Верхнядзвінскі выхавацель — у суперфінале

Актуально Образование

Ірына Аляксандраўна Маслякова ўвайшла
ў суперфінал ІІІ абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года-2014″.
Менавіта любоў да дзяцей стала для Ірыны вызначальнай і пры выбары справы жыцця, і пры дасягненні прафесійных вышынь. У дзяцінстве гуляла » у маму» і «у школу», гледзячы на бабулю-настаўніцу, а па заканчэнні Бароўскай СШ паступіла ў Полацкі педагагічны каледж. Набыла спецыяльнасць выхавацеля, вярнулася дадому і ў 2000 годзе была прынята на работу ў Верхнядзвінскі дзіцячы сад-яслі №2.
Адзначае, што з рабочым месцам ёй пашанцавала: трапіла ў моцны, дружны і творчы калектыў, дзе ёсць усе магчымасці для рэалізацыі здольнасцяў. Працавала пад кіраўніцтвам вопытнага загадчыка Лімы Уладзіміраўны Куксёнак, а цяпер — Тамары Анатольеўны Ракшня, якая робіць усё для развіцця прафесійнага патэнцыялу выхавацеляў. Акунуўшыся ў творчую атмасферу, Ірына Аляксандраўна спаўна праявіла свае лепшыя якасці: стараннасць, адказнасць, камунікабельнасць, уменне арганізаваць выхаваўчы працэс.
Пачынала з самай складанай ясельнай групы, дзе за малышамі патрэбен асаблівы догляд. Бацькі «ясельнікаў» чакаюць ад выхавацеля многага: каб малыя знаходзіліся ў абсалютнай бяспецы, не хварэлі,былі накормленымі, хутка развіваліся. Гэта няпроста: дома, як гаворыцца, за адным карапузам цяжка ўгледзець, а тут жа іх два дзесяткі… Але малады выхавацель не спасавала перад цяжкасцямі, здолела наладзіць работу так, што паказчык захворваемасці ў яе групе знізіўся, дзеці штодзень радавалі новымі поспехамі. Затым у Ірыны Аляксандраўны была не менш складаная кругласутачная група, выхаванцы якой патрабавалі асаблівага догляду і дапамогі ў карэкцыі мовы. Нарэшце, набрала дзяцей, якіх будзе весці ад ясельнага ўзросту да школы, а гэта — цэлы комплекс дашкольнага выхавання.
На любым участку адносіцца да справы з поўнай аддачай, не шкадуючы часу і сіл. Пры гэтым цесна ўзаемадзейнічае з бацькамі: заахвочвае іх сумеснай падрыхтоўкай творчых выстаў, святаў, працай па добраўпарадкаванні тэрыторыі садзіка і памяшканняў груп. Людзі ахвотна адгукаюцца на прапановы клапатлівага выхавацеля і абаяльнага, душэўнага чалавека, якім з’яўляецца Ірына Аляксандраўна.
Як ахарактарызавалі ў РАА, ёй уласцівы выдатнае веданне дашкольнай педагогікі і псіхалогіі, уменне развіваць творчае мысленне дзяцей, камунікатыўныя навыкі, індывідуальныя асаблівасці, пазнавальную дзейнасць. Заняткі выхавацель праводзіць у займальнай форме, з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Як вынік — яе выхаванцы дапытлівыя, цікаўныя, дысцыплінаваныя.
Вопыт работы Масляковай па развіццю асобы дзіцяці ва ўмовах развіваючага прадметна-гульнявога асяроддзя атрымаў высокую ацэнку ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі падчас пасяджэння абласнога педагагічнага клуба «Праблемы. Пошукі. Знаходкі». За дасягненні ў працы яна ўзнагароджана Граматай раённага аддзела адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама.
І хаця ў Ірыны Аляксандраўны шмат нагрузак у садзе, яна выхоўвае дваіх сваіх дачушак і мае шмат работы дома, ад удзелу ў конкурсе не адмовілася. Пачуццё абавязку ў яе заўсёды пераважае ўласную заспакоенасць. Конкурс быў вельмі складаным: удзельнічалі ж у ім лепшыя спецыялісты дашкольнага выхавання вобласці, у тым ліку з Віцебска, Полацка, Оршы.Трэба мець сапраўды высокае майстэрства, каб выйсці ў суперфінал, да якога «дабраліся» толькі двое: Ірына і калега з Оршы.
Ірына Маслякова здолела паказаць лепшыя свае прафесійныя навыкі: паспяхова правяла занятак з незнаёмымі дзецьмі па развіцці мовы і культурнага яднання. Прычым для падрыхтоўкі адводзілася адна ноч. Аднак на дапамогу канкурсанту вечарам прыехала група падтрымкі з яе калектыву: усю ноч пісалі сцэнарый, рыхтавалі арыгінальныя гульнёвыя прыклады. Як адзначае Ірына, конкурс быў, па-сутнасці, ацэнкай майстэрства ўсяго калектыву. І ацэнкай выключнай: занятак, паказаны Ірынай Масляковай, атрымаў самы высокі бал сярод усіх выхавацеляў вобласці.

Наступныя этапы: майстар-клас і прэзентацыя вопыту перад маладымі педагогамі, — таксама прайшлі бездакорна. У фінале Ірына паспяхова правяла занятак на сцэне, а ў суперфінале паказала вопыт педагагічнай дзейнасці ў гульнёвай форме з выкарыстаннем мультымедыйнай устаноўкі з музычным суправаджэннем. Умовы спаборніцтваў былі строгімі: на сцэну нельга было ўзяць ніякіх дапаможнікаў, нават карту Беларусі давялося маляваць самой — крэйдай. Вось дзе Ірыне спатрэбіліся яе мастацкія здольнасці, знаходлівасць і крэатыўнасць. У выніку яна стала лаўрэатам абласнога этапу конкурсу, заняўшы ў сваёй намінацыі другое месца.
Ірына Аляксандраўна шчыра дзякуе ўсім, хто дапамагаў ёй і падтрымліваў: раённаму аддзелу адукацыі, адміністрацыі і выхавацелям дзіцячага сада №2, свайму памочніку ў групе Жанне Віктараўне Яскевіч, родным, якія ўзялі на сябе клопаты аб дзецях і дому.
Перамога далася немалымі намаганнямі, але яна падаравала неацэнны вопыт і яскрава паказала, што ў нашых установах працуюць сапраўдныя педагогі, якім можна смела даверыць дзяцей, і якія найлепшым чынам здольны падрыхтаваць іх да самастойнага жыцця.
Яніна Пакульневіч.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *