У Верхнядзвінскіх установах адукацыі адзначылі Дзень роднай мовы

Актуально Год малой радзімы Образование

IMG_4103

У рамках тыдня роднай мовы ў Верхнядзвінскай гімназіі прайшоў фестываль беларускай песні, прысвечаны Году малой радзімы. У выкананні вучняў трэціх і чацвёртых класаў прагучалі як добра вядомыя, так і дастаткова “маладыя” сучасныя песні на беларускай мове.
Кожны год 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Мэта свята – абарона моўнай і культурнай разнастайнасці. Кожны народ павінен памятаць і шанаваць сваю мову, перадаваць яе з пакалення ў пакаленне як самы каштоўны скарб.
У Верхнядзвінскай гімназіі ўвесь бягучы тыдзень праходзіць пад знакам беларускай мовы і літаратуры. Распачалі шэраг цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў два дні фестывалю беларускай песні. Першы святочны канцэрт разам са сваімі настаўнікамі падрыхтавалі вучні трэціх і чацвёртых класаў.

IMG_4082
У гэты дзень у актавай зале гімназіі сабраліся не толькі дзеці і педагогі, але і бацькі маленькіх артыстаў, якія прыйшлі падтрымаць сваіх сыноў і дачок. Хлопчыкі і дзяўчынкі, усе па-святочнаму апранутыя, трохі хваляваліся, але на сцэну выходзілі рашуча і бадзёра. Кожны клас выбраў адну песню на беларускай мове і пастараўся як мага лепш і цікавей прадставіць яе перад гледачамі. Прыгожыя касцюмы, танцы і мілагучная беларуская мова, пакладзеная на музыку таленавітых кампазітараў, — кожнае выступленне атрымалася непаўторным.
Нягледзячы на тое, што тэмай фестывалю былі менавіта песні, дзеці прадэманстравалі на сцэне і іншыя свае таленты. Алег Кох, Ксенія Макеенка і Ілля Лагун выразна і артыстычна прачыталі вершы на беларускай мове. А пасля аднаго з выступленняў вядучыя правялі з залам невялікую віктарыну – нездарма ж фестываль быў прысвечаны яшчэ і Году малой радзімы. Гледачы павінны былі адказаць на некалькі пытанняў пра Верхнядзвіншчыну, напрыклад, у якім годзе ў летапісах упершыню ўспамінаецца наш горад, які Герой Савецкага Саюза нарадзіўся ў вёсцы Барсукі, і якая птушка была выбрана прыродным сімвалам нашага раёна.
Яшчэ адна старонка беларускай культуры, неразрыўна звязаная з роднай мовай і гісторыяй, — гэта легенды і паданні, якія на пряцягу многіх стагоддзяў перадаваліся нашымі продкамі з вуснаў у вусны. Анімацыйны фільм, аўтарам якога з’яўляецца вучаніца 10 “А” класа Вольга Аржаноўская, расказаў гледачам аб паходжанні роду Махоцкіх з вёскі Каханавічы. Гэты ролік стаў пераможцам раённага конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.
За любімымі песнямі і цікавымі нумарамі час праляцеў непрыкметна. І вось усе артысты выступілі, фестываль падышоў да канца. Вынікі свята падвяла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Станіславаўна Маладзечкіна. Канешне, выбраць лепшы нумар было немагчыма, таму ўсе класы-ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі. Фотаздымак на памяць – і дзверы актавай залы гімназіі зачыніліся, каб праз дзень адкрыцца зноў – цяпер ужо для самых маленькіх артыстаў з першых і другіх класаў.
Алёна МАРОЗ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *