Верхнядзвінцы даглядаюць месцы ваенных пахаванняў

Актуально Год малой радзімы

3 копия

Як ніколі людна было сёлета 1 мая каля брацкай магілы савецкіх воінаў у баравым урочышчы Зона ў наваколлі былой вёскі Маскалёнкі. Вахты Памяці на лясной паляне, у тым ліку з начнымі кастрамі, ужо сталі традыцыйнымі для сяброў народнага клуба “Белыя вароны”. Сёлета план мерапрыемства і яго ажыццяўленне былі падтрыманы кіраўніцтвам раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Актывістамі каханавіцкага клуба напярэдадні была праведзена разведка ўмоў заезду да месца сустрэчы. Выявілася, што сёлета даехаць на аўто да помніка з Асвейска-Полацкай шашы не ўдасца – былое чыстае баравое наваколле сёлета на вялікім працягу ўяўляе сабою свежыя дзялянкі з глыбокімі каляінамі, прарэзанымі магутнай лесавознай тэхнікай па ўсіх напрамках колішніх ціхіх дарог. Немагчыма праехаць ад асфальту і галоўным шляхам, які вядзе да пясчанага кар’ера – тут ужо не менш магутныя самазвалы дарожнікаў прадавілі да сыпучых пяскоў ранейшую гравійку, зладжаную вайскоўцамі, з-за чаго нейкія 150 метраў яе сталі непераадольным бар’ерам для слабаматорнай тэхнікі.
Таму не дзіва, што першымі на паляне, светлай ад сонечнага зеляніва бяроз, з’явіліся веласіпедысты. Гэта была хлапечая група з Каханавічаў на чале з Пятром Пятровічам Квяцінскім і сябрына бароўскіх школьнікаў, якая дагэтуль пераначавала на сядзібе сваёй кіраўнічкі Галіны Ягораўны Кухаронак у вёсцы Выдрыцкія. Затым маляўнічай групай упрыгожылі майскі пейзаж дарослыя і малеча з тых, што прыехалі на аўто.
Па ўзгодненым плане пасля інструктажа па правілах паводзін на паляне распачаўся мэтанакіраваны рух. Пасажыры чатырохколавага транспарту – дарослыя і дзеці – адразу ўзяліся за фарбаванне агароджы і надпісаў на стэле. Пасля кароткага адпачынку да справы далучыліся веласіпедысты.
Каханавіцкія і бароўскія школьнікі мелі таксама магчымасць паспаборнічаць у вызначэнні азімутаў і элементаў спартовага арыентавання. Вынікі “разведчыкаў” і “стралкоў” засведчылі, што прадстаўнікі абедзвюх школ недарэмна называюць сябе турыстамі.
Калі помнік на брацкай магіле і яе акружэнне набылі святочны выгляд, усе сабраліся на мітынг-рэквіем. Прысутныя пачулі звесткі пра гісторыю пахавання, якому споўнілася 35 год.
…У лясах паміж Задзежжам і Стралкамі адбываліся жорсткія баі. Тут непадалёк быў і палявы шпіталь. Падчас падрыхтоўкі да святкавання 40-й гадавіны вызвалення Беларусі сябры Верхнядзвінскага раённага клуба “Шукальнік” пазнаёміліся з жыхаркай вёскі Селядцова Антанінай Тарасаўнай Мацулевіч. Яна расказала, як адразу пасля праходжання фронту, ратуючыся ад галадухі, яшчэ дзяўчом з бабуляй збірала чарніцы на месцы цяперашняга кар’ера. Занятак давялося адкласці, бо яны знайшлі савецкіх салдат, якіх аднапалчане не паспелі пахаваць падчас імклівага наступлення. Селядцоўскія жыхаркі пахавалі загінулых ва ўзрытым выбухамі пяску і пазначылі месцы тых магіл крыжыкамі, прарэзаўшы іх сцізорыкам на кары маладых сосенак.
Праз 40 год тыя сосны выраслі, а крыжыкі ператварыліся ў вялікія смаляныя крыжы, па якіх і былі вызначаны пахаванні – нібыта сама прырода паклапацілася, каб гэтыя магілы не зараслі мохам забыцця.
У 1984 годзе ўжо было вядома, што баравыя прасторы з іх выспамі-дзюнамі прызначаны на стварэнне пясчанага кар’ера. Стараннямі нашага лясгаса і з ініцыятывы яго былога дырэктара Сяргея Ігнатавіча Ціханчыка салдацкія пахаванні перанеслі ў адну магілу на розбегу лясных дарог. Так захавалася ад кампаніі масавага перазахавання воінскіх парэшткаў у грамадскія цэнтры адзіная на наш час лясная магіла. Тая кампанія, праведзеная ў большасці ў 1955 годзе, шмат пацярпела ад фармалізму, бо на самой справе перапахаваць больш як тры тысячы чалавек было нерэальна. На жаль, абеліскі ўсіх першасных – а іх было 72 – пахаванняў былі закапаныя на месцы, гэта значыць, там, адкуль у большасці выпадкаў былі перанесены ў новыя магілы толькі адна труна з чалавечымі касцямі альбо нават толькі пясочак. Хлопцамі з клуба “Белыя вароны” былі адшуканыя і адноўленыя такія пахаванні ў Асётках, Выдрыцкіх і Гараватках. Абеліскі на іх трывалыя нават пасля доўгага падзямельнага забыцця. Усе тыя магілы зараз ахоўваюцца дзяржавай. Звесткі пра астатнія ёсць у дакументах, але вызначыць іх месцазнаходжанне ўжо фактычна немагчыма.
А. БУБАЛА.

  Ад імя супрацоўнікаў музея звяртаемся да кіраўніцтва лесагаспадарчых і дарожных службаў. Брацкая магіла ў лясным урочышчы Зона з’яўляецца не толькі ахоўным дзяржавай аб’ектам, але і мясцінай пакланення Памяці на турысцкіх маршрутах. Пад’езд да яе ад шашы павінен быць даступным для легкавых аўто і аўтобусаў, бо сярод экскурсантаў шмат людзей сталага веку, для якіх кіламетр знявечанай дарогі непасільны. На наш погляд, лесагаспадарнікі маюць магчымасць для складзіравання зрэзанага лесу ў іншых мясцінах, па-за цэнтральным пад’ездам да помніка, а дарожнікі – паклапаціцца пра нармальны яго стан. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *