У пераможцаў – спартыўны дух

Спорт

З вялікім напалам прайшлі ў раёне вучнёўскія спаборніцтвы па летняму шматбор’ю «Здароўе», якія адбыліся ў рамках аднайменнай дзяржаўнай фізкультурна-аздараўляльнай праграмы Рэспублікі Беларусь.

Зборныя каманды школ склалі лепшыя спартсмены — па два прадстаўнікі ад кожнага класа — пачынаючы з пятага і па адзінаццаты. Яны сапернічалі ў бегу на 30 метраў, стральбе з пнеўматычнай зброі, скачках у даўжыню з месца. Яшчэ юнакі падцягваліся на высокай перакладзіне, а дзяўчаты дэманстравалі сваю фізічную падрыхтоўку ў практыкаваннях на большую колькасць адцісканняў ад зямлі. І ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў змагаліся за лепшы вынік у бегу на доўгую дыстанцыю ў залежнасці ад узросту — на 1500 ці 3000 метраў.
-Як бачна, праграма была складанай, патрабавала ад удзельнікаў добрай фізічнай формы і згуртаванага каманднага духу, — зазначыў галоўны суддзя спаборніцтваў, метадыст аддзела адукацыі райвыканкама У. А. Язерскі. — Сапернікі былі вартыя адзін аднаго, таму барацьба на ўсіх этапах спаборніцтваў ішла ўпартая.
Большую колькасць ачкоў (2176) сярод гарадскіх каманд набралі спартсмены гімназіі і сталі лідарамі спаборніцтваў. На другім месцы каманда СШ № 2 (1963), на трэцім — СШ № 1 (1801). Прызёрамі сярод сельскіх каманд сталі прадстаўнікі Валынецкай СШ (1709 ачкоў), Сар’янскай СШ (1699) і Каханавіцкай СШ (1532).
Усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі свой спартыўны бонус у выглядзе падтрымкі здароўя і добрага настрою.
Л. ФЁДАРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *