Парафіяльнае свята адбылося ў Верхнядзвінскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Святыня названа ў гонар свята Нараджэння Багародзіцы і адзначаецца ў гэтыя вераснёўскія дні, маючы яшчэ адну назву — Маці Божай Сеўнай. Як адзначыў, вітаючы гасцей, пробашч касцёла Аляксандр Грыцкевіч, гэта свайго роду свята ўраджаю, калі людзі збіраюцца ў доме сваёй Маці і дзякуюць Богу за хлеб. На гэты раз свята мела асобы сімвал — сваю першую святую імшу тут праводзіў новапрысвечаны святар вікарый Полацкі Антоній Тышко.
Удзел у святкаванні парафіяльнай урачыстасці прыняў старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Віталь Лаўрынаў. Ён падзякаваў каталіцкім святарам за плённую працу па ўмацаванні духоўнасці і ўручыў сертыфікат на развіццё касцёла. Парафіяне сардэчна падзякавалі кіраўніку раёна за ўвагу да дзейнасці хрысціянскіх суполак і паднеслі каравай са збожжа новага ўраджаю.
Па традыцыі адбылося асвячэнне збожжа новага ўраджаю і святарскае благаслаўленне.













