Тэма тыдня

Тема недели

Дзень беларускага пісьменства ў Іванаве.

Даніна павагі тым, хто стварае беларускія культуру і асвету.

Удзельнікам свята беларускага пісьменства, якое адбылося 2 верасня ў г. Іванава Брэсцкай вобласці, накіраваў віншаванне Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. У ім гаворыцца: «Паважаныя сябры! Сардэчна віншую вас з юбілейным, дваццаць пятым Днём беларускага пісьменства, які адзначаецца сёлета на гасціннай Брэсцкай зямлі. Гэта свята — знакавая падзея ў культурным жыцці краіны, сведчанне красы і сілы беларускай мовы, духоўных традыцый нашага народа. Многія стагоддзі пісьмовае слова перадае з пакалення ў пакаленне вечныя ідэалы прыгажосці, дабра і справядлівасці, з’яўляецца жыватворнай крыніцай мудрасці і ведаў, надзейным спадарожнікам кожнага чалавека на яго жыццёвым шляху. Святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнічаў асвеце і ўзняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова. Продкі пакінулі нам неацэнны скарб — родную мову, выдатнымі ўзорамі якой з’яўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа. Упэўнены, што, зберагаючы іх спадчыну, сённяшняе пакаленне беларусаў сваёй плённай стваральнай працай будзе ўмацоўваць суверэнітэт і незалежнасць Радзімы. Жадаю вам здароўя, шчасця, згоды, поспехаў і творчага натхнення».

Свята праходзіла на многіх пляцоўках

Цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства адбылася на галоўнай сцэне ў парку райцэнтра. Старт мерапрыемству даў сімвалічны калакольны перазвон і ўзляцеўшыя ў неба белыя галубы.
Шмат гадоў нязменнай часткай Дня беларускага пісьменства з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, якая праводзіцца па благаслаўленні Беларускай праваслаўнай царквы. Яе ўдзельнікі прыбылі ў Іванава і па традыцыі высадзілі Сад Малітвы на тэрыторыі беларускамоўнай СШ у райцэнтры. Прывітальны адрас ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі, агучыў епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін.
Афіцыйную цырымонію прадоўжыла мастацкая тэатралізаваная пастаноўка “Малой радзіме пакланяюся”. Святкаванне Дня беларускага пісьменства праходзіла на розных пляцоўках Іванава на працягу ўсяго дня.

Стваральнікі Яго вялікасці слова

У Іванаве адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія” за творы, напісаныя ў 2017 годзе. У намінацыі “Лепшы твор паэзіі” пераможцам названы Казімір Камейша за зборнік вершаў “Высокі бераг”. У намінацыі “Лепшы твор прозы” адзначаны Васіль Шырко за кнігу “Я някліканы госць”. Журы высока ацаніла зборнік п’ес “Святло вышыні” Георгія Марчука, прысудзіўшы яму перамогу ў намінацыі “Лепшы твор драматургіі”. Аўтарам лепшага твору публіцыстыкі стала Зінаіда Дудзюк за кнігу «Пара высокага сонца».
Узнагародамі адзначаны пераможцы ў намінацыях за лепшыя творы літаратурнай крытыкі, літаратуразнаўства, творы для дзяцей і юнацтва.
Усе пераможцы ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі і сімваламі Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Эстафету прымае Слонім

У Іванаве урачыста перададзена эстафета Дня беларускага пісьменства гораду Слоніму Гродзенскай вобласці. «XXV Дзень беларускага пісьменства прынёс шмат эмацыянальных, цёплых момантаў. За гэта можна падзякаваць усім жыхарам Іванаўскага краю. Свята было арганізавана на высокім узроўні», — падкрэсліў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *