Школа дапамагае сельгаспрадпрыемству

Актуально Образование

Прыгажуня-восень дарыць людзям цудоўны настрой, натхняе паэтаў і мастакоў на новыя творы. Можа, хто і сумуе, гледзячы на адлятаючых у вырай птушак, а вось сялянам сумаваць некалі. Зямля аддае чалавеку багаты ўраджай, і тут кожны залаты восеньскі дзянёк на рахунку.

my-pracuem-kopiya

Вось і вучні 9-11 класаў Шайцераўскай сярэдняй школы два тыдні адпрацавалі на ўборцы бульбы ў ААТ “Прудзінкі”. Наш атрад “Юнацтва” заўсёды з задавальненнем прымаюць у гаспадарцы, бо працуем старанна і адказна.
У нашай каманды ёсць цікавая асаблівасць: дзве Дыяны! Ды якія!
Дыяна Бурак і Дыяна Аўзіна вёдры з бульбай збіраюць так, што настаўнікі ледзь паспяваюць запісваць. Вельмі актыўна ідзе спаборніцтва, бо ніхто з дзяўчынак прайграваць не мае намеру!
На жаль, Дыяна Бурак крышачку прыхварэла, таму першай сярод дзяўчынак аказалася Дыяна Аўзіна, намеснік камандзіра нашага атрада. Яна сабрала 8530 кілаграмаў бульбы! На другім месцы Маргарыта Агурэцкая – 8255 кг, на трэцім – Вiкторыя Верашчака – 7825 кг!

(Злева направа) Д. Бурак, Д. Аўзіна.
(Злева направа) Д. Бурак, Д. Аўзіна.

Сярод хлопчыкаў не было роўных вучню 11 класа Алегу Станкевічу. Гэта сапраўдны “волат” шайцераўскай зямлі! Калі ў мінулым годзе ён сабраў 10240 кілаграмаў бульбы, то сёлета пабіў свой рэкорд – 12416! А 29 верасня Алег адзін сабраў 2 тоны 300 кілаграмаў бульбы!
Астатнія вучні працавалі таксама старанна. Бульбачку збіралі ўсю да апошняй, каб чарговы раз не вяртацца назад. Гэта вельмі радавала нашых настаўнікаў і агранома ААТ “Прудзінкі” Вольгу Фёдараўну Лапкоўскую.
Дні, праведзеныя на ўборцы бульбы, пакінулі толькі добрыя ўражанні і мора эмоцый, бо сумаваць нам было некалі! Каб не адчуваць стомленасці, стараліся весяліць адзін аднаго і ў гэтай нялёгкай працы шукалі толькі пазітыў! Таму і час пралятаў на полі вельмі хутка — трактарны прычэп агульнай вагой 9 тон мы напоўнілі менш чым за тры гадзіны!

Алег Станкевіч.
Алег Станкевіч.

Гэта праца навучыла шмат чаму: пачынаеш па-сапраўднаму адчуваць смак нашай беларускай бульбачкі, разумееш, якая цяжкая сялянская праца на зямлі, колькі каштуюць грошы і як прыемна іх атрымліваць, з гордасцю несці ў кішэні не бацькоўскія рублі, а свае, кроўныя!
Спадзяёмся, што жыхары горада з задавальненнем купяць смачную прудзінкаўскую бульбачку і добрым словам успомняць і нас, вучняў Шайцераўскай сярэдняй школы, а з імі і дзвюх Дыян, якія сёлета працавалі толькі на “выдатна”!
Вікторыя ВЕРАШЧАКА,
вучаніца 10 класа Шайцераўскай сярэдняй школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *