Тэма тыдня

Тема недели

tema-nedeli

Беларусь гатова правесці на самым высокім узроўні ІІ Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 кастрычніка ў Мінску на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што акцэнт пры правядзенні гэтых маштабных міжнародных спаборніцтваў будзе зроблены на душэўнасці і стварэнні камфортных умоў для спартсменаў і балельшчыкаў. «Трэба зрабіць так, каб спартсмены адчувалі сябе ідэальна і паказвалі або імкнуліся паказаць самыя высокія вынікі, каб фанаты і балельшчыкі адчувалі, што гэта свята, каб гэтыя спаборніцтвы аб’ядноўвалі ўсіх не толькі ў краіне правядзення, але і ў свеце ў цэлым», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
«Беларусь усё зробіць для таго, каб спаборніцтвы былі добрымі, душэўнымі, і каб вы ніколі не пашкадавалі аб прынятым рашэнні правесці Еўрапейскую алімпіяду ў Беларусі», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у якасці аднаго з прыярытэтаў у рабоце ЕАК зрабіць спорт без межаў, правядзенне розных трансгранічных спаборніцтваў. «Прапануем у рамках ЕАК фарміраваць штогадовы еўрапейскі каляндар такіх міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, уключаючы масавыя. Неабходна для іх удзельнікаў, спартсменаў і балельшчыкаў істотна спрасціць візавыя, пагранічныя і мытныя фармальнасці, аж да іх адмены. Гэта дасць магчымасць прыцягнуць значна большую аўдыторыю», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адна ініцыятыва беларускага боку — распрацаваць у рамках ЕАК праект у сферы дадатковай адукацыі для спартсменаў, якія завяршылі кар’еру. Дадатковай мерай падтрымкі ветэранаў спорту можа стаць і сістэма грантаў на пачатак уласнай справы, асабліва калі размова ідзе аб арганізацыі спартыўных школ або клубаў для дзяцей.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на пытанні барацьбы з допінгам. «Мы вітаем намаганні Міжнароднага алімпійскага камітэта (калі яны давядуць сваю справу да канца) па рэфармаванні сусветнай антыдопінгавай сістэмы», — заявіў ён.
Прэзідэнт адзначыў неабходнасць большай празрыстасці ў дзейнасці ВАДА, уключанасці ў работу большай колькасці краін, што дасць магчымасць пазбегнуць многіх злоўжыванняў і павысіць эфектыўнасць работы. «Беларусь — за чысты спорт. Але калектыўная адказнасць — не лепшы метад. Адхіленне цэлых каманд і краін ад удзелу ў Гульнях — неапраўдана і контрпрадукцыйна, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Пакаранне за парушэнне павінна быць кропкавым і непазбежным, а не ўсеагульным і паспешным. Правы сумленных спартсменаў павінны быць у аснове».

РАБОТА ПА ФІНАНСАВЫМ АЗДАРАЎЛЕННІ СЕЛЬГАСПРАДПРЫЕМСТВАЎ

Вынікі работы па фінансавым аздараўленні сельгаспрадпрыемстваў стануць адчувальныя ўжо ў бліжэйшы час. Такое меркаванне выказаў журналістам у час рабочай паездкі ў Навагрудскі раён прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
З удзелам прэм’ер-міністра ў Навагрудку быў разгледжаны вялікі блок пытанняў па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый Гро-дзенскай вобласці. Яму даложана аб рабоце па рэалізацыі ўказаў «Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў» і «Аб стварэнні і дзейнасці адкрытага акцыянернага таварыства «Агенцтва па кіраванні актывамі».
«Мы знаходзімся на прагрэсіўнай стадыі рэалізацыі гэтых дакументаў. Размова сёння паказала, што не ўсё да канца было ўлічана, абмеркаваны нюансы, якія трэба ўдакладніць. Але зразумела, што напрамак быў выбраны правільна. На месцах ёсць разуменне. Дзякуючы прынятым мерам удасца сур’ёзна аздаравіць сельскагаспадарчыя арганізацыі і як наступная ступень — прадпрыемствы аграперапрацоўкі. Лічу, гэта мы адчуем ужо ў бліжэйшыя некалькі месяцаў», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Ён адзначыў, што сёння ў Гродзенскай вобласці былі агучаны карэктывы, якія трэба ўнесці ў работу па рэалізацыі ўказаў, дадзены адпаведныя даручэнні.
Таксама Андрэй Кабякоў азнаёміўся з работай прадпрыемстваў Навагрудскага раёна.

ПЕРАМОЖЦАМ ПРАЕКТА «УЛАДАР СЯЛА-2016» СТАЛА СЯМ’Я З ВІЦЕБСКАЙ ВОБЛАСЦІ

Пераможцам рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2016» стала сям’я Адамовічаў з Віцебскай вобласці.
Сяргей і Юлія Адамовічы з аграгарадка Ржаўка Бешанковіцкага раёна змаглі заваяваць ганаровы тытул уладароў вёскі гэтага года. Усяго некалькі балаў раздзялілі іх з сям’ёй Аляксандра і Таццяны Салатаў з аграгарадка Арда Клецкага раёна Мінскай вобласці. Трэцяе месца ў праекце «Уладар вёскі» занялі Алег і Вольга Сінькевічы з вёскі Семернікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.
Пераможцы і ўдзельнікі фіналу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі, грашовымі прэміямі ў памеры 80 базавых велічынь кожнаму фіналісту, а таксама бытавой тэхнікай і іншымі каштоўнымі падарункамі.
Фінал «Уладара сяла» праходзіў ў Мінскай вобласці. Галоўнымі героямі папулярнага маладзёжнага праекта былі шэсць сем’яў з розных куткоў Беларусі. Усе яны перамаглі ўжо ў раённых і абласных этапах праекта, цяпер разам са сваімі дзецьмі спаборнічалі за тытул «Уладар сяла-2016» у творчых і сельскагаспадарчых конкурсах.

ЗАВЯРШАЕЦЦА РАБОТА ПА СТВАРЭННІ ЯКАСНЫХ АЎТАТРАС ДА КОЖНАГА АБЛАСНОГА ЦЭНТРА

Беларусь завяршае работу па стварэнні якасных аўтатрас адпаведнага класа, якія звязваюць кожны абласны цэнтр з Мінскам, паведаміў 21 кастрычніка журналістам прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. Сёння ён азнаёміўся з ходам работ па рэканструкцыі аўтадарогі М6 Мінск — Гродна.
«Рэканструкцыя М6 — апошні крок да рэалізацыі ідэі аб тым, што кожны абласны цэнтр павінен быць звязаны з Мінскам дарогамі адпаведнага класа. Рух па магістралі больш інтэнсіўны, праект па яе рэканструкцыі нам вельмі важны. Прадугледжваецца, што ён павінен быць завершаны ў поўным аб’ёме ў канцы 2018 года», — сказаў прэм’ер-міністр. У ліку актуальных наступных праектаў — рэканструкцыя аўтадарогі М10 паміж Брэстам і Гомелем. «Праект будзе рэалізоўвацца на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Разлічваем, што ён пачне працаваць у бліжэйшы час», — адзначыў ён.
Кіраўніку беларускага ўрада таксама далажылі аб планах па спалучэнні аўтатрас з польскім і літоўскім бокам, каб міжнародныя транспартныя калідоры прадаўжаліся адпаведным класам дарог па розныя бакі граніц. «Разуменне ёсць, думаю, што ў бліжэйшыя 3-4 гады нашы грамадзяне ў поўнай меры адчуюць камфорт ад гэтай работы», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Ацаніўшы ход рэканструкцыі аўтадарогі М6, якая вядзецца за сродкі Сусветнага банка, ён адзначыў эфектыўнае супрацоўніцтва Беларусі з банкам. «Гэта выгаднае для нас супрацоўніцтва вя-дзецца не адно дзесяцігоддзе. Важна, што, паступова вяртаючы крэдыт, мы намнога раней атрымліваем магчымасць карыстацца вынікамі праектаў», — дадаў прэм’ер-міністр.
Да 2018 года трэба будзе рэканструяваць участкі аўтадарогі М6 з 57,3 км па 130,4 км і з 197,7 км па 211 км. Штодзённа на аб’екце працуюць амаль 400 чалавек і 330 адзінак тэхнікі. 14-23 верасня адбыўся візіт групы спецыялістаў Сусветнага банка, якая засталася задаволена ходам выканання работ на пачатковых этапах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *