У Росіцы адбылося свята кветак

Актуально Духовность

Айцец Часлаў Курэчка вітае ўдзельнікаў свята.
Айцец Часлаў Курэчка вітае ўдзельнікаў свята.

У  Росіцкім касцёле Святой Троіцы адбылося свята “І кветкі хваляць Пана!”.

Гэта свята ўзнікла нібы само сабой – яно не магло не нарадзіцца на гэтай незвычайнай зямлі, дзе некалі так абвострана сыйшліся ў процідзеянні дабро і зло, жыццё і смерць. І дзе адказам на гэту барацьбу на колішнім папя-лішчы нянавісці расцвілі тысячы кветак-пераможцаў — палымнеючых “салдат” прыгажосці і любові.
Столькі кветак, колькі цвіце на працягу года каля Росіцкага касцёла, бадай, не ўбачыш больш нідзе ў наваколлі. Ранняй вясной прабіваюцца праз адталую глебу крокусы, гіяцынты і фіялкі, затым разліваюцца морам чырвані цюльпаны і горда бялеюць нарцысы, следам спяшаюцца бягоніі, ліліі, рамонкі. Толькі тут можна ўбачыць экзатычныя магноліі, прывезеныя з далёкага поўдня. Летам наступае час ружаў і канаў, гладыёлусаў і гартэнзіі, азаліі і родадэндронаў. На сажалках распускаюцца рознакаляровыя німфеі нябачанай у нашых мясцінах велічыні. Тэрыторыя касцёла аздоблена кустамі самшыту, берасклету, цісу, дэкаратыўнага арэху, юкі, кітайскага клёну і многіх іншых экзатычных раслін. А ў жніўні-верасні Росіца ўбіраецца ў геаргінавыя карункі – менавіта гэтыя кветкі настаяцель касцёла айцец Часлаў Курэчка абраў сімвалам святога месца. Лічыцца, што геаргін – кветка, якая ўзносіць хвалу Богу. І таму не толькі вакол касцёла, але і далёка ў наваколіцах былі высаджаны тысячы яркіх кустоў – чырвоных, як сімвал любові, і белых – чысціні.

img_1783-kopiya
Упрыгожаны дзівосным цві-ценнем, касцёл здаецца сапраўды райскім куточкам, куды імкнуцца за духоўным аздараўленнем сотні людзей. Настаяцель святыні айцец Часлаў са сваімі аднадумцамі і памочнікамі стараецца спаўна рэалізаваць магутную энергію гэтага гаючага і прывабнага месца. Разам з традыцыйнымі ўрачыстасцямі ўшанавання росіцкіх мучанікаў Антонія і Юрыя, якія адбываюцца ў лютым і жніўні, штогод ладзяцца духоўна-культурныя мерапрыемствы – для мужчын і жанчын, у абарону сям’і і зачатага жыцця. Сёлета ўзяло пачатак новае свята экалагічнага зместу “Зямля пад белымі крыламі”, галоўным “героем” якога стала птушка Беларусі — бусел. А з цвіцення Росіцы нарадзілася ўрачыстасць “І кветкі хваляць Пана!” – свята ўдзячнасці Богу за жыццё, ураджай і прыгажосць навакольнага свету.
Прыняць удзел у ім у Росіцу сабралася вялікая колькасць людзей – вернікаў з мясцовай і навакольных парафій, гасцей з розных куткоў Беларусі. Прыбылі 9 святароў з Віцебскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзій, іншыя духоўныя асобы, прадстаўнікі свецкай улады.

Гурт «Сар'яначка» упрыгожыў свята спевамі.
Гурт «Сар’яначка» упрыгожыў свята спевамі.

Свята пачалося Імшой, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-прэлат Францішак Кісель.
Звяртаючыся да вернікаў з прамовай, ксёндз Вячаслаў Пялінак, які працаваў у Росіцкім касцёле працяглы час і ўнёс значны ўклад у адраджэнне яго гісторыі, нагадаў глыбокі хрысціянскі сэнс, закладзены ў прыгажосці гэтай зямлі. Кветкі Росіцы ўзыйшлі на попеле, слязах і крыві людзей, якія загінулі тут у гады вайны. Яны выраслі там, дзе панавалі нянавісць і злосць, як сімвал перамогі любові і прыгажосці над вар’яцтвам.
Святар параўнаў вырошчванне добрага ўраджаю з удасканаленнем духоўнага жыцця чалавека: заўсёды хочацца, каб вынік быў хуткім і шчодрым, але плён прыходзіць толькі тады, калі прыкладаеш шмат намаганняў, упарта працуеш і нават пры няўдачы цярпліва капаеш і сееш зноў і зноў. Прыклад Росіцы сведчыць і аб тым, што пры ўпартай духоўнай працы чалавек можа змяніць сваё самае спапялёнае сумленне, вырасціўшы ў душы прыгожы сад. “Кожная рана нашага сэрца можа стаць месцам, дзе ўзыйдзе кветка,- сказаў святар.- Усё знішчанае і стаптанае можа стаць ураджайнай глебай”.
Працу айца Часлава Курэчкі па адраджэнні Росіцы на свяце параўноўвалі з працай сейбіта, які добра ведае, як вырошчваць ураджай. Святар, сапраўды, з’яўляецца ўзорам працавітасці і сумленнасці – нястомна шчыруе на ніве зямной і духоўнай, аб’яднаўшы гэтыя паняцці гармоніяй прыгажосці. Валодаючы вялікім талентам кветкавода і дызайнера, ён ператварыў тэрыторыю касцёла ў непаўторны ансамбль, дзе расліны, камяні, масткі і сажалкі маюць свой адметны змест. Цюльпаны высаджваюцца па колькасці ахвяраў росіцкай трагедыі, туі і барбарыс сімвалізуюць слёзы і кроў пакутнікаў, камяні складаюцца ў Ружанец. Гаспадар святыні стараецца, каб навакольная прыгажосць прымушала людзей разважаць, выхоўвала лепшыя якасці, падштурхоўвала да стварэння.
І гэта яго жаданне прыносіць плён. У святара многа памочнікаў, у тым ліку маладых людзей, якія разам з ім працуюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі, арганізацыі духоўных мерапрыемстваў.
Заўсёды дзякуе айцец Часлаў раённай уладзе, працоўным калектывам, валанцёрам за падтрымку яго пачынанняў і практычную дапамогу. “Усё, што ўдалося зрабіць, — заўважае святар — плён нашай агульнай працы”. І сваю самую высокую дзяржаўную адзнаку – прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” — лічыць узнагародай усім, хто разам працуе па ўзбагачэнні роднай зямлі.
Свята кветак айцу Чаславу таксама дапамагалі ладзіць паплечнікі. Работнікі мясцовых устаноў культуры на чале з дырэктарам Сар’янскага СДК Аленай Мінчанка падрыхтавалі культурную праграму “Пра што гавораць кветкі?”. У перапоўненым Росіцкім клубе гучалі музыка і спевы, праводзіліся цікавыя тэматычныя конкурсы і віктарыны. Культработнікі нямала папрацавалі над зборам матэрыялу аб кветках: міфаў, паданняў, вершаў. Узнагародай за выдатна праведзены час былі гарачыя апладысменты і цудоўны настрой прысутных.
А завяршылася свята фірменнай баравіковай поліўкай ад айца Часлава, якую ён гатуе па асобаму рэцэпту. Госці святыні частаваліся і адпачывалі ў акружэнні непаўторных росіцкіх вяргіняў, разам з імі радуючыся прыгажосці навакольнага свету і дзякуючы Богу за дараванае жыццё.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *