На Верхнядзвіншчыне адзначаюць Дзень пісьменства

Актуально Общество

 

Кожны год у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Упершыню гэтае свята прайшло ў 1994 годзе ў Полацку – горадзе, які падараваў нам першадрукара Францыска Скарыну. Затым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаў’е, Мсціслаўль, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў. Сёлета гасцей сустракае старажытны Рагачоў, чыя гісторыя налічвае больш за 860 гадоў. Аднак рыхтуюцца да свята ва ўсіх кутках краіны.

IMG_4563 копия

Супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі прапаноўваюць наведвальнікам азнаё-міцца з выставай-прагля-дам “Кніжнае багацце Беларусі”. У чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі – выстава “З крыніц гістарычнай спадчыны”. Жадаючыя маюць магчымасць датыкнуцца да гісторыі беларускай кнігі ад часоў Вялікага Княства Літоўскага да сучаснасці; даведацца пра Музей беларускай кнігі і пабачыць на фотаздымках старажытныя прылады кнігадрукавання: пераплётны станок, папяровы прэс і іншыя цікавыя рэчы.
Адведзена сваё месца і выданню “Біблія як феномен культуры і літаратуры”. Можна знайсці на выставе шмат сведкаў пра розныя бібліятэкі Беларусі, у тым ліку пра самую знакамітую і незвычайную – Нацыянальную бібліятэку. Не менш увагі нададзена станаўленню і развіццю беларускай літаратуры, яе гісторыі і знакамітым пісьменнікам. Асабіста адзначаны Максім Багдано-віч, які нарадзіўся 125 год таму.
І, канешне, нельга ў Дзень пісьменства не прыгадаць імёны беларускіх асветнікаў, без якіх не было б вялікай культурнай спадчыны нашай краіны. Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі і Францыск Скарына – усе яны ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё беларускага пісьменства. Акрамя гістарычных і біяграфічных звестак пра гэтых асоб, наведвальнікам чытальнай залы прапаноўваецца пазнаёміцца з іх значнымі працамі. Напрыклад, вельмі цікава пагартаць “Кніжную спадчыну Францыска Скарыны” ў 5 тамах, якая была выдадзена да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У серыю ўваходзяць факсімільныя ўзнаўленні “Кнігі Быцця”, “Кнігі Зыход”, “Кнігі Лявіт”, “Кнігі Лічбы” і “Кнігі Другі Закон”. Яны надрукаваны на чатырох мовах: беларускай, рускай, англійскай і царкоўнаславянскай.
Добра падрыхтаваліся да Дня беларускай пісьменства іншыя бібліятэкі раёна. Гульню-падарожжа “Гимн письменности из далёких времён” прапаноўвае ўсім жадаючым бібліятэка ў в.Лявонішана; гістарычная гадзіна “Асветнікі зямлі беларускай” пройдзе ў Чыстапольскай бібліятэцы, урокі ведаў “Магутнае слова – родная мова” і “Як да нас кніга прыйшла” чакаюць гасцей Валынецкай і Стралкоўскай бібліятэк. У Бігосаўскай і Запруддзеўскай бібліятэках можна пазнаёміцца з тэматычнымі выставамі “Кружева славянской речи” і “Час чытаць кнігі роднай краіны”. А раённая дзіцячая бібліятэка, акрамя згаданай вышэй выставы, прапануе сваім маленькім чытачам гістарычнае падарожжа “От глиняной таблички к печатной страничке”.
А. МАРОЗ,
няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *