Тэма тыдня

Тема недели

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 снежня на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў.
«Да тэмы развіцця прадпрымальніцтва мы звярталіся не раз. Аднак у такім шырокім фармаце мы сустракаемся ўпершыню. Сярод прысутных — прадстаўнікі ўлады, усіх сфер бізнесу — ад рамеснікаў да ўладальнікаў буйных прыватных кампаній. Аб’ядноўвае нас усіх адно — дакладнае разуменне таго, што малы і сярэдні бізнес — гэта важнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі, а значыць, і існавання дзяржавы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што, праглядаючы раніцай СМІ і чытаючы агляды, убачыў нейкую крыўду з боку прадстаўнікоў пэўных палітызаваных структур: нібыта іх не запрасілі на сустрэчу. «Што датычыцца скаргаў гэтых спадароў, павінен сказаць, што ў нас сёння не палітычная нарада і палітычных кампаній пакуль няма. Праўда, праходзяць выбары ў мясцовыя Саветы — дык гэта трэба ісці туды і там, не крыўдзячыся, весці дыялог. А сёння я запрасіў сюды людзей, якія займаюцца справай і ўдзельнічаюць у палітыцы тады, калі ідуць палітычныя кампаніі. Таму крыўдзіцца не трэба, што тут не ўсіх паклікалі. Усіх паклікаць не маглі, а з тымі, хто крыўдзіцца, сустрэнемся на парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбарах, таму што ў іх больш палітыкі, чым бізнесу», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што нікому не забараняецца ўдзельнічаць у палітыцы. «Я нават настойваю, каб бізнесмены ўдзельнічалі ў палітыцы. Але толькі вы помніце, каб потым не было крыўды: у палітыцы іншыя законы і правілы. Пастарайцеся перабудавацца ў сваім жыцці з эканомікі на палітыку, і ўсё будзе нармальна. Ні ў якім разе не трэба змешваць гэтыя паняцці і блытаць іх», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт заўважыў, што некаторыя «дзеячы» папракалі ўлады ў тым, што ў Беларусі дзелавому чалавеку немагчыма разгарнуцца. Маўляў, яго звязалі па руках і нагах. «Вы ведаеце, калі ішла размова да прыняцця гэтых нарматыўных прававых актаў, дэкрэтаў, указаў, я гэта чуў таксама. Скажу адкрыта: я ў гэта ніколі не верыў, нават тады, калі мы пайшлі на прыняцце гэтых нарматыўных прававых актаў. Самае галоўнае сведчанне таго, што ў нас можна і трэба працаваць прадпрымальнаму чалавеку, — гэта вы. Вы пачалі свой бізнес у тыя «немагчымыя» гады і адбыліся», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што некаторыя краіны трацілі дзесяцігоддзі на тое, каб адвучыць розных дзялкоў вырашаць праблемы з дапамогай хабару і бандыцкіх разборак. «Мы гэтага па вялікім рахунку не дапусцілі. І гэтага ў Беларусі ніколі не будзе», — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яшчэ ў пачатку прэзідэнцтва яму давялося разбірацца з дзейнасцю арганізаваных злачынных груповак. «Мы гэта пытанне вырашылі за месяц, іх не стала», — заявіў беларускі лідар.
У той жа час і з боку бізнесу павінна быць сумленная гульня, падкрэсліў Прэзідэнт.
«Ініцыятыўнасць, прыстойнасць, празрыстасць і максімальная адказнасць перад сваімі работнікамі і грамадствам павінны стаць асновай вашай дзейнасці. Усё гэта прадугледжвае рашучую адмову ад якіх-небудзь шэрых схем. Лічу, што крымінальныя справы, калі на адной лаве падсудных аказваюцца чыноўнікі і бізнесмены, кідаюць цень як на ўладу, так і на дзелавую супольнасць. Злачынная дзейнасць — гэта ганьба, яе трэба строга спыняць! Спадзяюся, у гэтым мы аднадумцы. Інакш нам з вамі проста не па дарозе», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Падпісаны дэкрэт
«Аб развіцці лічбавай эканомікі»

Паводле слоў Прэзідэнта, галоўная мэта дакумента — стварыць такія ўмовы, каб сусветныя IT-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт.
«Другая мэта дэкрэта — інвестыцыі ў будучае. Гэта IT-кадры і адукацыя. Трэцяя — укараненне найноўшых фінансавых інструментаў і тэхналогій. Вядучыя эканомікі свету яшчэ толькі прыглядаюцца да гэтай новай з’явы. Беларусь становіцца фактычна першай у свеце дзяржавай, якая адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн. У нас ёсць усе шанцы стаць рэгіянальным цэнтрам кампетэнцый у гэтай галіне», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён падтрымаў усе прапановы прадпрымальнікаў, якія складаныя тэмы яны ні закраналі б.
«Ёсць у нас прагрэсіўныя людзі, якія падумалі ўжо, як гэтым займацца. Я падумаў так: у нас сёння гэтага няма, калі нешта будзе добрае — у плюс, калі будзе ў мінус — я ведаю, з каго патрабаваць», — сказаў ён.
Больш таго, заўважыў Прэзідэнт, з прыняццем дэкрэта ў Беларусі не толькі будуць створаны ўмовы для развіцця IT-сферы, але і набыты ўнікальныя канкурэнтныя перавагі для прыцягнення тэхналогій, капіталаў і, галоўнае, разумных і таленавітых людзей з усяго свету.

Актыўней развіваць бізнес
у малых гарадах і сельскай мясцовасці

Кіраўнік дзяржавы падрабязна спыніўся на тэме развіцця гандлю і паслуг у вёсцы і павышэння самазанятасці грамадзян. Ён выказаў заклапочанасць тым, што малы і сярэдні бізнес сёння сканцэнтраваўся ў асноўным у сталіцы і іншых больш-менш вялікіх гарадах. «Калі гэта сфера паслуг, то яшчэ зразумела. Дзе больш людзей — там і гандаль, і іншы сэрвіс, — прадоўжыў Прэзідэнт. — Але калі гаварыць пра вытворчасць, то яе лепш ствараць на перыферыі, дзе недарагая рабочая сіла, свабодная зямля, блізка рэсурсы. Акрамя таго, там дзейнічае рэжым прэферэнцый, уключаючы льготы па падатках, мытных пошлінах, паслабленні пры экспартным гандлі».
На думку кіраўніка дзяржавы, не ўсё адназначна і ў невытворчай сферы. Апошнія гады назіраецца скарачэнне магазінаў у сельскіх населеных пунктах. Толькі з 2012 па 2015 год колькасць гандлёвых аб’ектаў зменшылася на 10%. Нізкая наведвальнасць аб’ектаў бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання робіць іх работу не толькі нерэнтабельнай, але і неапраўданай з эканамічнага пункту гледжання. У выніку там, дзе некалькі гадоў таму былі нармальна працуючыя магазіны, рэстараны або атэлье, сёння засталіся пустыя будынкі.
«Мы абавязаны сур’ёзней падумаць аб вяскоўцах і аб якасці іх жыцця», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Тым, хто жыве ў аграгарадках, гарантаваны цвёрдыя сацыяльныя стандарты, але гэта толькі мінімум. Сучасныя людзі маюць патрэбу ў якасным рамонце дамоў, бытавой тэхнікі, у стрыжцы, у шыцці адзення, у многім іншым.
«Малы бізнес здольны гэта зрабіць. Але павінны быць адпаведныя ўмовы і даступныя цэны на паслугі ў сельскай мясцовасці», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Ва ўказе аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання прадугледжана ўсё магчымае для змяншэння затрат сельскіх прадпрымальнікаў. Няма падатку на дабаўленую вартасць, а гэта прыкладна пятая частка цаны. Падатак на прыбытак — усяго 6% — у тры разы ніжэй за агульную стаўку. Падаткі на зямлю і нерухомую маёмасць наогул не спаганяюцца.
«Вызначаць канкрэтныя тэрыторыі з такім ільготным рэжымам будуць абласныя Саветы дэпутатаў, гэта значыць, на месцах. Тут патрэбны разумны падыход. Каб не атрымалася так: межы Мінска або абласнога цэнтра перасек, а там — падатковы рай. Не для таго прыняты такія значныя паслабленні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дарэчы, калі ў аддаленых раёнах імі скарыстаецца замежны бізнес, напрыклад, з прыгранічных Браншчыны, Смаленшчыны, літоўскіх або ўкраінскіх рэгіёнаў, то гэта толькі плюс. Важна захаваць вёску і даць ёй новае жыццё».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *