1812 ГОД НА ВЕРХНЯДЗВІНШЧЫНЕ

Наш край

  (Пачатак у № 49).

На паўночным напрамку. Надзейны заслон

На поўнач ад галоўнага — Маскоўскага — напрамку рухаліся два асобныя корпусы агрэсара: маршала Удзіно — з мэтай ісці на Пецярбург — і маршала Макдональда, якому ставілася задача ўзяць Рыгу, а пасля садзейнічаць Удзіно, злучыўшыся з яго корпусам. У войску Макдональда было 32 тысячы прусакоў і немцаў. У корпусе Удзіно налічвалася 28 тысяч штыкоў. Акрамя таго, патрабавалася наладзіць пастаўкі ў галоўную армію правіянту і фуража.
Французам супрацьстаяў 1-ы пяхотны корпус генерал-лейтэнанта Вітгенштэйна, спецыяльна выдзелены Барклаем пасля ваеннай рады ў Бялькоўшчыне для прыкрыцця Пецярбурга. Акрамя таго, рыжскі генерал-губернатар Эсен меў у сваім распараджэнні гарнізон да 18 тысяч салдат. Корпус Вітгенштэйна быў нашмат слабей за любы з двух корпусаў праціўніка і не здолеў бы выстаяць супраць іх аб’яднаных сіл. Аднак французы дзейнічалі паасобку.
Акрамя таго, на іх шляху стаяла вялікая водная перашкода — рака Заходняя Дзвіна. Удзіно паспрабаваў пераправіцца праз Дзвіну ў Дынабургу (зараз Даўгаўпілс), адкуль ішоў тракт на Пецярбург, але не здолеў пераадолець супраціўлення гарнізона і пайшоў уверх па цячэнні з намерам пераправіцца ў створы іншых шляхоў на Піцер.
Тым часам ваенны губернатар Рыгі спаліў прадмесці і запёрся ў горадзе з моцным гарнізонам. Чакаючы асадную артылерыю з Усходняй Прусіі, Макдональд не траціў сілы на штурм. Прусакі наогул не імкнуліся да актыўных дзеянняў у чужой для іх вайне, але калі сітуацыя пагражала «гонару прускай зброі», біліся моцна і неаднойчы адбівалі вылазкі з Рыгі рускіх, прыносячы ім вялікія страты.
Макдональд рушыў на дапамогу Удзіно і 5 жніўня захапіў пакінуты ўсімі Дынабург. Аднак Удзіно ўжо быў далёка адсюль. Макдональду ж не ставілася задача пакідаць дзвінскія берагі.
Іншыя шляхі, якімі Удзіно мог рухацца на паўночную сталіцу, праходзілі праз Друю або Полацк. Самы кароткі — Друйскі — тракт па тэрыторыі Дрысенскага павета праходзіў ад Прыдруйска (цяпер Піедруя ў Латвіі) праз Юльянова, Спругі, Расіцу, Пустэльнікі, Савейкі і далей на Палішчына (Шкяўнэ) і Себеж.
Спроба рушыць Друйскім трактам была рашуча адсечана славутым генералам Кульневым, які ўзначальваў пяцітысячны кавалерыйскі атрад у складзе корпуса Вітгенштэйна. Атраду Кульнева нязменна даручалася самая складаная задача — дзейнічаць у авангардзе або ар’ергардзе, першым атакаваць і апошнім адыходзіць. Умела дзейнічаючы супраць французаў, Кульнеў нанёс ім шэраг адчувальных паражэнняў.
Граф Вітгенштэйн, жадаючы атрымаць дакладныя звесткі аб сілах і намерах праціўніка, які хаваўся за вышынямі ля Друі, загадаў уначы з 14 на 15 ліпеня аднавіць мост насупраць горада і даручыў Кульневу правесці на наступны дзень узмоцненую рэкагнасцыроўку, а для падтрымкі яго дзеянняў высунуў частку свайго корпуса да Прыдруйска. 15 ліпеня са сваім авнгардам Кульнеў перайшоў Дзвіну і выслаў наперад казакаў, якія не толькі выбілі французаў з Друі, але і зладзілі паспяховы кідок на 15 вёрст углыб варожых пазіцый. У гэтай удалай кавалерыйскай аперацыі рускія страцілі 12 чалавек забітымі і 63 параненых. Французы страцілі да 300 чалавек, не лічачы 144 палонных, і ў іх ліку брыгаднага генерала Сен-Жэнье.
Антон Бубала,
навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.
(Працяг будзе). 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *