Тэма тыдня: правесці жніво хутка і без страт

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ў аптымальныя тэрміны, аператыўна і якасна арганізаваць уборачную кампанію. Аб гэтым ён заявіў 23 ліпеня на нарадзе ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сітуацыя ў полі па тэхналагічным стане пасеваў няпростая. Умовы надвор’я цяжкапрадказальныя, а становішча можа рэзка пагоршыцца. «Таму я вас вельмі прашу і патрабую ні ў якім разе не запавольвацца. Не трэба, як у нас часта кажуць, дасушваць збожжа ў полі, – запатрабаваў Прэзідэнт. – Сёння, зыходзячы з тактыкі, трэба ўбраць праблемныя палі, якія заўтра, у выпадку пагаршэння надвор’я, будуць недаступныя для ўборкі».
«Умовы надвор’я, нехта называе іх анамальнымі, паўплывалі на фарміраванне яравых збожжавых культур. Вы разумееце, у гэтых умовах нам давядзецца адначасова ўбіраць лён, рапс і збожжавыя», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт даў канкрэтнае даручэнне па структуры пасеваў на будучае: «Я амаль на 100 працэнтаў падышоў да гэтага, абмяркоўваў са спецыялістамі гэта пытанне – нам трэба павялічыць пасевы азімага ячменю. Сёння мы маем амаль 33-35 ц/га ўраджайнасць у цэлым, а па азімым ячмені – пад 50 ц/га. Калі мы тэхналагічна своечасова правільна пасеем, як і любую культуру, азімы ячмень, ён 50-60 ц/га дасць».
«А што патрэбна? Калі б мы на ўсіх культурах мелі 50 цэнтнераў ураджайнасць, нам наогул нічога не трэба было б. І нафта не трэба, і газ прыродны не трэба (размова пра магчымасці на высокім узроўні забяспечваць патрэбнасці нацыянальнай эканомікі, нават не маючы багатых прыродных рэсурсаў. – Заўвага БЕЛТА). А мы гэта можам мець. Таму трэба павялічваць пасевы азімага ячменю».
Вяртаючыся да тэмы ўборачнай, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыю ўскладняюць вельмі сціслыя тэрміны для правядзення работ, а таксама іх супадзенне з другімі ўкосамі шматгадовых траў. Наконт гэтага ён таксама даў шэраг канкрэтных даручэнняў.
Камітэту дзяржкантролю, праваахоўным органам даручана вельмі строга кантраляваць выкарыстанне тэхнікі, асабліва камбайнаў, каб не дапускаць страт збожжа, для чаго трэба тэхналагічна выконваць шэраг умоў. Паводле ацэнкі кіраўніка дзяржавы, толькі гэта можа даць магчымасць захаваць прыкладна 600-700 тыс. т збожжа.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава для правядзення паспяховай уборачнай кампаніі зрабіла ўсё, што прасілі, і нават больш таго, у тым ліку выдзелены сродкі на тэхніку і паліва. «Засталося толькі арганізаваць працэс», – адзначыў Прэзідэнт.
«Даручэнне Камітэту дзяржкантролю і МУС – неадкладна выехаць у гаспадаркі і прарэвізаваць тую тэхніку, якая сёння стаіць пад плотам. А генеральны пракурор па сваёй лініі пракантралюе. Пасля гэтага будзе дадзена ацэнка кожнаму губернатару. І не чакайце больш ніякіх грошай у будучым, калі толькі мы выявім галавацяпства», – папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, кантралюючыя органы выяўляюць факты крадзяжу запасных частак, гаруча-змазачных матэрыялаў, выпадкі прыпісак гатоўнасці тэхнікі. «Даўно я да гэтага пытання падбіраўся. Гэтыя несуны апошнім часам вельмі абнаглелі. Я вас прашу, карэнным чынам удушыце гэта, – запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. – Я ўжо не гавару пра маральны фактар. Крадзеж трэба спыняць карэнным чынам».
Па-другое, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць па пытанні арганізацыі сушкі збожжа. Паводле даных Мінсельгасхарча, 10 працэнтаў комплексаў не гатовы да яго прыёмкі. «Папрашу таксама МУС, КДК і генеральнага пракурора ўзяць на кантроль і гэту частку», – даручыў ён.
Прэзідэнт таксама пацікавіўся, як будуць выкарыстаны вытворчыя магутнасці камбінатаў хлебапрадуктаў. Прыёмку збожжа любой вільготнасці неабходна арганізаваць кругласутачна, а дзяржаўны заказ павінен быць безумоўна выкананы.
Трэцяе пытанне, на якое звярнуў увагу Прэзідэнт, датычыцца стану спраў з механізатарамі. Паводле яго інфармацыі, не хапае прыкладна 1,5 тыс. камбайнераў. «Гэта непарадак. Гэта значыць, вы, губернатары, не рыхтаваліся да ўборачнай кампаніі. Вы забылі перыяд савецкіх часоў, калі мы загадзя ведалі, дзе знаходзіцца механізатар, добры камбайнер, які выехаў у горад. Мы з ім працавалі, дамаўляліся з кіраўнікамі ў горадзе, каб яны адпусцілі іх на ўборку. Барані бог, гэта не будзе ў вас рэалізавана», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, рэальную дапамогу вёсцы тут павінны аказаць прамысловыя прадпрыемствы як тэхнічнымі сродкамі, так і людскімі рэсурсамі. «Усіх работнікаў, занятых ва ўборачнай кампаніі, трэба забяспечыць усім неабходным. Ад трохразовага, калі патрэбна, харчавання. І іх праца павінна быць дастойна аплачана. Сяляне чакаюць уборачнай кампаніі, каб зарабіць значныя грошы. У кожнага дзеці – школьнікі, студэнты. Таму чалавечы фактар – найважнейшы», – даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Чацвертае, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на пытаннях падтрымання належнага парадку і дысцыпліны. «Усё, аб чым я гаварыў, немагчыма без дысцыпліны і парадку. У першую чаргу гэта абарона ўборачнай і зернесушыльнай тэхнікі, а таксама пасеваў ад пажараў, – сказаў Прэзідэнт.
Пятае – нельга забываць пра асабістыя падсобныя гаспадаркі людзей, дзе ў наяўнасці амаль 70 тыс. га збожжавых культур, з якіх можна атрымаць каля 200 тыс. т збожжа. «Гэта добрая прыбаўка. Традыцыйна я вас вельмі прашу: дапамажыце ўбраць гэты ўраджай. І не ў апошнія тэрміны, не тады, калі пойдуць дажджы. У кожнай гаспадарцы павінен быць невялікі маласільны камбайн, і ён будзе дапамагаць сялянам, ды яшчэ і на палях спатрэбіцца. Будзем дапамагаць – будуць вырошчваць», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што мэта нарады – забяспечыць своечасовае і якаснае правядзенне ўборкі ўраджаю: «Вынік шмат у чым будзе залежаць ад вашага ўмення арганізаваць як людзей, так і тэхніку».
Прэзідэнт падкрэсліў, што высокая працоўная і тэхналагічная дысцыпліна – залог поспеху на ўборцы. «Ніякай расхлябанасці, усім трэба максімальна сканцэнтравацца і ўбраць збожжа з палёў», – сказаў беларускі лідар.
Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *