Засцерагчыся ад пажараў

Актуально Райисполком

Раённым выканаўчым камітэтам разгледжана пытанне «Аб супрацьпажарным стане аб’ектаў і домаўладанняў на тэрыторыі раёна».

Як паведаміў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. П. Шук, у мінулым годзе ў раёне здарылася 26 пажараў, у агні загінула 6 чалавек.
Асноўныя прычыны пажараў — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнні ў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраправодкі. Усе загінуўшыя сталі ахвярамі агню, знаходзячыся ў нецвярозым стане. Як правіла, бяда здаралася з-за курэння ў ложку. Рост пажараў назіраецца ў Верхнядзвінску, Бігосаўскім, Асвейскім, Каханавіцкім і Чапаеўскім сельсаветах.
Як вынікае з аналізу, трагедый магло быць значна больш, калі б не паслядоўная работа спецыялізаваных служб, праводзімая сумесна з сельвыканкамамі і грамадскім актывам. Супрацоўнікі РАНС разам з прадстаўнікамі самакіраванняў, суб’ектамі прафілактыкі, няштатнымі інспектарамі абследуюць домаўладанні асоб, якія злоўжываюць алкаголем, адзінокіх, састарэлых грамадзян, праблемных сем’яў. Такім чынам праверана амаль дзве з паловай тысячы дамоў, у многіх пастаўлены АПА, у 23 заменена электраправодка.
Праводзіцца прафілактычная работа ў працоўных калектывах, школах, з насельніцтвам па месцы жыхарства. З гэтай мэтай шырока выкарыстоўваюцца сродкі масавай інфармацыі.
Пад пільнай увагай РАНС супрацьпажарны стан суб’ектаў гаспадарання. Самыя праблемныя ў гэтым сэнсе — сельскія гаспадаркі. У арга-нізацыях нярэдка няспраўнае абсталяванне, не ачышчаны і не абазначаны вадаёмы, не праводзіцца планавы рамонт электраправодкі, не хапае пярвічных сродкаў пажаратушэння, не арганізуюцца інструктажы па вывучэнню правілаў бяспекі. За парушэнні правілаў пажарнай бяспекі да адказнасці прыцягнута 9 юрыдычных асоб, 25 кіраўнікоў, 75 службовых асоб і 61 грамадзянін, з якіх спагнана штрафаў больш чым на 25 млн рублёў. Забаронена эксплуатацыя 35 печаў, электраправодкі ў 19 дома-ўладаннях. З 31 аб’екта масавага знаходжання людзей 17 не ўключаны ў сістэму апавяшчэння ППБ, аб чым гаспадарам выдадзены прадпісанні.
Не заўсёды ўладальнікі вытворчых аб’ектаў клапоцяцца аб мерах бяспекі: у асабліва праблемны зімовы перыяд да сістэм водазабору не расчышчаны пад’езды, з дахаў будынкаў не прыбіраецца снег, тэрыторыі захламлены. На слайдах прадэманстраваны такія прыклады, ад кіраўнікоў патрабавана неадкладна выправіць сітуацыю.
Прадугледжана актывізаваць пажарна-прафілактычную работу аглядавых камісій сельвыканкамаў, дэпутатаў і старэйшын з мэтай недапушчэння пажараў і гібелі на іх людзей. Сельскім Саветам даручана штогод праводзіць праверку супрацьпажарнага стану жылога фонду, па выніках якой арганізоўваць рамонт печаў, электраправодкі, устаноўку АПА сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян. Аддзелу ўнутраных спраў прапанавана правяраць падвальныя і дахавыя памяшканні, закінутыя будынкі, выяўляць асоб без пэўнага месца жыхарства і прымаць адпаведныя меры, аператыўна рэагаваць на факты злоўжывання грамадзянамі алкаголем.
Задачы па агляду пажаранебяспечных аб’ектаў і прыняццю мер уздзеяння на гаспадароў пастаўлены перад энергазбытам і энерганаглядам.
Суб’екты гаспадарання абавязаны забяспечыць належны стан ведамаснага жылога фонду і кантроль за работай пажарна-тэхнічнай камісіі. Кіраўнікам арганізацый неабходна безумоўна выконваць супрацьпажарныя мерапрыемствы на падведамасных аб’ектах. Гаспадарам будынкаў з масавым знаходжаннем людзей належыць завяршыць работы па вываду сігналаў ад сістэм пажарнай аўтаматыкі на дыспетчарскі пункт МНС.
Прадугледжана выдзеліць бюджэтныя сродкі ТЦСАН для дапамогі асобным катэгорыям грамадзян, якія маюць патрэбу ў рамонце печаў, электраправодкі, устаноўцы АПА.
Начальнік абласнога ўпраўлення МНС В. І. Чэкан, які прымаў удзел у абмеркаванні пытання, засяродзіў увагу на актывізацыі работы, накіраванай на прафілактыку гібелі дзяцей на пажарах. Бягучы год пачаўся трагічна: у агні загінулі двое маленькіх шаркаўшчынскіх жыхароў. Працаваць з сем’ямі, дабіваючыся абсалютнай бяспекі дзяцей, павінны і пажарныя, і мясцовыя ўлады, і школа, і суседзі.
Адзначаючы асобую важнасць разглядаемага пытання, старшыня райвыканкама І. І. Марковіч падкрэсліў неабходнасць узаемадзеяння ўсіх зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі, гаспадарнікаў, грамадскасці ў правядзенні супрацьпажарнай работы. У гэтай справе не можа быць дробязей і абыякавасці — запыт за захаванне мер пажарнай бяспекі будзе самы строгі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *