Падпісчыкі выпісалі газету і выйгралі прызы

Актуально Общество

«Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам», – часта чуем мы вядомае  выказванне. Верхнядзвінцаў трымаюць у курсе падзей  разнастайныя СМІ. Па выніках падпісной кампаніі на другое паўгоддзе 16 тысяч жыхароў раёна  сталі падпісчыкамі розных перыядычных выданняў. Друкаваныя СМІ Беларусі, Расійскай Федэрацыі і  Казахстана – найбольш даступныя і запатрабаваныя крыніцы інфармацыі ў  жыхароў раёна.

Вольга Пірог уручае прыз сям'і Волкавых.
Вольга Пірог уручае прыз сям’і Волкавых.

А самай папулярнай, мяркуючы па колькасці чытачоў, з’яўляецца раённая газета «Дзвінская праўда» — на яе долю прыходзіцца чвэрць усёй падпіскі. Аддаюць перавагу чытачы таксама абласной газеце «Витебские вести», рэспубліканскім выданням «СБ: Беларусь сегодня», «Комсомольская правда», «Аргументы и факты». Сярод часопісаў лідзіруюць «Народный доктор» і «Сваты».
Не губляюцца і маленькія чытачы. Яны, як правіла, выбіраюць часопісы «3/9 царство» і «Незнайка». Школьнікі з’яўляюцца падпісчыкамі часопіса «Юный спасатель» і газеты «Зорька».
Не ва ўсіх куточках Верхнядзвінскага раёна ёсць аддзяленні пошты, але дастаўляецца перыёдыка нават у самыя аддаленыя населеныя пункты. Газеты і часопісы трапляюць да чытачоў з дапамогай вела- і мотадастаўкі або распаўсюджваюцца праз агульную паштовую скрыню.
Рэдакцыя газеты “Дзвінская праўда” заахвочвае сваіх падпісчыкаў на пастаяннае і працяглае афармленне падпіскі – гэта гарантуе захаванне чытальніцкай аўдыторыі. Папулярным стаў розыгрыш прызоў сярод чытачаў, якія выпісалі газету адразу на паўгоддзе. Сёлета ён быў прыўрочаны да святкавання Дня города Верхнядзвінска 9 ліпеня ў гарадскім парку.
Варта адзначыць, што да свята рэдакцыя падрыхтавала сваю выставу на “Праспекце чытаючых людзей”, дзе госці маглі пагартаць падшыўкі газеты 50-х, 60-х і 70-х гадоў, пазнаёміцца з сучаснымі выпускамі, набыць святочныя нумары газеты і фірменныя календары “Дзвінскай праўды” з выявамі родных мясцін, адказаць на пытанні віктарыны “Наш горад” і атрымаць сувеніры. Да нас падыходзіла мноства гасцей, якія цікавіліся раённым выданнем, яго гісторыяй, успаміналі аб сваёй рабоце ў раёне ў мінулыя гады.
І, канешне, многіх зацікавіў розыгрыш прызоў сярод пастаянных сяброў газеты. Квітанцыі на паўгадавую падпіску прадставілі ў рэдакцыю 65 падпісчыкаў, для якіх былі падрыхтаваны тры асноўныя і адзін заахвочвальны прызы. Цікава, што некаторыя чытачы прыносілі пасведчанні аб падпісцы прама ў парк — спецыяльна для таго, каб паўдзельнічаць у розыгрышы. Камісію па яго правядзенні ўзначальвала пастаянны падпісчык газеты Алена Шамёнак.
Госць свята дзевяцігадовы Герман Трубач выцягнуў шчаслівыя паперкі. Першай сярод пераможцаў аказалася Алеся Волкава з Верхнядзвінска. Прыз — куханны камбайн — атрымала яе маці, якая менавіта ў гэты час знаходзілася ў парку.
— Газету мы выпісваем ужо 10 гадоў, — паведаміла нам пасля ўладальніца першага прыза Алеся Волкава. — “Дзвінская праўда” дазваляе быць у курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца ў раёне. Калі даведалася аб розыгрышы, вырашыла паўдзельнічаць, цікава было паспытаць шчасця. І вось адразу такая ўдача! Падарункам вельмі задаволена — дзякуй за патрэбную рэч. Абавязкова буду ўдзельнічаць у розыгрышы ў наступны раз. Тым больш, што шанцы выйграць высокія, а галоўнае – газета ў любым выпадку будзе з намі!
Уладальнікамі прызоў газеты сталі таксама падпісчыкі Д. Шкіндер з Шайцерава, Н. Ушакова з Бароўкі і Т.Арцімовіч з Верхнядзвінска.
Віншуем пераможцаў і нагадваем, што конкурс сярод падпісчыкаў працягваецца – уладальнікам прызоў можа стаць кожны, хто выпіша газету адразу на паўгоддзе.
Наталія ТЫЧКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *