Поўняцца хлебам засекі

Актуально Общество

У жнівеньскі прыпар застаць дырэктара Верхнядзвінскага ўчастка хлебапрадуктаў А. Д. Конанава ў кабінеце — справа, лічы, безнадзейная: хапае яму клопатаў на тэрыторыі, дзе кіпіць работа. Але на гэты раз мы ўбачылі Анатоля Дзмітрыевіча за сталом. Абклаўшыся паперамі, ён засяроджана плюсаваў лічбы:

У час канікулаў працуе на ўчастку студэнтка Полацкага дзяржуніверсітэта Л. Кішковіч.

-Заўтра трэба ехаць на Полацкі камбінат, наша галаўное прадпрыемства, трымаць справаздачу аб зробленым.
-А ёсць чым пахваліцца?
-На сённяшні дзень прынялі 2200 тон збожжа пры сезонным заданні 9433. У тым ліку — 9 тысяч тон харчовай пшаніцы, па 100 тон жыта і ячменю, 200 — аўсу і 30 тон грачыхі. Пакуль, дзякуй Богу, справы ладзяцца.

Навучэцец Віцебскага тэхналагічнага каледжа С. Іваноў кантралюе разгрузку машын.

У гэтым мы пераканаліся, азнаёміўшыся з работай усіх участкаў прадпрыемства. Чоткі рытм, дзелавітасць, нацэленасць калектыву на канчатковы вынік. Зразумела, тут загадзя падрыхтаваліся да сезону. Збожжасховішчы прадэзінфіцыраваны і пабелены, механізмы адладжаны. Нездарма дзяржкамісія, якая прымала ўчастак у чэрвені, выставіла адзнаку «добра».
Такой жа адзнакі, бясспрэчна, заслугоўвае работа слесараў У. У. Корбута, Д. Ф. Бялея, падсобных рабочых А. М. Пацалуенка і А. В.Ганчаронка. Менавіта яны прыклалі шмат намаганняў, каб прымусіць састарэлую тэхнічна і маральна тэхніку працаваць як след.
Сёлета першыя тоны залацістага зерня паступілі на ўчастак з ЧПУП «Вужыца-Агра». Не замарудзілі заявіць аб сабе і хлебаробы адкрытых акцыянерных таварыстваў «Сакалоўшчына», «Прудзінкі». Праўда, апошняя гаспадарка карыстаецца таксама магчымасцю адпраўляць дарункі збожжавай нівы прама ў Полацк.
Раніцай таго дня, калі мы наведалі ўчастак, паступілі ўжо заяўкі на прыёмку новай партыі ўраджаю. ААТ «Баліны» гатова даставіць 400 тон зерня, столькі ж — ЧПУП «Вужыца-Агра», а вось ААТ «Прудзінкі» — на 100 тон больш.
Адметна, што збожжа паступае якаснае, трэцяга класа, амаль з усіх сельгаспрадпрыемстваў. Асобна А. Д. Конанаў адзначае СП «Верхнядзвінскі»:
-Гэта гаспадарка зрабіла вялікі крок наперад, пастаўляе ідэальнай чысціні матэрыял.

Ніводная машына з зернем не абміне М. К. Карнавухаву, бо Марына Канстанцінаўна - вагаўшчыца.

Задаволены дырэктар і работай ЧПУП «Вужыца-Агра»:
-Другі год запар атрымліваем адтуль толькі сухое зерне. Раней жа малюнак быў зусім іншым.
Некалькі замінае рабоце недахоп аўтатранспарту. Сваіх машын участак не мае. Паводле рашэння абласнога выканаўчага камітэта «Аблаграсервіс» павінен быў выдзеліць сем машын, атрымана толькі чатыры. «Аблаўтатранс» «азадачаны» на 9 адзінак тэхнікі, але ўсе яны накіраваны прама ў Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. Праўда, галаўное прадпрыемства дапамагае транспартам па меры магчымасці.
-Анатоль Дзмітрыевіч, у ранейшыя гады на адвозцы збожжа былі задзейнічаны так званыя прыватнікі…
-Застаўся толькі адзін — Г. С. Вярыга.
-А дзе астатнія?
-Хто ўладкаваўся на пастаянную работу, хто прадаў сваю чатырохколую «карміцельку». А іх дапамога была б дарэчы.
Калектыў участка невялікі, і на час жніва даводзіцца наймаць часовых работнікаў. Чацверты сезон запар дапамаге штатнай лабарантцы Л. П. Конанавай студэнтка Полацкага дзяржуніверсітэта Людміла Кішковіч, а чацверакурснік Віцебскага тэхналагічнага каледжа Сяргей Іваноў толькі знаёміцца са спецыяльнасцю машыніста аўтамабілеразгрушчыка. І яны будуць вельмі задаволены, калі побач пачнуць працаваць равеснікі, якія проста вабяць час летніх канікулаў. Дарэчы, за месяц тут можна зарабіць не менш трох мільёнаў рублёў. Неслабы дадатак да стыпендыі! Праўда, рабочы дзень доўжыцца з 8 раніцы да 20 вечара.
…Нельга сцвярджаць, што работнікі ўчастка пляскаюць у далоні ад задавальнення сваім становішчам.

Паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі падсобны рабочы А. Э. Койра.

-Пра нас успамінаюць толькі напярэдадні ўборкі, — сумна зазначае А. Д. Конанаў. — Між тым хлебапрыёмны ўчастак — не апошняя спіца ў коле.
Тэхнічнай аснашчанасці ўчастка маглі б пазайздросціць хіба продкі сённяшніх дзядуль. Усе сушылкі даўно зжылі свой век. Сёлета замігцела было надзея на мантаж дзвюх вежаў для захоўвання зерня з рэгулюемым тэмпературным рэжымам, іншымі сучаснымі «наваротамі». Мясцовыя майстры зрэзалі металічны хлам, падрыхтавалі пляцоўку для навінак. Былі праведзены і вышукальныя работы. Аднак у Мінску праект не зацвердзілі.
І ў каго, акрамя тых, хто абавязаны захаваць хлеб, баліць па гэтай прычыне галава?
Мікалай АРЛОЎ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *