Верхнядзвінскі музей папаўняецца цікавымі знаходкамі

Культура

Верхнядзвіншчына ў кароткіх артыкулах даведнікаў апісваецца як мясцовасць з раўнінным рэльефам, занятая Полацкай нізінай, што ўзнікла на месцы спушчанага Дзвіною вялікага пасляледавіко-вага Полацкага правозера. Але дапытлівы жыхар гэтай “нізіны” бачыць родны кут ва ўсёй яго разнастайнасці – з разлогамі, дзюннымі і марэннымі выспамі і градамі. Ён ведае таксама, што самы нізкі пункт Верхнядзвінскага раёна знаходзіцца там, дзе Дзвіна пакідае нашы мясціны – на ўрэзе межаннай вады каля вёскі Новае Сяло. Адзнака абсалютнай вышыні гэтага месца – 99 метраў над узроўнем Балтыйскага мора. Але ж па перыметры нізіну агінаюць выпуклай на поўнач дугой маляўнічыя ўзгорыстыя ландшафты адвершкаў Латгальскага ўзвышша і дзюнныя выспы басейна Свольны.
Як адарваны кавалак Латгальскага ўзвышша, акаймоўвае Асвейскае возера аднайменная марэнная града, а па забалоцці ўклініўся з боку Латвіі Савейкаўскі марэнны вал, прарэзаны далінай прарыву Асвейскага правозера паміж вёскай Каралёва і былой вёскай Генева. Абедзве колішнія запруды вялізнага купелішча супернічаюць паміж сабой па вышыні. На Асвейскай градзе гара Гарадзілаўская, а на Савейкаўскім валу гара паблізу вёскі Цеплюкі ўзняліся да абсалютнай адзнакі 192 метры.
Гарадзілаўская гара, увянчаная маяком трыангаляцыйнага пункту, яшчэ да нядаўняга часу часта наведвалася турыстамі. Сюды дабіраліся не толькі рабяты са школ Асвейшчыны. Нават мае вучні з Галубаўскай школы атрымлівалі ганаровыя граматы за пакарэнне верхнядзвінскай “Джамалунгмы”. Даследуючы схілы гары і яе наваколле, мы стараліся расшыфраваць паходжанне згрувашчаных у крушню вялізных валуноў, вызначыць горную пароду тых асілкаў. Адзін камяніска чамусьці застаўся некранутым. Ён быў невялікі і ляжаў зусім блізка да вяршыні гары. Усіх уразіў незвычайны выгляд каменя: яго “аверс” быў нібыта выкладзены белым кварцам, а пасярод яго дакладна чыталася “намаляваная” чорным літара “О”. З агульнай згоды было вырашана лічыць гэты камень Пасланнікам Продкаў.

IMG_5735IMG_5735 копия
Прайшоў час, фантазіі і дзеі шкаляроў і моладзі пераарыентаваліся на віртпрастору, кампутарныя пошукі, стасункі і гульні. Даўно не чувалася, каб нехта цікавіўся нашай “Джамалунгмай”. Каменю ж – пасланніку продкаў — стала пагражаць магутная сельскагаспадарчая тэхніка. Таму яшчэ пры складанні канцэпцыі музея было вырашана вывезці гэты цікавы валунчык з яго “месца пражывання”. Тэхнічны бок задачы вырашыў наш дабраахвотны памагаты Уладзімір Юдзін.
Зараз геалагічны экспанат упрыгожвае газон музейнага дворыка. Мы, супрацоўнікі музея, адзначылі трапнасць дадзенага каменю імя. Сапраўды, камень прынесены ледавіком з Фенаскандыі. Па некаторых звестках, угра-фіны пасяляліся ў даўнім-даўнія часы якраз на нашай Крайняй Поўначы. А галоўны бог скандынаваў, як вядома, насіў імя Одзін. Вось табе і літара “О”! А пры больш уважлівым разглядзе выявілася, што чорны знак на белым фоне – гэта не толькі літара, але і нейчы “партрэт” – крыху ў профіль, так што выразна бачна левае вуха “партрэта”, змешчанага на аскепку вывержанай і застылай магмы, абкатанай ледавіком на доўгім шляху да Асвейшчыны, дзе той апошні ледавік “зусім нядаўна” – 10 тысяч год таму – растаў, пакінуўшы нам прынесеныя з далёкага краю дарункі.
“Пасланне нашчадкам” на музейным дворыку можа ўбачыць кожны, для каго дарагая і цікавая наша мінуўшчына.
Антон БУБАЛА.



2 комментария по теме “Верхнядзвінскі музей папаўняецца цікавымі знаходкамі

  1. Антон Францавіч — заўсёды цікава, годна і па-беларуску прыгожа. Мабыць распавядзеце дасканала пра раскопкі Сокала?

  2. Обнаружение точного местоположения крепости «Сокол» — не рядовое событие. В настоящее время Академией наук ведётся обработка полученной информации при проведении арх.раскопок.
    Но то ,что обнаружен «Сокол» — определённо.
    В Верхнедвинском музее уже второй год выставлены экспонаты найденные во время поиска крепости .
    Наиболее приятное то,что именно краеведы-любители нашего района по сути нашли данную крепость и совместно с работниками музея инициировали проведение археологических раскопок для придания данному объекту статуса «Памятника археологии»
    На сегодняшний день обнаружено:
    — место расположение всех 11 башен
    — водный рукав и пруд
    — оборонительный ров
    При проведении раскопок найдены остатки жилого строения ,конструкция въездных ворот.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *