У Верхнядзвінску адбыўся пленум райсавета ветэранаў, прысвечаны 25-годдзю арганізацыі

Актуально Общество

У. А. Цацоха і Р. Я. Рыц успамінаюць мінулыя дні.

 

Урачыстае пасяджэнне пленума раённага савета ветэранаў было прысвечана 25-годдзю стварэння арганізацыі. Аб яе станаўленні, паўсядзённай дзейнасці расказаў у сваім дакладзе старшыня савета М. Я. Дабранаў. У прыватнасці ён адзначыў, што ў раёне пражывае звыш 6 тысяч ветэранаў вайны і працы, Узброенных Сіл і праваахоўных органаў, у тым ліку 112 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Людзі сталага ўзросту не застаюцца ў баку ад грамадскага жыцця. 43 з іх ліку выбраны дэпутатамі мясцовых саветаў, 4 — членамі сельвыканкамаў, 79 з’яўляюцца членамі вулічных камітэтаў і старэйшынамі вёсак. Невычэрпная энергія людзей, за плячыма якіх многія гады плённай працы, праяўляецца ў дзейнасці клуба «Ветэран». Выставы народных промыслаў, кулінарных вырабаў, садаводаў і агароднікаў, сустрэчы з цікавымі землякамі — далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, якія ўваходзяць у рэпертуар клуба. А хор «Надзея» славіцца далёка за межамі раёна.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне І. Г. Бальшой падкрэсліў у сваім выступленні, што дзяржава паслядоўна падтрымлівае ветэранаў вайны і працы. Супрацоўнікі ўпраўлення штогод праводзяць абследванне ўмоў жыцця і побыту пенсіянераў, уважліва выслухоўваюць іх прапановы і заўвагі, імкнуцца аказаць магчымую дапамогу. Летась пажылым людзям было выплачана 2 млн рублёў для жыццёвых патрэб, звыш 30 млн — для аздараўлення. Усе інваліды забяспечаны каляскамі.
Першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Дзенісёнак адзначыла неацэнны ўклад ветэранаў у патрыятычнае выхаванне моладзі: «Вашы расповеды аб гераічным мінулым краіны не заменяць ніякія кінафільмы». Юнакі і дзяўчаты раёна шэфствуюць над помнікамі і месцамі пахавання загінуўшых у гады вайны, аказваюць дапамогу пажылым людзям у апрацоўцы агародаў. Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны — ганаровыя госці пры ўручэнні білетаў членаў рэспубліканскага саюза моладзі.
Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ «Антонава-Агра» В. Я. Сяргушка паведаміў, што не зусім весела жывецца людзям, якім за 70 і 80 гадоў. Застаючыся вернымі сваёй малой радзіме, яны ў адзіноце чакаюць прыезду аўтакрамы або прыходу паштальёна, які прынясе раённую газету. Здараюцца і зусім крыўдныя сітуацыі. Напрыклад, муж і жонка Антановічы цяжка хворыя, як гавораць, ляжачыя. Дачка забрала маці да сябе ў Бабруйск, а бацьку спрабавала змясціць у Валынецкую бальніцу. Не атрымалася, бо месяцы два назад Міністэрства аховы здароўя выдала інструкцыю, згодна якой за месяц знаходжання ва ўстанове сястрынскага догляду трэба плаціць 3 млн рублёў. А зарплата ў жанчыны — каля мільёна.
Намеснік старшыні райвыканкама У. Я. Якаўлеў удакладніў, што ў нашым раёне знаходжанне на «сацыяльным ложку» абыходзіцца ў 90% пенсіі.
Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі масласырзавода В. М. Мядзюта паведаміла, што адміністрацыя прадпрыемства заўсёды клапоціцца аб сваіх ветэранах. Былыя работнікі прадпрыемства запрашаюцца на ўсе святочныя мерапрыемствы, атрымліваюць віншаванні і падарункі да знамянальных дат.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У. У. Быкаў падкрэсліў у сваім выступленні актыўную ролю людзей старэйшых пакаленняў ў грамадскім жыцці, пажадаў усім здароўя і дабрабыту. Ён паведаміў, што Ганаровай граматай райвыканкама за ўдзел у ветэранскім руху ўзнагароджана А. І. Бурэц, уручыў падзячныя пісьмы старшыні раённага выканаўчага камітэта П. Я. Баярыну, У. У. Дашчонку, З. А. Машак.
Жыхар вёскі Яніна А. І. Мядзюта прачытаў верш, напісаны спецыяльна да 25-годдзя ветэранскай арганізацыі.
Аляксандр Іванавіч узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама. Член пярвічнай арганізацыі ветэранаў СП «Дрысенскі» Генадзь Купрыянавіч Кухаронак заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на пакаленне, якое называецца «дзеці вайны». У свой час ім давялося цягаць на сабе плугі, бо бацькі, якія абаранялі радзіму, ляжалі ў зямлі. Яшчэ Генадзь Купрыянавіч падзякаваў дырэктару СП «Дрысенскі» В. І. Губанаву за ўвагу і клопат аб ветэранах.
У рабоце пленума прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Н. Г. Кісялевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі А. В. Шыпіла, старшыня раённага аддзялення Фонду міру А. Г. Татарчук, старшыня абласнога саюза наймальнікаў А. Г. Кавалёў, намеснік старшыні абласной ветэранскай арганізацыі У. А. Цацоха, які выступіў з прамовай. Ён таксама ўручыў Ганаровыя граматы абласнога савета ветэранаў І. А. Майсяёнку і Л. А. Маршалкіну.
М. КАТКОЎ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *