Законнасць i парадак — усяму аснова

Актуально Райисполком

Адбылося нечарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім разгледжана пытанне аб стане законнасці і правапарадку, выкананні патрабаванняў Дырэктывы № 3 «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы» і Указа № 537 «Аб аб’яўленні 2013 года Годам беражлівасці».

Правапарушэнні — вынік абыякавасці
Першы намеснік старшыні райвыканкама У. У. Быкаў, які вёў пасяджэнне, нагадаў, што ў лютым адбылася абласная каардынацыйная нарада, падчас якой старшыня аблвыканкама А. М. Косінец патрабаваў у найкарацейшы тэрмін разабрацца з фактамі безгаспадарчасці на месцах, прывесці ў належны від усе вытворчыя і сацыяльныя аб’екты, праверыць стан законнасці і дысцыпліны, эканомнага падыходу да выкарыстання рэсурсаў. У раёне было створана 11 рэйдавых груп, якія працавалі ва ўсіх сельсаветах і горадзе Верхнядзвінску. Яны не толькі выкрывалі факты безгаспадарчасці, але ўказвалі на іх кіраўнікам і праз пэўны час правяралі, ці выпраўлены недаробкі. На пасяджэнні былі прааналізаваны вынікі зробленага і пастаўлены задачы, якія яшчэ неабходна вырашыць.
Характарызуючы стан законнасці і правапарадку, пракурор раёна С. Э. Стурын адзначыў, што ў цэлым назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі. За пяць апошніх гадоў колькасць злачынстваў у раёне скарацілася амаль на чвэрць. У мінулым годзе ўчынена 241 злачынства — на 15% менш, чым у папярэднім. Значна знізілася колькасць цяжкіх злачынстваў, а сёлета іх увогуле не здарылася. Менш стала злачынстваў, учыненых групамі, непаўналетнімі, а таксама рэцыдыўных і бытавых.
Станоўчая дынаміка гаворыць аб эфектыўнасці работы, праводзімай суб’ектамі прафілактыкі і правапарадку. Аднак работы наперадзе многа. Хаця колькасць злачынстваў, учыненых у нецвярозым стане, зменшылася з 70 да 57, удзельная вага іх застаецца высокай — 38,5%. У алкагольным ап’яненні ў мінулым годзе ўчынена 3 цяжкіх злачынствы, менавіта п’янства — асноўная прычына многіх няшчасных здарэнняў з гібеллю людзей.
Па-ранейшаму найбольшую долю злачынстваў займаюць крадзяжы — 141 выпадак, сярод якіх 28 — дзяржаўнай уласнасці. Па словах пракурора, прычынай гэтых негатыўных з’яў нярэдка становяцца абыякавыя адносіны да маёмасці саміх гаспадароў. Па выніках 7 пракурорскіх праверак па захаванні матэрыяльных каштоўнасцей складзена 16 актаў, да адказнасці прыцягнута 27 асоб. Парушэнні гэтага заканадаўства адзначаны ў ЧПУП «Вужыца-Агра», КУВСП «Верхнядзвінскі», ААТ «Сакалоўшчына», на прадпрыемствах гандлю, будаўніцтва, камунальнай гаспадаркі.
Падзёж жывёлы ў сельскіх гаспадарках назіраецца з-за парушэнняў ветэрынарных, санітарных і заатэхнічных правілаў. З гэтай прычыны 18 спецыялістаў прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці.
С. Э. Стурын спыніўся таксама на фактах парушэння заканадаўства пры правядзенні закупак, іншых фінансавых здзелак, неэканомнага выкарыстання ў некаторых арганізацыях паліўна-энергетычных рэсурсаў.
Крадуць там, дзе дрэнна ляжыць
Каменціруючы праблему крадзяжоў, в. а. начальніка РАУС А. В. Кісялевіч адзначыў, што ў мінулым годзе агульны ўрон ад іх склаў 124 млн рублёў. Найбольш буйныя сумы яго ў райспажыўтаварыстве, на прадпрыемстве электрасетак, у лясгасе, КУВСП «Боркавічы», «Верхнядзвінскі», ААТ «Сакалоўшчына», ПМК-44. Праводзячы абследванні аб’ектаў, супрацоўнікі РАУС накіравалі гаспадарам 257 прадстаўленняў аб парушэннях. Але паўторныя рэйды паказалі, што ў некаторых арганізацыях па-ранейшаму назіраюцца факты безгаспадарчасці. Вартавая ахова адсутнічала на аб’ектах сельгаспрадпрыемстваў «Каханавічы», «Верхнядзвінскі», «Сакалоўшчына», «Вужыца-Агра», не асветлена тэрыторыя Верхнядзвінскага лясніцтва, вартаўнік на аб’екце ЖКГ быў у нецвярозым стане. Гэтыя факты патрабуюць самых строгіх мер з боку кіраўнікоў — яны нясуць персанальную адказнасць за парадак на вытворчасці.
Прычына бяды — п’янства
Аб тым, што патрэбна больш эфектыўна працаваць з праблемнымі асобамі, якія злоўжываюць спіртным, гаворыць рост пажараў з гібеллю людзей. Летась адбылося 28 загаранняў, на якіх загінула 8 чалавек — гэта больш, чым у папярэднім годзе. Як паведаміў начальнік РАНС А. П. Шук, ёсць парушэнні супрацьпажарных правілаў і на ведамасных аб’ектах. За год да адказнасці прыцягнута 8 юрыдычных і 95 фізічных асоб. Але аднымі пакараннямі поўнага эфекту не даб’ешся — патрэбна пастаянная мэтанакіраваная работа ў калектывах і з насельніцтвам па выхаванні цвярозага ладу жыцця, гаспадарскіх адносін да маёмасці, адказнасці за свае ўчынкі.
(Актыўна трэба выкрываць і факты безгаспадарчасці, абыякавага стаўлення да выканання сваіх абавязкаў і давераных матэрыяльных каштоўнасцей.
Гаспадарскім вокам
Элементам такой работы стала масавае рэйдавае абследванне, якое праводзілася па даручэнні райвыканкама. Як расказалі кіраўнікі груп, выкрыты дзесяткі парушэнняў і недаробак, над выпраўленнем якіх працавалі на месцах. Дзякуючы праведзенаму маніторынгу рабочага часу, пакараны парушальнікі працоўнай дысцыпліны, у выніку рэйдаў выкрыты і выпраўлены недахопы ў вартавой ахове, наведзены парадак на працоўных месцах, добраўпарадкаваны тэрыторыі, убрана смецце, папраўлены шыльды, абсталяваны калодзежы, складзіраваны шыны, агароджаны воданапорныя свідравіны, з іх убраны птушыныя гнёзды, выкананы многія іншыя работы. Зразумела, большасць з іх была вядома кіраўнікам, але, як гаворыцца, «рукі не даходзілі».
Увага ўдзельнікаў пасяджэння была засяроджана на тых недахопах, якія трэба яшчэ выправіць. У асноўным, гэта — працаёмкія працэсы. Складзены пратакол даручэнняў, якім вызначаны адказныя і тэрміны выканання работ. Сярод намечаных мер — знос ветхіх збудаванняў, уборка металалому з тэрыторый, забеспячэнне супрацьпажарных мерапрыемстваў, добраўпарадкаванне майстэрняў і стварэнне работнікам належных умоў працы, рамонт сацустаноў, электраліній, забеспячэнне належнага захоўвання ядахімікатаў і мінугнаенняў, абсталяванне ахоўнай сігналізацыі аб’ектаў і іншыя.
Унесены прапановы гаспадарам па больш эфектыўнаму выкарыстанню ведамасных плошчаў, эканомнаму расходванню рэсурсаў.
Крытыцы былі падвергнуты арганізацыі, дзе не наведзены элементарны парадак — не ўбрана салома з палёў, смецце і попел з тэрыторый, не прыведзены ў парадак пустуючыя будынкі і вытворчыя месцы. Калі наведвальнікі слізгаюцца каля магазінаў ці на рынку, ля ўстаноў не праведзены звычайныя супрацьгалалёдныя мерапрыемствы, — гэта характаразуе гаспадароў не лепшым чынам.
Патрэбен індывідуальны падыход
Абмяркоўваючы тэму, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел расказала, што ў справе навядзення ўсебаковага парадку актыўны ўдзел прымаюць дэпутаты. На студзеньскім прэзідыуме за 28 дэпутатамі замацаваны неблаганадзейныя сем’і, з якімі яны пастаянна працуюць. Індывідуальная работа з людзьмі вядзецца ва ўсіх сельсаветах. Разбіраючыся з кожнай сітуацыяй, дэпутаты нярэдка бачаць, што чалавеку трэба проста дапамагчы выбрацца «з ямы» — атрымаць пашпарт, прапіску, работу; вылечыцца ад алкагалізму; вырашыць жыллёвую праблему. Такая дапамога ўжо аказваецца, работа гэта нялёгкая, патрабуючая вялікай аддачы і цярпення, але вынік таго варты. Вярнуць сям’і і грамадству нармальнага чалавека — найбольшая гарантыя таго, што ён не дапусціць правапарушэнняў, будзе сумленна працаваць і гадаваць дзяцей.
Гэту думку падтрымаў першы намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама У. А. Машэра, які прымаў удзел у пасяджэнні. Ён падкрэсліў, што найперш патрэбны дакладная арганізацыя працы людзей, індывідуальны падыход да кожнага, забеспячэнне належных бытавых умоў. Нярэдка атрымліваецца, што ў валаўтваральную галіну нашай эканомікі — жывёлагадоўлю — прыходзяць асобы, якія не знайшлі сябе ні ў якой іншай справе, з’ехалі з гораду з-за п’янства. Неабходна намеціць меры рэабілітацыі гэтых людзей, і не шкадаваць сіл і сродкаў для таго, каб дапамагчы ім аздаравіцца.
Раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне, у якім прадугледжаны меры па выкананні Дырэктывы № 3 і Указа № 537, умацаванні ў раёне законнасці, правапарадку, дысцыпліны, рэжыму эканоміі. Адзначана, што маніторынг выканання гэтых патрабаванняў будзе працягвацца.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *