У Верхнядзвінску адбылося свята «Уладар сяла-2016»

Актуально Молодёжная страница "Ветразь"

У Верхнядзвінску адбылося раённае свята “Наша хата ўсім багата”, якое штогод праводзіцца ў рамках рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”.

Сям'я Бугай.
Сям’я Бугай.

У мінулую нядзелю раённы Дом культуры і пляцоўка вакол яго ператварыліся ў яркі і гаманлівы сельскі двор. У чацвёрты раз маладыя вясковыя сем’і, групы падтрымкі, творчыя калектывы і шматлікія гледачы сабраліся на змястоўнае свята, якое так палюбілася жыхарам Прыдзвіння. Сапраўды, цікава паглядзець на тое, як жывуць сённяшнія “уладары сяла”, чым захапляюцца, што ўмеюць, чаго дасягнулі. Да таго ж і прадстаўніцтва аказалася салідным – паўдзельнічаць у конкурсе вырашылі шэсць сем’яў з розных сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Як заўважыла, вітаючы ўдзельнікаў свята, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Францаўна Козел, менавіта дружныя і моцныя сем’і з’яўляюцца асновай сучаснай вёскі і яе будучыняй. Маладыя сямейныя саюзы — гэта надзейныя гаспадары зямлі, выдатныя прафесіяналы, клапатлівыя бацькі, грамадскія актывісты, якія ўплываюць на развіццё сельскага побыту.
Мяркуючы па багатых сталах і выставах, якія размясціліся ў фае РДК, на конкурс прыехалі сапраўды таленавітыя і працавітыя маладыя сем’і. Па ўмовах спаборніцтваў у конкурсе могуць удзельнічаць саюзы, дзе хаця б аднаму з сужэнцаў не больш за 31 год і які працуе ў сельскай гаспадарцы. Але прадстаўленыя на выставачных радах “экспанаты” і без усялякіх дакументаў сведчылі, што за званне лепшага “уладара сяла” змагаюцца поўныя маладога энтузіязму і паглыбленыя ў сельскае жыццё людзі. На сталах красаваліся шчодрыя дары зямлі, прыгожае рукадзелле, стосы ўзнагарод за плённую працу і, канешне, адмысловы пачастунак з прадукцыі сельскіх падвор’яў. Такіх каўбасак, дранікаў са шкваркамі, “канверцікаў” з мясам і тварагом, грыбоў у гаршочках, пірагоў з рыбай, плову ў гарбузе і іншых хатніх прысмакаў не пакаштуеш у гарадской кватэры!
Самым цікавым момантам свята стала прадстаўленне сем’яў. Усе канкурсанты падрыхтавалі свае “візітныя карткі” – расказалі аб тым, што аб’ядноўвае сем’і, якія ў іх схільнасці, любімыя заняткі, творчыя здольнасці.
Сям’я Зіль, напрыклад, абаснавалася на Верхнядзвіншчыне, пераехаўшы з Браслаўскага раёна. Юрый і Наталля атрымалі работу і жыллё ў ААТ “Прудзінкі”. Гаспадар зарэкамендаваў сябе выдатным знаўцам тэхнікі, бездакорна працуе на розных відах сельгасработ, з’яўляецца прызёрам раённага конкурсу аратых. Зарабляць трэба: у сям’і гадуецца трое дзетак! Старэйшая Эвеліна сёлета ідзе ў першы клас, Кірыл наведвае садок, а малодшая двухгадовая Караліна – дома з мамай, але ўжо вельмі самастойная дзяўчынка. Сям’я трымае падсобную гаспадарку: агарод, свіней, курэй, качак. І хоць вольнага часу не стае, бацькі стараюцца арганізаваць малышам добры адпачынак: ездзяць на браслаўскія азёры, у горад на атракцыёны. Гаспадар любіць пакорпацца ў тэхніцы, а гаспадыня захапляецца развядзеннем кветак.
Трое дзяцей і ў сям’і Міхаіла і Аксаны Ламінскіх з сельгаспрадпрыемства “Вужыца-Агра”. Старэйшыя дочкі ўжо выраслі, а малодшай споўнілася чатыры гадкі. Міхаіл працуе ў гаспадарцы механізатарам, Аксана – заатэхнікам. Яны сапраўдныя вясковыя жыхары: трымаюць жывёлу, самі ўпарадкоўваюць сядзібу, любяць працаваць на зямлі. Гаспадар сваімі рукамі зрабіў лазню і гараж, жонка завіхаецца на кухні, славіцца майстэрскімі нарыхтоўкамі на зіму. Любяць вандраваць, адпачыць на прыродзе, з’ездіць на рыбалку ці ў грыбы. Нават святочную выпечку тут гатуюць разам, таму і стол атрымліваецца надзвычай прывабным.
Сям’я Фёдаравых таксама знайшла сваё шчасце на Верхнядзвінскай зямлі. Родам з Расоншчыны, Віктар і Кацярына пачалі тут свой працоўны шлях. Ён – у сельгаспрадпрыемстве “Каханавічы”, яна – у райпо. Абодва атрымалі вышэйшую адукацыю, а пасля таго, як хлопец адслужыў у арміі, ажаніліся. Віктар працуе ў сельгаспрадпрыемстве аграномам, а жонка — упраўляючым справамі ў Каханавіцкім сельвыканкаме. У сям’і нарадзілася дачушка Насценька. Фёдаравы любяць прыроду, падарожжы, тата захапляецца рыбалкай, а мама – маляваннем, да чаго прывучыла ўжо і маленькую дачку.
Толькі паўтара гады жыве ў нашым раёне сям’я Бугай, але па здабытках спраўныя маладыя гаспадары “абагналі” ўжо мясцовых старажылаў. Іван і Алёна пераехалі да сваякоў у ААТ “Бялькоўшчына” з Украіны, калі там пачаліся ваенныя дзеянні. Тут атрымалі работу і жыллё, хутка абжыліся. Зрабілі рамонт дома, паставілі лазню, зладзілі хлеўчукі і загоны для жывёлы, пасадзілі сад, разбілі агарод, добраўпарадкавалі тэрыторыю і нават выкапалі вадаём, дзе разводзяць рыбу. Прывольна адчуваюць сябе на сядзібе трое дзетак: дзесяцігадовы Віталь, чатырохгадовы Арцём і чатырохмесячная Ксеня. Больш за ўсё бацькі любяць займацца з дзецьмі – выязджаць на прыроду, ладзіць сямейныя святы. Таму і дзеці тут растуць дасціпнымі, працавітымі і творчымі.
Спадабалася гледачам гасцінная і дружная сям’я Мяшковых з Сенькава. Сяргей – гарадскі жыхар, але каханне да прыгожай вясковай дзяўчыны Алесі прывяло яго на гэту зямлю. Пачаў працаваць трактарыстам-машыністам у СП “Асвейскі”, стварыў сям’ю. Цяпер у Мяшковых гадуецца двое дзяцей – старэйшая Вераніка перайшла ў другі клас, а маленькаму Арцёму — год і сем месяцаў. А яшчэ ў гэтай сям’і самая вялікая сярод канкурсантаў падсобная гаспадарка, дзе ёсць і карова, і авечкі, і многа птушкі. Нездарма і кулінарную выставу сям’і можна назваць узорам сельскай кухні.
Актыўны лад жыцця вядзе сям’я Бубен з ААТ “Нурава”. Кірыл працуе аператарам зернесушыльнага комплексу, Алена – настаўніца, дачка Ілона ходзіць у трэці клас. Нягледзячы на занятасць па асноўнай рабоце і хатняй гаспадарцы, маладыя людзі ўдзельнічаюць у турыстычных злётах, наведваюць культурныя мерапрыемствы, займаюцца спортам. Знаходзяць час і на ўласныя хобі: у гаспадара гэта – тэхніка, у гаспадыні – рукадзелле, а ў Ілоны – заняткі музыкай.
У пэўніцца ў здольнасцях сем’яў журы і гледачы маглі падчас разнастайных цікавых конкурсаў. Удзельнікі свята ацэньвалі арыгінальныя сельскія падворкі, выставы дасягненняў сямейных гаспадарак, творчыя здольнасці сем’яў. Нямала апладысментаў і жартаў гучала ў спаборніцтвах “Па дровы” і “Святочны воз”, калі канкурсанты паказвалі свой спрыт у вясковых справах. Была на свяце і свая эстафета, у якой мужы і жонкі паказвалі хуткасць і зладжанасць у бегу з вілкамі і чыгунком, сартаванні бульбы, пераносе вады на каромыслах, забіванні цвікоў, спавіванні дзецей і іншых сямейных абавязках. А каб спячы дранікі на калодзе, жонка чысціла і цёрла бульбу, а муж распальваў “калоду” і рыхтаваў на патэльні аладкі.
Не забыліся арганізатары шоу і на іншых удзельнікаў свята. Журы было прапанавана спячы яблычны пірог, а гледачам – паказаць сваё веданне беларускай мовы.
На працягу ўсяго мерапрыемства гасцей весялілі артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці – хор “На-дзея”, салісты ўстаноў культуры РДК. Былі арганізаваны гульнёвыя праграмы і забавы на атракцыёнах.
Хвалюючы момант свята – аб’яўленне пераможцаў. Найбольшую колькасць балаў па выніках усіх конкурсаў атрымала сям’я Бугай з ААТ “Бялькоўшчына”. Ёй і прысуджаны ганаровы тытул “Уладар сяла-2016”. Ганаровую стужку пераможцам уручыла сям’я Салавых – мінулагодні прызёр раённых і абласных спаборніцтваў. Без узнагарод не застаўся ніхто — усе сем’і адзначаны ў асобных намінацыях. “Уладарамі хуткасці” прызнаны Фёдаравы, “Уладарамі падвор’я” – Зіль, “Уладарамі пілы і сякеры” – Мяшковы, “Майстрамі на ўсе рукі” – Бубен, а “Уладарамі прысмак” — Ламінскія.
Гледачы шчыра дзякуюць арганізатарам і ўсім удзельнікам захапляльнага конкурсу, вядучай і рэжысёру Н. Пацянкоўскай, вядучай В.Шакель, артыстам і журы.
А сям’і Бугай жадаем поспеху на абласным этапе конкурсу “Уладар сяла”, які адбываецца сёння ў Шаркаўшчынскім раёне!
С. ДЗВІНСКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *