Жніво набірае тэмпы

Актуально Общество

Першымі ў раёне дзяржзаказ выканалі працаўнікі УВП “Вужыца-Агра”.
Сельгаспрадпрыемства адгрузіла 700 тон хлеба на прыёмны пункт вытворчага ўчастка хлебапрадуктаў ААТ “Полацкі КХП”.
Па словах дырэктара Аляксея Гарбуля, убрана больш 25% з пасеяных плошчаў, сярэдняя ўраджайнасць — 35 ц/га.
Належыць убраць азімыя трыцікале і пшаніцу, ячмень, авёс і яравы рапс. Усяго каля 1660 гектараў. Як зазначыў Аляксей Валер’евіч, калі ў мінулым годзе жніво разгортвалася паступова, то зараз дажджы значна ўшчыльнілі графік. Надвор’е апошнім часам прыносіць “мокрыя” сюрпрызы. Палегліцы і вымачкі стрымліваюць тэмпы жніва.
Скарыстаўшы пагодлівыя дні, земляробы працягваюць нарыхтоўку кармоў, вядуць ворыва глебы пад сяўбу азімых.

Д. Лакотка і М. Аніськовіч.
Д. Лакотка і М. Аніськовіч.

Хлеб – усяму галаву. Чалавек, які яго сее, убірае з палёў, варты высокіх адзнак. Сярод работнікаў гаспадаркі такіх нямала. Гэта вопытныя камбайнеры Уладзімір Лівінёнак, Іван Букей, Дзмітрый Лакотка, Аляксандр Осіпаў.

На адвозцы зерня задзейнічана 6 адзінак тэхнікі. Найлепшыя паказчыкі ў вадзіцеляў Міхаіла Аніськовіча і Аляксандра Шульга, якія хутка дастаўляюць абмалочаны хлеб на зернесушылку. Там пазменна працуюць аператары Андрэй Лаппо і Віктар Абразей. Зерне паступае добрае, пры сярэдняй вільготнасці 18-20%.
Штогод якасна, у сціслыя тэрміны дапамагаюць выконваць усе палявыя работы механізатары іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Сёлета дапамогу аказваюць мехатрады райграсервісу і ААТ “Нафтан”.
Пры спрыяльных умовах, спраўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі і наяўнасці гаруча-змазачных матэрыялаў уборачны прыпар у гаспадарцы плануюць завяршыць у аптымальныя тэрміны.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *