Верхнядзвінцы палюбілі мюзікл

Культура

Так здараецца часам, што выпадковыя знаёмствы перерастаюць у моцнае сяброўства. Доказам таму стала інтэрнэт-сустрэча супрацоўнікаў бігосаўскага СДК з расійскай пісьменніцай Эвелінай Піжэнка. Сяброўства-супрацоўніцтва доўжыцца ўжо пяць гадоў, а яго вынікам з’яўляюцца … мюзіклы.
Так званы музычна-парадыйны канцэрт бігосаўскаму гледачу прыйшоўся даспадобы – цікава і разам з тым незвычайна. Таму пастаноўкі нязменна “зрываюць” апладысменты.
Сёлета на суд гледачоў было прадстаўлена “Вяселле ў Маслёнаўцы або Навагоднія рамонкі”. Галоўныя героі – жывёлы – сімвалы кітайскага календара, у тым ліку Бык і Буронка. Іх майстэрскі ўвасобілі ў жыццё ўдзельнікі дарослага драматычнага калектыву “Маска”, у якім сабраліся людзі розных прафесій, падчас вельмі далёкіх ад творчых.
Таму артыстам-энтузіястам удвая складаней, бо пры падрыхтоўцы мюзікла прыходзіцца авалодваць не толькі сцэнічным майстэрствам, але і песенным.
Каб стварыць дзейства, на працягу амаль двух месяцаў трэба бясконцую колькасць разоў “прайсціся” па сцэнарыю, правесці мноства рэпетыцый і падрыхтаваць касцюмы. Штосьці застаецца і выкарыстоўваецца з іншых пастановак. Кіраўнік гуртка Алена Новікава патрабуе, каб вобразы герояў былі вытрыманы да малейшай дробязі. Каб у гледача ні на хвіліну не з’явілася пытанне “А хто гэта на сцэне?”.
–Невялікі відэаролік мюзікла мы нязменна дасылаем аўтару сцэнарыя, – кажа дырэктар Дома культуры Марына Кіч. – Ёй падабаецца. Заўсёды адзначае арыгінальнасць касцюмаў нашых артыстаў. А яшчэ станоўчым момантам лічыць наяўнасць у калектыве мужчын. Канешне, нам хочацца, каб іх было больш, але тое, што мужчынскія ролі не даводзіцца іграць жанчынам, ужо вельмі добра.
Новая форма работы падабаецца і самім артыстам, і нашым гледачам. Канешне, было б прасцей зрабіць звычайны канцэрт са сцэнкай, але мюзікл – гэта незвычайна і цікава і для гледачоў, і нас саміх. Пяты год запар мы чуем шчырыя апладысменты. Ці не гэта не найвышэйшая адзнака нашай працы?!
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *