У Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Т. Хадкевіча адкрылася выстава «Кніжная мудрасць стагоддзяў», прысвечаная Дню беларускага пісьменства.
Свята жыццёвага вопыту многіх пакаленняў, які захоўваецца на тонкіх папяровых старонках, адзначаецца ў нашай краіне з 1994 года. Спачатку яно было прывязана да даты выдання першай беларускамоўнай друкаванай кнігі: 6 жніўня 1517 года ў Празе дзякуючы Францыску Скарыне са станка сыйшоў «Псалтыр». Малая радзіма знакамітага асветніка і стала калыскай Дня беларускага пісьменства: першым горадам, які прыняў на сваёй зямлі гэтае свята, быў старажытны Полацк. З 1998 года ўрачыстасці адбываюцца ў першую нядзелю верасня і сімвалічна перагукаюцца з пачаткам новага навучальнага года ў школах. За 32 гады сталіцай свята пабывала 28 гарадоў, вядомых сваёй багатай гісторыяй і культурай.
У гэты раз Дзень беларускага пісьменства 6 і 7 верасня прыме Ліда. Свята будзе прысвечана 80-годдзю Перамогі, 500-годдзю выдання кнігі «Апостал» Францыскам Скарынам, юбілеям дзеячаў айчыннай літаратуры.
У чытальнай зале Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Т. Хадкевіча да Дня беларускага пісьменства падрыхтавана выстава «Кніжная мудрасць стагоддзяў». Экспазіцыя дазваляе прасачыць доўгі і цярністы шлях кнігі на нашай зямлі. Гісторыя развіцця пісьменства і кнігадрукавання; жыццё і работа першадрукара Скарыны; знакавыя выданні і асобы, якія неслі асвету народу; класікі беларускай літаратуры, бібліятэкі краіны і надыходзячыя ўрачыстасці ў Лідзе – выстава адпраўляе ў цікавае падарожжа ад мінулага да сучаснасці.
Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Вікторыя Марачкоўская расказала пра найбольш цікавыя выданні – як «свежыя», з апошніх паступленняў, так і даўнія, пра якія многія наведвальнікі бібліятэкі маглі проста не ведаць. Гэта, напрыклад, «Беларускі буквар у нацыянальнай і сусветнай прасторы» з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў». На прыгожых каляровых старонках – гісторыя кнігі, якая на працягу стагоддзяў дапамагае выхоўваць маладое пакаленне, навучаць дзяцей грамаце і прывіваць агульначалавечыя каштоўнасці.
Выстава «Кніжная мудрасць стагоддзяў» у чытальнай зале будзе працаваць да 8 верасня, а пазнаёміцца з кнігамі беларускіх аўтараў і знайсці літаратуру на свой густ можна ў любы дзень – бібліятэкары ахвотна ў гэтым дапамогуць.
Падрабязней чытайце ў «ДП».