Тэма тыдня

Жизнь сельских Советов

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па развіцці АПК Віцебскай вобласці, дзе цяпер ёсць шэраг істотных праблем. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, кіраўніцтва мясцовай вертыкалі ўлады, уключаючы старшынь гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі інтэграцыйных структур, перапрацоўчых, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.

Захаваць вёску і ўлічваць інтарэсы людзей пры правядзенні рэформ
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці запатрабаваў абавязкова захаваць вёску і ўлічваць інтарэсы людзей пры правядзенні любых пераўтварэнняў.
Кіраўнік дзяржавы ўважліва і падрабязна азнаёміўся з тым, як працуюць створаныя раней у вобласці інтэграцыйныя холдынгі, іх праблемамі і эканамічнымі паказчыкамі. Дэталёва паспяховым вопытам работы холдынга падзялілася генеральны дырэктар ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» Ганна Норкус. На думку кіраўніка дзяржавы, мадэль работы гэтага холдынга з’яўляецца эфектыўнай, і яна можа стаць прыкладам для іншых. Асабліва правільным лічыць Прэзідэнт рашэнне ставіць на чале холдынга перапрацоўчыя прадпрыемствы і пад іх патрэбнасці развіваць сыравінную базу, якая фарміруецца з розных гаспадарак.
Адно з патрабаванняў Прэзідэнта датычылася стварэння спрыяльных умоў, каб прыцягваць на работу ў інтэграцыйныя структуры прафесіяналаў, якія могуць наладзіць эфектыўную работу.
Для вырашэння праблем прапануецца стварыць супербуйны холдынг
Адпаведны праект указа абмяркоўваўся ў Віцебску на нарадзе з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
«Я азнаёміўся з праектам указа, які вы нібыта калектыўна выпрацавалі і хочаце, каб я яго падтрымаў. Асноўныя палажэнні прадугледжваюць (з пункту гледжання спецыялістаў) радыкальную перабудову ўсёй сістэмы кіравання агракомплексам вобласці, а прапанаваны супербуйны холдынг зойме дзве трэці яе тэрыторыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо цяпер у вобласці працуюць некалькі інтэграцыйных структур у АПК у выглядзе холдынгаў, аднак большая іх частка не паказвае чаканых вынікаў. «Калі вы атрымалі адмоўны вопыт чатырох холдынгаў з пяці, вы хочаце стварыць яшчэ гіганцкі суперхолдынг? Як разумець вас тады? — абазначыў праблему Аляксандр Лукашэнка. — Мне ж падпісваць указ і несці за яго адказнасць. Гэта велізарныя расходы».
Пры гэтым па праекце ўказа вобласць разлічвае на каласальную суму дзяржаўнай падтрымкі. «А мне сказалі: ды не, не трэба ніякай падтрымкі… Таму для прыняцця канчатковых рашэнняў сёння нам трэба падрабязна і канкрэтна абмеркаваць усе існуючыя пытанні», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт канстатаваў, што асобным паказчыкам работы АПК рэгіёна можна адзначыць невялікую пазітыўную дынаміку. Аднак вынікі ўсебаковага аналізу сітуацыі паказваюць наяўнасць сур’ёзных праблем.
За пяць апошніх гадоў аб’ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў Віцебскай вобласці зменшыўся амаль на 2 працэнты. «У вас поўная стагнацыя. Вы коціцеся ў адваротны бок», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, стала ўстойлівай тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, а яе сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе ніжэйшыя, чым у любым іншым рэгіёне краіны. Віцебская вобласць адзіная, дзе сярэдні ўдой на карову складае менш як 4 тыс. кг. Нізкая інвестыцыйная актыўнасць, спад экспартнага патэнцыялу і як вынік пагаршэнне фінансавага стану прадпрыемстваў. Доля стратных арганізацый расце, а іх удзельная вага максімальная сярод усіх абласцей у рэспубліцы.
«Абсалютна недапушчальна тое, што ад такой работы (калі гэта наогул можна назваць работай) пакутуюць людзі. Ад нашай неарганізаванасці, нераспарадлівасці, трэба сумленна сказаць, і ад бязладнасці саміх людзей. Але бязладнасць нашых падначаленых пачынаецца заўсёды з нас, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Скарачэнне занятых у галіне і іх нізкая заработная плата ўжо нікога не здзіўляюць. Як інфармуе Белстат, 37 працэнтаў работнікаў вёскі атрымліваюць зарплату ніжэйшую за Br500, а 40 арганізацый нават не могуць забяспечваць яе рэгулярную і самастойную выплату».
Не ствараць новыя структуры толькі дзеля глытка свежага паветра
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцерагае кіраўніцтва Віцебскай вобласці ад стварэння новых структур у сельскай гаспадарцы толькі дзеля глытка свежага паветра. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе ў Віцебску на тэму развіцця АПК рэгіёна, дзе ў тым ліку абмяркоўваліся прапановы па стварэнні ў вобласці супербуйнога холдынга, каб паправіць справы ў сельскай гаспадарцы.
Аляксандр Лукашэнка ўсумніўся ў неабходнасці стварэння прапанаванага супербуйнога холдынга. «Трэба ўзважваць гэтыя прычыны (існуючай негатыўнай сітуацыі ў АПК вобласці і падставы для стварэння холдынга. — Заўвага БЕЛТА), розныя. Калі вы гэта робіце дзеля глытка свежага паветра, то праз год гэтага паветра не будзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт строга папярэдзіў усіх кіраўнікоў, што нават калі дзяржава акажа дапамогу гаспадаркам у даўгавой частцы, то гэтыя грошы ў далейшым трэба будзе вярнуць: «Ніякіх надбудоў. Што датычыцца даўгоў… Калі нават мы іх адтэрмінуем, але кожны год кроўю і потам вы будзеце зарабляць грошы і дакладваць аб якім-небудзь прыросце. Гэта датычыцца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцей, і іншых. Дурніцы, мужыкі, больш не будзе».
Вынік прэзідэнцкай нарады
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час нарады па развіцці АПК Віцебскай вобласці запатрабаваў «ісці ад зямлі» і разумна развіваць ужо існуючыя інтэграцыйныя структуры.
«Слухайце маё рашэнне: холдынгі, якія вы стварылі, будуць існаваць. Я не супраць, што будзеце пашыраць іх тэрытарыяльна за кошт гаспадарак. Гаспадаркі гэтыя захоўваюць сваю эканамічную плацежаздольнасць. Больш атрымаў — тваё, менш — нічога не будзе. Арганізацыйна, дысцыплінарна, хоць у турму іх саджай — тых, хто дрэнна працуюць. Па даўгах вырашым пытанне. Вышэй за іх (існуючыя інтэграцыйныя структуры-холдынгі. — Заўвага БЕЛТА) ніякіх надбудоў не будзе. На гэтым этапе нічога не будзе», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць прыватызацыі і продажу інвестарам тых гаспадарак, якія не могуць самастойна эфектыўна працаваць. «Трэба ўвесці прыватызацыю гэтых гаспадарак. Не хочуць працаваць у такой форме, трэба адкрыць прыватызацыю. Спіс складзіце і на сайце вывесіце. Можа, прыйдзе які-небудзь інвестар і дасць нейкую капейку», — сказаў беларускі лідар.
«Да новага года павінна быць дакладная кіраўніцкая структура, як я сказаў. Падзяліце гэтыя гаспадаркі і стварыце сыравінныя зоны, і не палохайце людзей нейкімі інтэграцыйнымі структурамі. Гэта сыравінныя зоны», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«Калгасы, саўгасы павінны быць пакуль, — падкрэсліў беларускі лідар. — Улічыце сацыяльную базу — клубы, магазіны, школы… З Віцебска будзеце кіраваць? Таму захавайце калгасы гэтыя і саўгасы тэрытарыяльна і арганізацыйна, як яны ёсць, з разліковымі рахункамі. Інтэграцыйная структура на чале — гэта сыравінныя зоны па малаку і мясе. Яны павінны працаваць на вас. Ад сыравінных зон мы не адмовімся», — дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што выканкамы павінны быць надзелены сваімі паўнамоцтвамі і функцыямі паводле закону: «Яны кантралююць кадравую палітыку, глядзяць арганізацыю, сацыяльная сфера вялікая, ідэалогія, выбары і іншае. У іх шмат пытанняў. І яны не будуць пярэчыць, калі нехта збоку (ваша інтэграцыйная структура) дапаможа іх гаспадаркам працаваць. Але яны гаспадары там. Калі нехта, у тым ліку губернатар, будзе ўразаць іх паўнамоцтвы, значыць, атрымаеце па руках».
«Калі мы разбалансуем кіраванне краінай, ніякія структуры нікому будуць не патрэбны», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Ён згадаў і аб праведзеных выбарах, той факт, што ў Віцебскай вобласці грамадзяне падтрымалі кандыдатаў, за якіх прасіла ўлада. «Людзі ў нас залатыя. У Віцебскай вобласці больш за ўсё прыйшлі і прагаласавалі за тых, каго мы прасілі. Што яшчэ трэба ад гэтых людзей? Дык давайце мы павернемся да іх!» — заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт заклікаў пачынаць з зарплаты работнікаў, каб людзі маглі больш-менш нармальна жыць і карміць свае сем’і: «Павернецеся зарплатай да людзей і спецыялістаў — будзе вынік».
«Па-старому жыць нельга больш», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Па матэрыялах БелТА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *