На крыжовых шляхах

Духовность

Валынцы


Забельская царква Успення Прасвятой Багародзіцы ў Валынцах была пабудавана ў 1838 г. Па статыстычных звестках 1884 г. яна была «штатная, драўляная, цесная, зусім драхлая». Прыхаджан налічвалася 2032 чалавекі (1032 — мужч., 1000 — жанч.). Святаром быў 41-гадовы Апанас Аглоблін, ён меў набедранік. Псаломшчыкам служыў 34-гадовы Якаў Чараванскі, які пачаў служыць у царкве 15-гадовым юнаком.
Царква мела 39 дзесяцін зямлі, за арэнду якой прычт атрымліваў 290 рублёў на год. Акрамя гэтага, прычту належыў у мястэчку Валынцы драўляны дом з жыллём і лаўкамі, за арэнду якіх атрымлівалі гэткі ж даход, як і за зямлю.
У 1893 г. па праекце Веньяміна Веньямінавіча Пакроўскага (1839 — 1891) была пабудавана новая царква, разабраная ў 1936 г. на будаўніцтва школы. Былы верхнядзвінскі мастак Андрэй Утарушын у артыкуле «Мураваная казка Веньяміна Пакроўскага» даў падрабязнае апісанне гэтага страчанага храма: «З дакументаў 1920 — 1930 гадоў можна даведацца аб надворным і ўнутраным убранстве царквы. План яе нагадваў крыж. Сцены складзены з чырвонай цэглы. Бляшаны дах быў пафарбаваны. Крыжова-купальная кампазіцыя храма аб’яднана стройным шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Абапал шатра рытмічна паўстаюць невялічкія галоўкі, прытуленыя да цела шатра, як немаўляты да маці. Дарэчы, менавіта шатровае завяршэнне цэнтральнага барабана надае рашучы вертыкалізм царкве. Галоўны фасад збудавання аздоблены сціплым, але неабходным дэкорам. Так, сцены цвінтарнай часткі ўпрыгожаны нішамі з бар’ерчыкамі, якія ідуць у два ярусы па абодва бакі высокага арачнага партала з неглыбокай унутранай перспектывай. Галоўныя вокны акружаны складаным карнізам. Над вокнамі заходняга фасаду выступаў крыты бабінец з паўкруглымі нішамі. Гарманічнае спалучэнне аб’ёмаў, формы і дэкору надавалі будынку лёгкасць, асаблівую выразнасць, зладжаную прыгажосць у краявідзе мястэчка. Такімі ж рысамі вылучаўся і інтэр’ер царквы, упрыгожаны мноствам ікон. Алтарная частка была перагароджана драўляным іканастасам з выявамі Хрыста і Божай Маці. Прастора інтэр’ера асвятлялася пяццю вісячымі лампадамі і прысценнымі падсвечнікамі. Падлога была пакрыта дарожкай з сукна. У інтэр’еры меліся драўляныя лесвіцы, якія, магчыма, вялі да звана пад шатром».
У 1909 г. святаром у Валынецкай царкве быў Андрэй Пятровіч Гусарэвіч, у 1914 — Аляксей Сцяпанавіч Жданаў. Ёсць некаторыя звесткі і пра святара Івана Іванавіча Даўгялу. Ён нарадзіўся ў 1870 г. ў Казьянах на Гарадоччыне. З паслужных спісаў вядома, што І.І.Даўгяла быў псаломшчыкам у Дрысе, Махірове (на Полаччыне), Забелах (Валынцы), Краслаўцы (Латвія). У святарскім сане быў з 1889 г. Шэсць гадоў служыў штатным дыяканам у Веліжы і Лепелі. З 1906 г. служыў святаром у царкве в. Заполле Суражскага раёна. 17 мая 1928 г. быў арыштаваны і 8 кастрычніка таго ж году прыгавораны да высылкі на тры гады. Далейшы лёс І.І.Даўгялы невядомы.
А. Бубала.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *