Задача дня — сеяць

Актуально Экономика

Земляробы стараюцца «ухапіць» кожную пагодную хвіліну, бо спрыяльны для пасяўной час заканчваецца.


-У нас не прастойвае ні адна адзінка тэхнікі, — зазначае галоўны аграном СП «Каханавічы» П. П. Лубачкін. — Пачалі сеяць яравы рапс. З запланаваных 400 гектараў засеялі пакуль толькі 30. У гэтым годзе ён увесь будзе нямецкага сорту «Сальса». З гэтай работай спраўляюцца на 3-х мятровых «Лемкенах» І. Сушчэвіч і Я. Ісакаў, а на АПП-6 — С. Ашарын.
З-за пераўвільготненай глебы тэхніка часам выходзіць са строю, ды і гэта не дзіва, бо на некаторыя палеткі немагчыма нават заехаць, не тое што працаваць. Рамантуюць яе ў мехмайстэрнях.
Механізатары забяспечаны спецадзеннем і сродкамі аховы, двухразовым харчаваннем. Хапае і паліва.
Акрамя таго, сёлета трэба пасеяць 1380 гектараў яравых зерневых і зернебабовых. На сённяшні дзень засеяна 370.
Ва ўрочышчы Слабодка сяўбой яравой пшаніцы заняты на АПП-6 І. Жук. Бесперабойную дастаўку элітнага насення сотру «Рассвет» забяспечвае на МАЗе Я. Літвінаў.
Нягледзячы на няўстойлівае надвор’е, вядуцца падсеў і падкормка шматгадовых траў. З гэтым спраўляецца звяно ў складзе І. Рудой, В. Андрушонка і Д. Парфянёнка. Унясеннем мінеральных угнаенняў пад яравы рапс заняты С. Юр’еў (на падвозцы), а таксама А. Латышаў і А. Сівоха (на РДУ).
Дзве «Расы» заняты на хімпраполцы і комплекснай апрацоўцы раслін ад хвароб. Іх работу забяспечваюць В. Пільнік і В. Аднапол, Я. Дабраедаў і А. Юрчанка. На сеялках СПУ-6 на падсеве шматгадовых траў задзейнічаны П. Сівоха і М. Казьянін. Унясеннем мінеральных угнаенняў займаюцца таксама А. Гушчык, Ю. Чарвінскі, Р. Буряк і С. Буряк.
Дапамогу людзьмі і тэхнікай гаспадарцы аказвае райаграсервіс. Зараз мехатрад заняты на раскідванні арганікі на палеткі, дзе плануецца пасадзіць кукурузу. «Нафтан» выдзеліў тры адзінкі тэхнікі — МТЗ-15-21 і два МТЗ-82.
Анна ЗІМАЦКАЯ. 



6 комментариев по теме “Задача дня — сеяць

  1. Яскравы фотаздымак да артыкула, шмат пра што гаворыць: і пра тое, як не прастойвае ні адна адзінка тэхнікі; і выразна пра тое, як забяспечаны спецадзеннем; і пра тое, хто колькі разоў харчуецца. (выбачайце за іронію)

  2. Трэба ведаць, што спецадзенне і сродкі аховы абавязковыя падчас правядзення пэуных відау работ, як пратрауліванне насення, а сейбітау у масках мы яшчэ не бачылі. Тое, што людзі выйшлі з трактара, каб сфатаграфацца для газеты, назваць прастоем можа толькі чалавек з вельмі хваравітым успрыманнем рэчаіснасці І гэта абсалютна пацвярджае каментарый аб тым, што аб якасці харчавання апанент мяркуе па фігурах людзей.На сяубе кормяць якасна, смачна, уволю і амаль што задарма.Калі ужо вам так хочацца меркаваць аб усім, што ведаеце і не ведаеце, дык хоць высветліце спачатку факты.

  3. Кастусю: Адчуваецца, што Кастусь зайздросціць тым, чые фотаздымкі змяшчаюць на старонках газет!))))

  4. Аутар, не думаў я, што так хваравіта Вамі будзе ўспрынятая мая іронія, а таму яшчэ раз прашу прабачэння, а таксама мушу Вам выказаць словы падзякі за выстаўлены мне дыягназ. Як бачыце, сярод вашых чытачоў людзі з рознымі поглядамі і ўспрыманнем. Спадзяюся, што да кожнага з іх вы ставіцеся з аднолькавай павагай.
    Дзякуй кухаркам, што для людзей вёскі гатуюць якасна і смачна, няма ў мяне сумневу, што менавіта так і ёсць на самой справе. Гэта ж цудоўна, што харчаванне амаль што дармавое, але ўжо калі даводзіце гэты факт, то і распавядзіце пра тое, дзе тая кішэня, адкуль гаспадаркі бяруць грошы на бясплатнае харчаванне, няўжо з прыбытку?
    Ну а спецадзенне, гэта норма інструкцыі па ахове працы, якую трэба выконваць заўсёды, незалежна ад відаў работ, ці то ты квіткі ў аўтобусе прадаеш, ці то вуліцы мяцеш.

    Алена Пятроўна, дзякую Вам за ўвагу ў мой бок, Вы, гэта відавочна, як чалавек чуткі, досыць добра разбіраецеся ў людзях, а таму, па-добраму, зайздрошчу таксама і Вам.

  5. Да меркавання пра кішэню: няўжо наша сельская гаспадарка не здольна накарміць сваіх працаўнікоў? Між іншым, неяк Кастусь наракаў на недастатковае ўжыванне беларускай мовы.Прыемна заўважыць, што ўсё больш разважанняў з’яўляецца менавіта на роднай мове.А вы пра спецадзенне…

  6. Віткторыя, я ня ведаю, магчыма сельская гаспадарка і здольная накарміць трактарыстаў. )))
    А тое, што Мова ў каментарах, як пралескі на святло прабіваецца, гэта насамрэч прыемна. Застаецца толькі спадзявацца, што і ў артыкулах яна будзе ўжывацца ўсё часцей.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *