Свята Уваскрэсення Хрыстова адзначаюць вернікі каталіцкай канфесіі!

Духовность

«Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам; даю ж вам не так, як дае свет: няхай не сумняваецца сэрца вашае і не трывожыцца.»
Евангелле ад Яна 14,27.

Час Вялікага посту падышоў да свайго літургічнага завяршэння. Гэты перыяд, у якім хрысціяне імкнуцца праз больш глыбокую малітву і ўчынкі міласэрнасці паяднацца з Богам і бліжнімі, у 2022 годзе стаў часам крызісу і глыбокага разлому ў сусветным грамадстве. Касцёл не можа застацца ў баку ад гэтай катастрофы, таму Папа Рымскі Францыск амаль у кожнай сваёй прамове заклікае да паяднання, просіць, каб ва ўзаемаадносінах паміж краінамі і народамі бралі верх перамовы і здаровы розум. А 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, прысвяціў Расію і Украіну Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Набліжаючыся да святкавання сёлетняй Пасхі, усім нам хочацца верыць, што процістаянне скончыцца, і спакой будзе ўсталяваны. І таму, збіраючыся ў касцёлах у гэтыя святочныя дні, малітва аб міры будзе на першым месцы сярод нашых просьбаў да Бога. Так, як калісьці сусветная пандэмія з’яднала людзей у малітве за сваіх блізкіх, сёння жаданне міру гучыць у сэрцы кожнага чалавека добрай волі. А каб у свеце панавалі спакой і згода, трэба, каб найперш яны жылі ў кожным з нас, каб у сваіх учынках мы кіраваліся любоўю да бліжняга, як вучыў Езус Хрыстус.
Божы Сын, аддаючы сваё жыццё на крыжы, перамог смерць, перамог нянавісць і грэх. Няхай бляск Хрыстовай перамогі дапамагае чалавецтву перамагчы зло і цемру, што прыводзяць да бяды. Горача молімся ў гэтыя святыя дні аб паяднанні ў нашым грамадстве і нашых сем’ях. Няхай жаданне супакою, які прынёс Боскі Настаўнік сваім вучням пасля свайго ўваскрасення (Евангелле ад Яна 20,26), будзе святлом надзеі на перамогу дабра над злом, святла над цемрай, міру над вайной.
Усіх католікоў і людзей добрай волі віншуем са святам Пасхі, яднаемся з кожным у малітве і падзяляем радасць святочнага Аллелюя.
Кс. Аляксандр Грыцкевіч,
а. Аляксандр Жарнасек
і а. Чэслаў Курэчка.

Расклад набажэнстваў у Верхнядзвінскім касцёле і Пасхальныя ўрачыстасці:
15 красавіка
Вялікая Пятніца (літургія Мукі Пана) – 20.00.
16 красавіка
Вялікая Субота (Пасхальная Вігілія) – 22.00.
17 красавіка
Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана (Рэзурэкцыя) – 8.00.
18 красавіка
Велікодны Панядзелак – св. Імшы
ў 10.00 і 18.00.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *