Верхнядзвінская мастачка стварыла сваю кнігу

Культура

Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку пройдзе абласная выстава-агляд самаробнай кнігі, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

IMG_0347 копия
Арганізатары ставяць перад сабой мэту папулярызаваць чытанне праз незвычайную творчасць: не кожны дзень даводзіцца паглядзець на кнігу, выкананую ўручную, ад вокладкі да рукапіснага тэксту. А калі яшчэ і паспрабаваць зрабіць яе самастойна? Не дзіўна, што гэтай ідэяй захапілася шмат творчых людзей з розных куткоў Віцебскай вобласці.
Фантазія майстроў не абмежавана: работу можна выконваць з прымяненнем любых матэрыялаў і тэхнік, за выключэннем камп’ютарных тэхналогій. Ацэньвацца будзе арыгінальнасць ідэі, наяўнасць ілюстрацый, мастацкае афармленне, разнастайнасць выкарыстаных тэхнік, пісьменнасць і дакладнасць зместу. Тэкст для самаробнай кнігі самому складаць не трэба: можна прыгожа аформіць любы твор беларускіх аўтараў (у тым ліку паэтаў і пісьменнікаў Віцебскай вобласці), а таксама дзіцячай ці краязнаўчай літаратуры.

IMG_2635 копия
Ларыса Васільеўна Шаўчэнка, мастак-афарміцель Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, удзельнічае ў конкурсе ў намінацыі «Лепшае мастацкае афармленне кнігі краязнаўчага накірунку, створанай самастойна». Кнігу для выставы-агляду ўжо зрабіла.
— Ідэя ўзнікла неяк адразу, — расказвае Ларыса Васільеўна. – Як толькі пачула ўмовы ўдзелу ў выставе, патрабаванні да самаробнай кнігі, перад вачыма тут жа ўзнік вобраз таго, што хачу зрабіць. Над выбарам твору я таксама нядоўга думала — вырашыла, што лепш за ўсё будзе ўзяць якую-небудзь легенду нашага краю.
Паколькі прапаноўвалася зрабіць кнігу з дапамогай некалькіх тэхнік, выкарыстоўвала шмат падручных матэрыялаў. Форма-вокладка – гэта каробкі ад цукерак, абцягнутыя скурай і ўпрыгожаныя рознымі паеткамі. Яна выканана ў тэхніцы скрапбукінг. Унутраныя ўпрыгожванні зроблены з прымяненнем квілінга. Мне даўно хацелася зрабіць у гэтай тэхніцы нешта больш складанае за шакаладніцы. Калі прачытаць легенду, можна зразумець, што квілінг адлюстроўвае яе сюжэт: знізу – гэта вада, лілеі, якія сімвалізуюць азёры. Усіх сакрэтаў раскрываць не буду. Трэба прачытаць легенду, тады ўсё будзе зразумела.
Акрамя квілінга, унутры ёсць элементы вышыўкі, якія зрабіла Валянціна Уладзіміраўна Сят-коўская. Ну і раз я мастак па прафесіі, не абышлося без жывапісу. У выніку атрымалася ў мяне «кніга ў кнізе», як матрошка: спачатку форма-вокладка, а ўжо ў ёй сама кніга.
Яшчэ ў конкурсе самаробнай кнігі прымае ўдзел бібліятэкар з Асвейскай бібліятэкі Галіна Эдуардаўна Радзюк. Яе кніга «Блакітныя вочы Асвеі» выканана ў выглядзе скарбонкі. Але асноўны акцэнт зроблены на аўтарскі верш Галіны Эдуардаўны, прысвечаны Асвейскаму возеру. Таму работа падаецца ў намінацыі «Лепшае мастацкае афармленне твораў пісьменнікаў і паэтаў Віцебшчыны». На вокладцы кнігі – вобраз цудоўнай дзяўчыны з блакітнымі вачамі, які сімвалізуе Асвею. Унутры створана возера з лебедзем. У рабоце таксама выкарыстаны розныя тэхнікі: квілінг, жывапіс, аплікацыя.
Зараз на работы «Верх-нядзвіншчына ў легендах і паданнях» і «Блакітныя вочы Асвеі» прыходзяць паглядзець цікаўныя калегі, а ўжо ў верасні арыгінальнымі кнігамі змогуць захапляцца госці Дня беларускага пісьменства.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *