1812 год на Верхнядзвіншчыне

Наш край

А над ракой Дрысаю бялее стэла з мармуровай дошкай, на якой старарускім шрыфтам нанесены вершаваныя радкі вядомага рускага паэта В.Жукоўскага.


Бой на рацэ Свольне. Палкаводзец Вітгенштэйн
Граф Вітгенштэйн не траціў пільнасці і ўсё гэтак жа актыўна адсякаў усе далейшыя спробы французаў рэалізаваць апошнія магчымасці прабіцца на Піцер. Дрысенскі павет стаў неадольнай заслонай для агрэсара на шляху да мэты.
Імклівыя бойкі супраціўнікаў успыхвалі пад Філіповам, у Лазоўцы, пад Каханавічамі і ў іншых месцах. Французы хацелі ўшчаміцца паміж вялікімі дарогамі і прайсці на поўнач праз Асвею. У тыя часы існаваў бальшак ад Дзісны праз Валынцы і Каханавічы, і Удзіно вырашыў скарыстаць яго для прарыву на Піцер. Апошняя спроба французаў ажыццявіць свой план дэталёва апісана ў «Дарожных нататках» даследчыка Л.Л.Драке, які прайшоў слядамі баёў на Свольне ў 1912 годзе, праз сто гадоў пасля напалеонаўскага нашэсця.
Гэта падзея недастаткова асвятлялася ў друку, таму мы разгледзім яе падрабязней.
Мясціна, на якой адбываўся бой ля р. Свольны, знаходзіцца на поўнач ад дугі, якую апісвае рака паміж вёскамі Галубава і Пользіна. Здалёк на поле бітвы амаль дакладна ўказвае жалезная вышка — «маяк» сярод шырокіх бязлюдных палёў. «Апошняй з магікан» тут засталася невялічкая вёска Зара, што прытулілася да ракі за пару кіламетраў на поўнач ад Сакалоўшчыны.
Па колькасці войскаў абодвух бакоў, якія фактычна ўдзельнічалі ў баі 30 ліпеня, ён быў параўнаўча нязначны і адбываўся, галоўным чынам, каля дзвюх перапраў цераз Свольну — ля мызы Свольна (зараз вёска Зара) і паблізу в. Востры Канец (перастала існаваць у 1982 годзе; апошнія 20 год мела назву Рачная), якія знаходзіліся адна ад другой амаль на дзве вярсты, аднак справа гэта, цалкам паспяховая для рускіх войскаў па дасягнутых імі выніках, мела важным наступствам адступленне пераважнага па сілах корпуса маршала Удзіно за р. Дрысу к Полацку, нягледзячы на тое, што ў дзень бою, усяго за палову перахода ад Свольны, стаяў у бяздзеянні каля мястэчка Валынец (зараз Валынцы) цэлы корпус Сен Сіра, прысланы Напалеонам з-пад Віцебска і падпарадкаваны маршалу Удзіно.
Варта адзначыць, што поспеху, які атрымалі войскі 1-га (асобнага) корпуса графа Вітгенштэйна, у значнай ступені садзейнічалі, па-першае, слабая асвядомленасць праціўніка аб сілах рускіх войскаў, якія наступалі на мястэчка Каханавічы і затым на Свольну, і, па-другое, дзіўнае размяшчэнне перадавых войскаў корпуса Удзіно, адкінутых ад Каханавічаў да ракі Свольны, якія занялі пазіцыі на правым беразе яе, тады як галоўныя сілы гэтага корпуса сталі на моцных пазіцыях левага берага ракі, праз якую, як сказана вышэй, былі на гэтым працягу толькі два масты — ля мызы Свольна і вёскі Востры Канец.
Падзеі развіваліся наступным чынам. Пасля бітвы 1 жніўня пры Галоўчыцах корпус маршала Удзіно адступіў за Дрысу к Полацку, дзе 6-га чысла злучыўся з корпусам Сен Сіра, а войскі 1-га корпуса графа Вітгенштэйна прасунуліся спачатку да Сакалішча, пакінуўшы авангард ля Баяршчыны, а затым к 8-му чыслу адыйшлі да Расіцы, высунуўшы авангард к Пакаёўцам і асобны атрад у напрамку Валынцаў.
Пакутуючы ад раны ў скронь, атрыманай у бітве пры Галоўчыцах, граф Вітгенштэйн выехаў у Асвею, перадаўшы часовае камандаванне войскамі корпуса свайму начальніку штаба генералу Даўрэ з указаннем пачаць наступальныя дзеянні ў напрамку на Каханавічы, куды войскі корпуса і пачалі рухацца 10 жніўня. У той жа час і маршал Удзіно, вырашыўшы пачаць наступленне к Свольне, накіраваў войскі свайго корпуса таксама да Каханавічаў; корпус жа Сен Сіра, перайшоўшы Дрысу, спыніўся каля Валынцаў.
Антон Бубала,
навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *