Са светлым святам Уваскрэсення Хрыстова віншуем каталіцкіх вернікаў!

Духовность

«Хрыстос уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі…
Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўленыя»
(1Кар 15, 20.22).

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!
Супакой у свеце, які няспынна страсаюць ваенныя канфлікты, застаецца настолькі пажаданай, наколькі і вельмі крохкай каштоўнасцю. У гэтым кантэксце штораз больш актуальнымі становяцца словы Уваскрослага Езуса Хрыста да сваіх перапалоханых вучняў: “Спакой вам!” (Лк 24,36). Менавіта з гэтай мэтай Хрыстос перажыў сваю Пасхальную таямніцу: прайшоў праз пакутніцкую смерць і вярнуўся да жыцця, каб чалавецтву прынесці спакой і даць надзею!
Рыхтуючыся да святкавання гэтай падзеі, мы перажылі пост – час, калі спрабавалі больш пільна ўслухоўвацца ў Божае слова, утаймоўваючы сваё цела. Менавіта гэтая практыка павінна дапамагчы чалавеку адкрыць у сваім жыцці каштоўнасці, якія спрыяюць згодзе і ўпарадкаванню адносінаў між чалавекам і Богам, а таксама між людзьмі.
Распачынаючы Вялікі Пост, мы чулі заклік да навяртання і веры, каб такім чынам наследаваць прыклад самога Хрыста, Які, перш чым распачаць публічную дзейнасць, сам прыняў саракадзённы пост. Ідучы гэтым шляхам, мы становімся здольнымі браць удзел у перамозе Хрыста над грахом і смерцю не толькі ў перспектыве вечнасці, але ўжо цяпер, у нашым зямным жыцці. Гэтая перамога і заключаецца ў падпарадкаванні закону Любові і шанаванні годнасці кожнага чалавека і яго жыцця. Прыняты сэрцам спакой Хрыстовы становіцца сведчаннем і крыніцай новага жыцця ў гэтым свеце, яго радасці і сэнсу.
Папа Леў ХІV, кажучы пра ўваскрасенне Хрыста, аднойчы назваў яго «выбухам жыцця і радасці, які змяняе сэнс рэчаіснасці». Няхай і сёлетняе святкаванне Вялікадня стане, паводле слоў Папы, чарговым лекам на «сучасны смутак, які пазбаўляе людзей сэнсу і радасці жыцця».
Жадаю ўсім нам, каб Святло Велікоднай раніцы, асвяціўшы гэты свет, умацавала ў ім надзею на канчатковую перамогу дабра і справядлівасці, а нашыя сэрцы напоўніла Божым спакоем і той сапраўднай радасцю, якую нясе з сабой Хрыстовае ўваскрасенне. Міру, згоды і Божага бласлаўлення кожнаму вашаму дому і ўсёй нашай роднай Беларусі!
Хрыстос Уваскрос! Са Святам!
Алег Буткевіч, Біскуп Віцебскі.

Расклад Святых Імшаў у Верхнядзвінскім касцёле:

Вялікая пятніца, 3 красавіка, Літургія Мукі Пана – 20.00.
Вялікая субота, 4 красавіка, Пасхальная Вігілія – 22.00.
Нядзеля Уваскрасення Пана, 5 красавіка:
8.00 – Верхнядзвінск, 10.00 – Каханавічы.
Велікодны панядзелак, 6 красавіка, Верхнядзвінск – 10.00, 18.00.
Асвячэнне святочных страў адбудзецца пасля Пасхальнай Вігіліі (4.04) і пасля Рэзурэкцыі (5.04).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *