Захаванне памяці — наш абавязак

Актуально Память

Штогод у лютым – сакавіку грамадства Верхнядзвіншчыны трымае своеасаблівую справаздачу ў справе захавання памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Апошнімі гадамі ў сусветным рэквіеме ўсё мацней гучыць голас Асвейскай трагедыі. 

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У 2013 годзе, падчас мерапрыемстваў, прысвечаных 70-й гадавіне трагедыі вёскі Хатынь, у Мінску адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Нацысцкія рэпрэсіі і мірнае насельніцтва Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны ў кантэксце крытычнага разгляду гісторыі і дыялогу пакаленняў”. За мінулыя пяць гадоў прайшоў шэраг мерапрыемстваў па да-дзенай праблеме. У 2014 годзе ў Маскве адбыўся V Міжнародны кангрэс “Знішчэнне гарадоў і вёсак у Еўропе ў гады Другой сусветнай вайны”.
Па ініцыятыве Хатынскага мемарыяла была выдадзена серыя дакументальных кніг, дзе сярод старонак з пералікам людскіх ахвяр і спаленых вёсак, успамінаў сведкаў “дзікага палявання” карнікаў самую вялікую колькасць складаюць матэрыялы з Верхнядзвіншчыны. Клопатамі і за сродкі раённай арганізацыі Фонда міру (А.Татарчук) у 2015г. ажыццёўлена каштоўнае выданне – зборнік успамінаў “Па слядах вогненнай памяці”.
У форуме, прысвечаным 70-годдзю Асвейскай трагедыі, упершыню прынялі ўдзел прадстаўнікі нямецкага боку. У міжнародным праекце “Павышэнне статусу ўцалелых жыхароў спаленых беларускіх вёсак”, які ажыццяўляўся Беларускім Фондам міру і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы германскага фонду “Памяць, адказнасць і будучыня”, асаблівая ўвага была нададзена азнаямленню міжнароднай грамадскасці з Асвейскай трагедыяй — падзеямі, звязанымі з карнай экспедыцыяй фашыстаў пад кодавай назвай “Зімовае чараўніцтва”. У апошнія гады акцыя мае працяг у выгля-дзе міжнароднага праекта “Сацыяльная падтрымка людзям, якія выжылі ў спаленых беларускіх вёсках 1941 — 1944 гг.”.
Аўтару гэтага артыкула давялося ўдзельнічаць у большасці з названых акцый, дзе я імкнуўся прыцягнуць цікавасць і інфармаваць навуковыя колы, шырокую грамадскасць еўрапейскіх і постсавецкіх краін аб фактах генацыду і масавага знішчэння мірнага насельніцтва нашага краю ў гады акупацыі.
Сёлетні год асаблівы – наша краіна і міжнародная супольнасць адзначаюць 75-годдзе Хатыні, якая стала сімвалам ахвярнасці Беларусі ў Другой сусветнай вайне.
20 – 22 сакавіка ў Мінску і Хатыні адбудзецца Міжнародны сімпозіум, прысвечаны гэтай даце. Яго тэматыка чытаецца ў назве гэтага важнага форуму: “ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ У ГАДЫ БЕСЧАЛАВЕЧНАГА — захаванне памяці аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны ў савецкі і постсавецкі час: гістарычны, адукацыйны і сацыяльна-культурны кантэкст”. Да дыялогу пакаленняў запрашаюцца супрацоўнікі музеяў (мемарыялаў), дзе ўвекавечана памяць аб ахвярах трагедый мірных людзей, сведкі знішчэння нацыстамі населеных пунктаў, навукоўцы, даследчыкі і спецыялісты ў галіне дадзенай праблематыкі, маладыя навуковыя работнікі, студэнты, навучэнцы старэйшых класаў, якія займаюцца вывучэннем пазначаных праблем і тэм.
Праграма прадугледжвае пра-вядзенне пленарнага пасяджэння, працу секцый, дыскусіі, падвядзенне вынікаў, удзел у памятных мерапрыемствах. Мяркуецца сумесная секцыйная праца ўдзельнікаў сімпозіума. Запланаваныя наступныя секцыі:
 Хатынь 1551 – 2018 гг.: невядомыя старонкі гісторыі;
 Каб ведалі і памяталі: населеныя пункты, знішчаныя нацыстамі ў Еўропе;
 Чалавечнасць і нялюдскасць: роля чалавека ў цяжкіх крызісных сітуацыях;
 Відавочцы падзей: захаванне вуснай гісторыі;
 Культура памяці або культура помнікаў: захаванне і трансфармацыя гістарычнай памяці;
 Выкладанне гісторыі Другой сусветнай вайны: праблемы падачы інфармацыі аб масавай гібелі мірнага насельніцтва;
 Уплыў сучасных інфарма-цыйных тэхналогій на захаванне і распаўсюджванне інфармацыі пра Другую сусветную вайну.
Сімпозіум плануе звярнуць увагу грамадскасці розных краін на праблему ўзмацнення ідэалогіі шавінізму, нецярпімасці і мілітарысцкіх настрояў у краі-нах Еўропы. Уяўляецца магчымым і неабходным інфармаваць еўрапейскую і сусветную грамадскасць з дапамогай правядзення асветніцкіх акцый не толькі пра факты масавага знішчэння мірных людзей на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны, але і паказаць прыклады чалавечнасці і самаахвярнасці людзей рознай нацыянальнасці і розных сацыяльных груп у гады ваеннага ліхалецця, і наадварот жорсткасці і нялюдскасці. Заўсёды застаецца актуальнай задача грамадзянскага і антываеннага выхавання новых пакаленняў шляхам шырокага раскрыцця тэмы трагедыі мірнага насельніцтва ў 1939 – 1945 гг.
У сугучнасці з названымі мэтамі важна прааналізаваць, як добрыя намеры ўвасабляюцца ў жыццё ў нашым раёне.
Сёлета праведзена вялікая як па аб’ёме, так і па значнасці праца – пашпартызацыя пахаванняў ахвяр фашызму. Аформлены пашпарты на 130 памятных мясцін такога кшталту, кожнай з іх прысвоены ўліковы нумар, а звесткі занесены ў дзяржаўны банк дадзеных.
Праца па пашпартызацыі ахвярных магіл выклікала неабходнасць маніторынгу іх стану і ажыццяўлення мерапрыемстваў па паляпшэнні стану помнікаў.
Як вядома, за кожным з помнікаў гісторыі, а да іх адносяцца і магілы, і помнікі ахвярам фашызму, замацаваны шэфы. Але варта прызнаць, што шэфскаму клопату падчас бракуе сапраўднай гаспадарчасці ў доглядзе за даручанымі аб’ектамі. Неабходнасць прыкладання да кожнага пашпарта каляровай фатаграфіі ў шэрагу выпадкаў прымусіла прадстаўнікоў дзяржаўнага кантролю за станам помнікаў у асобах супрацоўнікаў сельвыканкамаў не толькі напомніць шэфам пра іх грамадзянскі абавязак, але і патрабаваць яго належнага выканання.
Нам нельга “апускаць планку” раёна, вядомага ў рэспубліцы сваімі адказнымі адносінамі да лозунга “Ніхто не забыты”. Працы наперадзе дастаткова. Калі абсалютная большасць помнікаў на брацкіх і адзіночных магілах ахвяр фашызму выглядае прыстойна, то самі надмагіллі ў большасці патрабуюць добраўпарадкавання, бо яны ўяўляюць сабой звычайныя грудкі зямлі. Зразумела, што першапачаткова немагчыма было даць ім даўгавечнае абрамленне. Але зараз надаць ахвярнай магіле такі ж выгляд, як мы бачым на пахаваннях грамадзянскіх могілак, зусім няцяжка. На мой асабісты погляд, тут няварта разлічваць на бюджэтня сродкі. Замовіць простае абрамленне для пахавання можна і коштам дабраахвотных унёскаў працаўнікоў арганізацыі-шэфа, або праз мемарыяльны суботнік.
Варта вырашыць і пытанне ўстаноўкі памятных знакаў на тых магілах, дзе яны дасюль адсутнічаюць. Ролю помніка на брацкай магіле каля гаспадарчых майстэрняў у Ігналіне выконвае старая бярэзіна; пахаванне 67 чалавек, знішчаных фашыстамі ў Рагелеве, наогул пакуль не абазначана. Патрэбны пошук дакладных мясцін пахаванняў або спалення жыхароў вёсак Дубровы, Зара. Ёсць помнікі, якія патрабуюць замены, бо пачалі разбурацца (Доўгае, Смалаўкі) ці, зробленыя некалі саматужна, выглядаюць кепска (Ізубрыца, Рудня); нямала яшчэ застаецца “нямых” помнікаў, дзе патрэбна ўстаноўка шыльдаў з надпісамі (Буды, Давыдава, Лісна і інш.) або агароджы, калі яны знаходзяцца сярод палёў ці пашы (Бабы). Трэба паклапаціцца пра належнае абсталяванне месцаў пахавання ахвяр у Расіцы апроч мемарыяла, бо айцец Чэслаў, дай Бог яму здароўя, і так нясе агромністую нагрузку па захаванні і паляпшэнні стану храма, яго наваколля і мемарыялу, якія сталі візітнай карткай нашага раёна ў вачох тысяч пілігрымаў, што хочуць спрычыніцца да нашай Памяці.
Пад увагай шэфаў маецца, акрамя магіл, яшчэ некалькі дзясяткаў помнікаў ахвярам фашызму, догляд за якімі таксама нельга адкладваць на пасля. Некаторыя з іх з часам могуць атрымаць статус магіл, бо пастаўлены на мясцінах спалення мірных жыхароў. Улетку непрыглядны стан бывае ў тых помнікаў, якія знаходзяцца па-за межамі сучасных населеных пунктаў – іх падчас не бачна з-за травы, якая асабліва густа і высока буяе якраз на былых папялішчах, агародах ды хацішчах, на курганах, насыпаных з урадлівай глебы (Запасішкі, Карзуны, Крэўнікі, Цыгельнікі, Шабалы).
Плануючы працу па добра-ўпарадкаванні, даводзіцца, нажаль, прадугледжваць і выкарыстанне матэрыялаў, якія не стануць спакусай для так званых аматараў металу, бо ёсць адзінкавыя выпадкі нялюдскіх адносін да нашых святыняў: у Ліцвяках і Новых Маразах зняты масіўныя ланцугі з агароджаў, а з помніка на магіле ахвяраў вёскі Паплыкаўшчына ў лесе за Лешняй скрадзена шыльда з нержавейкі, падобнай да якой не даводзілася бачыць з-за яе трагічна-шчымлівага зместу – на ёй быў выгравіраваны ліст-пасланне загінулым родным ад імя тых, каму пашчасціла застацца жывымі.
Не сказаць, што ганебнай справай займаюцца толькі дэбілы. У Плігаўках, напрыклад, помнік быў зрынуты меліяратарамі. Помніцца, як адзін з уцалелых жыхароў марыў, каб на месцы яго роднай вёскі быў пастаўлены помнік загінулым яе жыхарам. Як ён быў рады, калі яго мара ажыццявілася ў выглядзе абеліска з чырвонага граніту на кургане! І які горкі жаль агарнуў яго сэрца, калі сучасная тэхніка не толькі спляжыла курган і выкарчавала абярэг-дрэва, але і раструшчыла граніт…
Сапраўднаму клопату аб стане памятных мясцін ёсць у каго павучыцца. Дагледжаная магіла з крыжам і памятная стэла ў Сенькаве ўсцешаць пагляд не нейкімі незвычайнымі формамі ці маштабам, а сваёй рупнай, чыстай і кветнай дагледжанасцю. Надоўга прыпыніцца прымушаюць пом-нікі на магіле дзяцей-ахвяраў фашызму на ўзлеску над Свольнай у наваколлі Дабраплёсаў (шэф – райаграсэрвіс), на месцы расправы карнікаў у Мыленках (шэф – мытны пост); міжволі ўкленчыш пад крыжамі мемарыялаў у Ардаўскіх і Барысаве (дабраахвотны клопат гаспадароў комплекса “Чырвоны Бор”). Здзівіць сваёй нечаканасцю новая стэла на месцы спаленай вёскі Пушчавыя, сляды якой ужо зніклі ў яловых пасадках і куды ніякі кантралёр сёння не дабярэцца без правадніка. Відаць, у тых, хто да справы захавання Памяці ставіцца належным чынам, найлепшым правадніком з’яўляецца іх высокая грамадзянская свядомасць.
А. БУБАЛА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *