, даўжыня 4 вяршкі, шырыня — 3 вяршкі.
5. Крыж з маляўнічай выявай распяцця Збаўцы. Шырыня 2 аршыны, пазалочаны.
6. Вынасны крыж разной працы пазалочаны, на ім на адным баку — Ператварэнне, на другім баку — Багамаці.
7. Крыж напрастольны срэбны.
8. Крыж вызалачаны з срэбным ззяннем і накладным распяццем з эмаллю вагой 1,38 фунта.
9. Крыж срэбны з распяццем.
Разбурэнне асвейскай белакаменнай прыгажуні было давершана нямецкай бамбёжкай падчас карнай экспедыцыі «Зімовае чараўніцтва» зімою 1943 г. Пасляваенным часам на месцы былога храма быў насыпаны Курган, пад якім пахаваны попел спаленых вёсак Асвейшчыны. Пры гэтым бульдозерамі была зрэзана частка былога пагосту, і пасля ліўняў з зямлі праглядаліся чалавечыя косці.
Зараз курган з чорным гранітным абеліскам на вяршыні з’яўляецца галоўным архітэктурна-пейзажным акцэнтам Асвеі, які пазначае цэнтр пасёлка. Выказваліся меркаванні аб аднаўленні царквы на старым месцы, што запатрабавала б пераносу помніка. Драўляная сіняя цэркаўка прытулілася ля ўзножжа Кургана. Думаецца, што храм мог бы прысуседзіцца да абеліска і на вяршыні ўзгорка.
Асвейскі востраў
Паводле літаратурных звестак, у 16-м стагоддзі на востраве Асвейскага возера існавала царква Раства Багародзіцы. У Дагаворы паміж Расіяй і Вялікім Княствам Літоўскім (Метрыкі Літ., ч. 1-я, пар. 190) ёсць запіс: «У паўночна-заходняй частцы возера ёсць вялікі востраў, які па старажытных вопісах называўся Ду, з вёскай на 14 двароў (раней было сяло з царквой Раства Багародзіцы)».
Наконт назвы вострава запіс спрэчны, вёска ж Востраў існавала да 1970 г. А месцам, дзе стаяла царква, даследчыкі лічаць вяршыню ўзгорка паблізу былой вёскі. Адчувальныя натуры сцвярджаюць, што калі прыкласціся вухам да зямлі на тым узгорку, то пачуеш падзямельны звон…

Антон БУБАЛА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *