Свята вёскі ў Асвеі

Актуально Жизнь сельских Советов

Вёска жыве сваім непаўторным жыццём: яно тут ціхае, няспешнае, без звыклай гораду мітусні. Але ў святы вёску не пазнаць!

Сельскія вуліцы ажываюць і звіняць радасным гоманам. Такое шматлюднае і вясёлае свята адбылося ў Асвеі.
У гэты дзень нават спагадлівае надвор’е так і запрашала людзей выйсці на вуліцы роднага пасёлка і разам з суседзямі і гасцямі павесяліцца ад душы.
Сёлета свята ў Асвеі было адметным тым, што аб’яднала ў сабе два мерапрыемствы. У гэты дзень святкаваў увесь пасёлак і яго шматнаселеная вуліца Себежская. Менавіта тут і разгарнулася гулянне.
Мясцовая жыхарка Кацярына Маслоўская распрацавала свой сцэнарый, зрабіла святочны плакат і падабрала адпаведную музыку. Такая ініцыятыва арганічна пераплялася з праграмай, падрыхтаванай работнікамі Дома культуры і песнямі ў выкананні вакальнай групы «Вясёлы настрой».
Старшыня сельвыканкама Сяргей Навіцкі шчыра павіншаваў прысутных са святам, пажадаў шчасця і дабрабыту, а Себежскай вуліцы – далейшага росквіту. Цёплыя словы асвейцам адрасавала і дэпутат вуліцы Себежскай Алена Весялова.


Віншаванні, а таксама Граматы і падарункі падчас мерапрыемства атрымалі самыя маленькія жыхары Асвеі, якія з’явіліся на свет сёлета – Ілля Мароз, Сафія Самусёнак і Арцём Чаранцоў. Апладысменты гу-чалі і для сямейных юбіляраў: «залатое» вяселле адзначылі Валянціна і Аляксей Дрозд, а «каралавае» адразу тры пары – Антаніна і Анатоль Бондаравы, Дзіна і Валерый Зінкевічы, Алена і Анатоль Аляхновічы.


Вуліца Себежская моцная сваімі традыцыямі, багатая на таленавітых і працавітых людзей.
Тут заўсёды дагледжаныя сядзібы, няма ніводнай, што была б у запусценні ці не мела гаспадара. Вуліца жыве адной вялікай і дружнай сям’ёй: добрыя суседзі – што можа быць лепшым?! Нездарма кажуць: «Выбірай не хату, а суседа». Дык вось – на гэтай вуліцы кожнаму гаспадару пашанцавала з суседзямі. І моладзь не спяшаецца з’ехаць з роднага куточка – працягвае жыць там, дзе жылі і жывуць іх дзяды і бацькі.
Рыхтуючыся да свята, гаспадары прыбралі і ўпрыгожылі свае падворкі. Было шмат кветак, гародніны і садавіны, музыкі і, канешне, шчорды стол. Гасцей віталі хлебам-соллю. Адмысловы пачастунак на агульны стол прыгатавалі гаспадары кожнага дома.
Тут жа можна было пачаставацца духмянымі юшкай і шурпой, што гатавалі Аляксей і Алена Альховікі. Госці з Расіі, яны з задавальненнем разам з дзецьмі прыязджаюць летам у Асвею на дачу. І заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у жыцці вуліцы і пасёлка, як і дачнікі з Наваполацка, Латвіі. Асвея стала для іх таксама родным куточкам.


Было на што падзівіцца на выставе народнай творчасці: разнастайныя вышыванкі, саматканыя посцілкі і іншыя цікавыя і прыгожыя рэчы захаплялі вока і былі арыгінальным упрыгожваннем.
Хапіла часу падчас свята і на ўспаміны аб мінулым: старажылы расказвалі аб сваёй вуліцы, жыцці падчас вайны. Віктарына аб гісторыі пасёлка выклікала агульную зацікаўленасць: разам нагадвалі, калі быў заснаваны пасёлак, хто з’яўляўся першым сельскім галавой, якая расліна найбольш распаўсюджана ў гэтай мясцовасці, чым славіцца Асвейшчына. На апошняе пытанне адказалі аднадушна – возерам і гасціннымі людзьмі. А яшчэ жыхары вуліцы Себежскай падзяліліся самымі незабыўнымі для іх успамінамі, звязанымі з Асвеяй. Імі аказаліся вяселлі, якія тут святкаваліся, народзіны і наваселлі.
Такія душэўныя святы раскрываюць таленты. Так, для многіх сталі прыемнай нечаканасцю прыпеўкі ў выкананні Ніны Беглікавай. А колькіх жадаючых пад акампанемент акардыяніста Святланы Ашэйчык пусціліся ў скокі і ліха станчылі і вальс, і польку!
Знайшоўся час і для спартыўных перамог. За «вікторыю» на футбольным полі змагаліся чатыры каманды. Перамога дасталася футбалістам Асвейскага заказніка. Другое і трэцяе месцы адпаведна падзялілі Асвейская ДЮСШ і пагранічная застава «Савейкі».
Свята доўжылася да позняга вечара і стала незабыўнай, цёплай і душэўнай старонкай жыцця Асвеі. Традыцыя адзначаць святы асобных вуліц будзе працягвацца.
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *