Чым жыве малая вёска?

Актуально Жизнь сельских Советов

Вёска заўсёды жыла сваім асобным, непаўторным жыццём. Трапляеш сюды – і нібыта па-за часам застаюцца гарадская мітусня, штодзённыя клопаты…

В. І. Санкоўская.
В. І. Санкоўская.

Давялося і нам у вераснёўскі дзянёк пабываць у адной з такіх вёсачак.
Наведаць Княжыцы па-раіла старшыня Валынецкага сельскага Савета дэпутатаў Н. П. Ліпоўская.
-Вёска невялічкая, усяго 44 хаты, і жыхароў няшмат – 27 пастаянных і яшчэ дачнікі. Жывуць дружна, дапамагаюць адзін аднаму і вельмі любяць сваю малую радзіму – імкнуцца рабіць усё, каб такая прыгожая мясціна не знікла бясследна, — растлумачыла Надзея Пятроўна.
Вёска сустракала нас усталяваным на ў’ездзе вялікім крыжам. З’явіўся ён зусім нядаўна па ініцыятыве мясцовых жыхароў, а спонсарскую дапамогу аказалі сельскі Савет і ААТ “Антонава-Агра”. Асвяціў крыж айцец Уладзімір. Сяляне ж паклапаціліся аб тым, каб добраўпарадкаваць месца вакол — акружылі невялікім тынам і аздобілі кветкамі.

Марына Чынных.
Марына Чынных.

Увогуле, добраўпарад-каванне населенага пункта – справа агульная. Спачатку ініцыятыву ўзялі дачнікі – пачалі ўпрыгожваць свае сядзібы, а за імі пацягнуліся і астатнія жыхары.
Канешне, гэта мары, але хочацца мясцовым жыхарам, каб вярнулася веліч і прыгажосць былога панскага парка. Раней у гэтых мясцінах жыў упраўляючы пана Беніслаўскага, і гаспадаром ён быў добрым – у сажалцы вадзілася шмат рыбы, была пабудавана аўчарня, выраблялася цэгла. І зараз на агародах людзі знаходзяць тыя цагліны, нягледзячы на час, цэлымі.

Сям’я Уладзіміра і Марыны Чынных жыве ў Княжыцах даўно. На тэрыторыі сядзібы выкапана сажалка, у якой ёсць рыба, вакол высаджаны кветкі. І хай летняга шматквецця ўжо няма, але яшчэ радуюць вока маразянкі, цыніі, флоксы і вяргіні. Чырвонымі гронкамі хваліцца каліна. Гаспадар – майстар плесці з лазы розныя цудоўныя рэчы, а таксама разводзіць пчол. Марыне Захараўне, акрамя хатніх клопатаў, хапае сіл і жадання на агарод і кветнікі.
– Месца тут прыгожае, — тлумачыць гаспадыня, — у лесе і грыбоў, і ягад шмат, рэчка побач. Восенню, калі клёны апранаюць рознакаляровае адзенне, якая прыгажосць навокал! Вясной жа ад чаромхі і квітнеючых садоў наскрозь усё белае.
Вёска багата не толькі прыгожымі краявідамі, галоўнае ж – сваімі дружнымі жыхарамі.
Старэйшынай з’яўляецца Валянціна Аўсянкіна – чалавек нераўнадушны і актыўны, які можа арганізаваць людзей на любую справу. Так, калі старая агароджа на мясцовых могілках была ўбрана, ладзіць новую выйшлі таксама самі сяляне. Увогуле, парадак тут падтрымліваецца пастаянна – заўсёды чыста, абкошана тэрыторыя. І напамінаць аб гэтым нікому не патрэбна – людзі разумеюць, што ўсё, што робяць – для сябе саміх.
Разам і дарогу каменнем падрамантуюць, і бульбу адзін аднаму дапамогуць выкапаць.
Не толькі працаваць жыхары Княжыц могуць разам, але і адпачываць. Цікава адзначылі дзень рыбака, які запомніўся ўсім ўдзельнікам не толькі ўловам, але і смачнай юшкай. Мінулае Ражаство, як і іншыя святы, сустракалі ўсёй вёскай, прадумалі сцэнарый, накрылі святочны стол у клубе. І так, з вясёлымі песнямі, разам сустрэлі свята. Да Масленіцы жанчыны пашылі сваімі рукамі прыгожыя сарафаны.
А каб аб Княжыцах ведалі па-за межамі сельсавета і раёна, стварылі ўласны сайт, дзе абавязкова выкладваюцца відэа і фотасправаздачы аб значных мерапрыемствах, што прахо-дзяць у вёсцы. У Княжыц ёсць нават уласны гімн, словы да якога напісала старэйшына.
Завіталі мы і да яшчэ адной гаспадыні – Веры Іванаўны Санкоўскай. Жанчына ўсё сваё жыццё адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы даяркай, мае працоўныя ўзнагароды, сярод якіх ордэн Леніна, а таксама Працоўнага Чырвонага сцяга і Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Засталі мы яе на агародзе, убіраючай рэшткі ўраджаю.
-Усё стараюся рабіць сама, — кажа гаспадыня, — і дзеці таксама дапамагаюць. Хоць і настойваюць, каб больш адпачывала, але як я, ўсё жыццё адпрацаваўшы, проста так сядзець зараз буду?
На участку — прыгожая альтанка з вінаградам і віншавальнай шыльдай – з днём нараджэння. Нядаўна жанчына адзначыла свой юбілей.
-Дзеці да 80-годдзя мне зрабілі падарунак – планшэт, — кажа Вера Іванаўна. – Цяпер як ёсць вольная хвілінка – ваблю час у інтэрнэце, сёння вось паўночы не спала, гуляла ў розныя гульні. Зарэгістравана і ў «Аднакласніках». Прыемна, што і там атрымала шмат віншаванняў з нагоды дня нараджэння.
Узрост – не перашкода актыўнаму жыццю. І бадзёрасць духа Вера Іванаўна кожны дзень падмацоўвае фізічнымі практыкаваннямі – пачынае кожную раніцу з зарадкі, і, як кажа, яшчэ ніводнага дня не прапусціла.
— Толькі ад самога чалавека залежыць, наколькі сонечным будзе кожны яго дзень, — лічыць Вера Іванаўна.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *