15 верасня адзначаем Дзень бібліятэк

Актуально Общество

Дзень бібліятэк у нашай краіне адзначаецца 15 верасня – гэта дата заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў далёкім 1922-м. Аднак прафесійнае свята бібліятэкараў дзякуючы Указу Прэзідэнта, з’явілася значна пазней, у 2001 годзе.

img_0410-kopiya

Першае ўпамінанне пра бібліятэку ў г. Дрыса адносіцца да 1904 года, ужо ў той час жыхары нашага краю цікавіліся кнігамі і імкнуліся да ведаў. Таксама ёсць сведкі, што ў 1921 г. у горадзе была цэнтральная хата-чытальня. Раённая бібліятэка, папярэдніца сучаснай, была заснавана ў 1944 годзе, пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На той момант яе кніжны фонд налічваў толькі каля дзвюх тысяч экзэмпляраў, і праз некаторы час яна была аб’яднана з адкрытай у 1948 годзе гарадской бібліятэкай.
У 1978 г. у выніку цэнтралізацыі была створана бібліятэчная сістэма з 50 філіяламі на чале з ЦРБ, якая з 1977 г. носіць імя беларускага пісьменніка і нашага земляка Тараса Хадкевіча.
Зараз у склад ДУК “Верхнядзвінская ЦБС” увахо-дзяць 19 бібліятэк: цэнтральная раённая, дзіцячая, Асвейская гарпасялковая і 16 сельскіх філіялаў. Сістэма налічвае каля 11500 карыстальнікаў, колькасць наведванняў на працягу года — прыкладна 75 тысяч. Кніжны фонд складае каля 222 тысяч экзэмпляраў.
Ажыццяўляецца і нестацыянарнае бібліятэчнае абслугоўван-не. Ад ЦРБ і Бігосаўскай бібліятэкі створана шэсць бібліятэчных пунктаў. 35 вёсак абслугоўвае бібліобус, які дастаўляе кнігі больш чым 200 чытачам-вяскоўцам. Падтрымлівае ЦРБ і такі мала-дзёжны рух як буккросінг – бяс-платны абмен выданнямі па ўсёй Беларусі. На паліцы ў холе раённай бібліятэкі можна пакінуць сваю кнігу, пазначыўшы яе спецыяльным стыкерам, або ўзяць пачытаць якую-небудзь з кніг-вандроўніц.
На базе бібліятэк раёна працуюць клубы і аматарскія аб’яднанні. Пры ЦРБ з 1993 года дзейнічае клуб цікавых сустрэч “Сучаснік”, які з лютага 1996-га носіць званне “народны”. Дэвіз клуба: “Усё аддаў – і скарб набыў, што для сябе збярог – згубіў”. Асноўныя напрамкі дзейнасці – краязнаўства і прапаганда кнігі.
А ў дзіцячай бібліятэцы створаны экалагічны гурток “Экоша”, дзе рабяты ў гульнёвай форме спазнаюць навакольны свет.
Ёсць дзе правесці вольны час і ў іншых населеных пунктах раёна. Рознаўзроставы клуб “Літаратурная гасцёўня” працуе пры Асвейскай гарпасялковай бібліятэцы. Чатыры аб’яднанні разлічаны на жанчын: гэта клуб “Сябровачка” Бігосаўскай бібліятэкі, клуб “Сарокі” ў Каханавічах, гурток “Бараўчанка” Запруддзеўскай бібліятэкі і клуб “Крыніца” Чыстапольскай. У Валынецкай бібліятэцы дзейнічае клуб “Аптыміст”, дзе бавяць свой вольны час людзі пажылога ўзросту. Яшчэ больш разнастайных гурткоў створана для дзяцей: экалагічныя “Званочак”, “Пазнайка” і “Лесавічок” — у Бігосаўскай, Антонаўскай і Сар’янскай бібліятэках. Гурток аматараў чытання “Кнігалюбы” працуе ў Марозаўскай бібліятэцы-клубе. Арганізаваны прыкладныя гурткі: “Рукадзельніца” пры Лявонішанскай , “Умелые руки” пры Нураўскай бібліятэках. Рознапланавы гурток “Чамучкі” створаны пры Шайцераўскай бібліятэцы. А хто не ведае народны клуб “Белыя вароны” ў Каханавічах? Ён быў заснаваны яшчэ ў 1989 годзе і паспяхова дзейнічае па гэты дзень. Асноўны напрамак дзейнасці клуба – прапаганда здаровага ладу жыцця сярод дзяцей і моладзі.
Наогул, пры бібліятэках Верхнядзвінскай ЦБС працуюць 8 клубаў па інтарэсах і 9 гурткоў, якія наведваюць больш за 200 чалавек.
Трэба адзначыць, што цэнтральная раённая бібліятэка вядзе актыўную краязнаўчую і асветніцкую работу, супрацоўнічае са школамі, займаецца кнігавыдавецкай дзейнасцю. Створаны фотаархівы па гісторыі горада, сельскай гаспадарцы, культуры.
У цэнтральнай раённай бібліятэцы можна не толькі знайсці шмат разнастайнай мастацкай і навуковай літаратуры на любы густ, пагартаць газеты і часопісы і нават выбраць патрэбны кампакт-дыск, але і атрымаць іншыя карысныя паслугі: ксеракапіраванне, сканіраванне, раздрукоўку (у тым ліку і каляровую), работу на камп’ютары і ў Інтэрнэце, ламініраванне, брашураванне, прыём і перадачу дакументаў з дапа-могай факсімільнай сувязі. Калі вы пажадаеце парадаваць сваіх дзяцей або здзівіць сяброў, бібліятэка прапануе зрабіць аквагрым – малюнак на твары або руцэ.
Пазнаёміцца з пералікам платных паслуг і іх коштам, з новымі паступленнямі ў кніжны фонд, пачытаць анонс будучых мерапрыемст-ваў і апынуцца на віртуальнай кніжнай выставе можна на сайце цэнтральнай раённай бібліятэкі vbiblio.by. Там жа можна знайсці кантакты ўсіх бібліятэчных філіялаў раёна і графікі іх работы, апошнія навіны і фотаздымкі.
Бібліятэкары запрашаюць усіх жадаючых 15 верасня наведаць свята бібліятэк, пачатак якога ў 11 гадзін, абяцаюць, што будзе цікава!
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *