У святара з Верхнядзвіншчыны кветкі цвітуць круглы год

Актуально Год малой радзімы Наш край

За акном усё яшчэ марознае надвор’е, а ў Росіцу прыйшлі не тое што вясна, а само лета – у аранжарэі пробашча касцёла айца Часлава зацвілі лілеі.

IMG_8571 копия

IMG-fdb62af39cb5ad5b3034029347d58327-V копия 3

Гэты неардынарны чалавек, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” не перастае здзіўляць сваімі знаходкамі. Ён клапоціцца аб тым, каб прыгожы куточак нашай малой радзімы быў адметны ад усіх іншых і прыцягваў людзей сваімі дзівосамі. У любую пару года ёсць чым уразіць: не паспее сыйсці снег, як зацвітаюць гіяцынты, крокусы, фіялкі, а неўзабаве з’яўляюцца тысячы цюльпанаў у памяць аб росіцкіх ахвярах вайны. Вясной і летам іх змяняюць дзесяткі відаў кветак і зялёных раслін, тэрыторыя касцёла ператвараецца ў райскі куточак, дзе так добра памаліцца, паразважаць аб жыццёвых каштоўнасцях, адпачыць душой.
Сярод экзатычных раслін айца Часлава – паўднёвыя магноліі, якія прыжыліся тут і абяцаюць зацвісці ўжо ў маі. А нядаўна ў зялёнай гаспадарцы святара адбылося сапраўднае цуда: вялікімі гронкамі расквітнелі лілеі – гароднінныя кветкі, тэрмін цвіцення якіх — сярэдзіна ліпеня. Айцец Часлаў вырашыў паэксперыментаваць з лілеямі яшчэ зімой: высадзіў лукавіцы ў гаршкі і трымаў у падвале, падкармліваў і паліваў па тэхналогіі. Удзячныя расліны адплацілі надзвычай прыгожымі жоўтымі і аранжавымі кветкамі, якія з’явіліся 20 сакавіка. Святар збіраецца ўпрыгожыць імі святыню да Вялікадня.
А ў другую суботу мая запрашае ўсіх жадаючых на духоўную сустрэчу “У валадарстве магнолій”. Да той пары Росіца павінна ажыць, расквітнець, напоўніцца бусліным клёкатам – вакол касцёла белыя птушкі засялілі чатыры гнязды. Айцец Часлаў чакае сем’і з дзецьмі – добра прывучаць іх да духоўнага жыцця і прагі прыгажосці. Пабываўшы ў Росіцы, кожны бярэ з сабой у дарогу гэты асобы зарад творчасці, якому шмат ёсць прымянення на нашай зямлі.
С.ДЗВІНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *