Тэма тыдня

Тема недели

Беларусь поўнасцю падзяляе падыходы ШАС да забеспячэння міжнароднай бяспекі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 чэрвеня, выступаючы на саміце кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Ташкенце.
«Вы добра ведаеце аб міралюбнасці і шматвектарнасці знешняй палітыкі Беларусі, якая нацэлена на захаванне стабільнасці і спакою ў нашым рэгіёне. Мы поўнасцю падзяляем падыходы ШАС да забеспячэння міжнароднай бяспекі, — заявіў Прэзідэнт. — Сёння, калі ў свеце расце нестабільнасць і множыцца колькасць рэгіянальных канфліктаў, асабліва важныя з’яднанасць дзяржаў і імкненне дзейнічаць адзіным фронтам у вырашэнні глабальных праблем».
Кіраўнік беларускай дзяржавы перакананы, што ШАС з’яўляецца запатрабаванай перагаворнай пляцоўкай для калектыўнай выпрацоўкі механізмаў процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам. «Першараднае значэнне мае аб’яднанне намаганняў для ліквідацыі розных форм і праяў тэрарызму, экстрэмізму, арганізаванай злачыннасці і наркатрафіка, папярэджання надзвычайных сітуацый і канфліктаў», — падкрэсліў беларускі лідар.

БЮДЖЭТ БУДЗЕ СКАРЭКЦІРАВАНЫ ПА ВЫНІКАХ ПЕРШАГА ПАЎГОДДЗЯ

Рэспубліканскі бюджэт будзе скарэкціраваны па выніках першага паўгоддзя. Аб гэтым заявіў у Палаце прадстаўнікоў міністр фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын, адказваючы на пытанне дэпутата Валянціны Лявоненка.
«На жаль, у бягучым годзе нестабільнасць знешніх фактараў, змяненне цэн на нафту таксама ўплываюць на выкананне бюджэту. Нам давядзецца яго карэкціраваць па выніках першага паўгоддзя, паколькі цэны на нафту не адпавядаюць прагнозным значэнням. Ёсць і іншыя адхіленні, — заўважыў Уладзімір Амарын. — Мы ўжо зарэзервавалі частку расходаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў для таго, каб збалансаваць бюджэт з улікам зменлівых умоў».
Паводле слоў міністра, прыняты меры па дадатковым прыцягненні ў бюджэт даходаў. «Нам удасца збалансаваць бюджэт. Праект указа па ўдакладненні паказчыкаў цяпер рыхтуецца», — сказаў Уладзімір Амарын.
Ён таксама звярнуў увагу, што пазыкі ў бягучым годзе планавыя, у тым ліку па лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Міністр фінансаў нагадаў, што першы транш прыцягнуты ў сакавіку 2016 года ($500 мл). «Другі транш спадзяёмся па выніках разгляду выканання параметраў праграмы з гэтым фондам атрымаць у ліпені месяцы. І да канца года, такім чынам, павінны атрымаць яшчэ $600 млн», — заўважыў ён.

БІЛЕТЫ – НЕ ПРАЗ ІНТЭРНЭТ

Беларуская чыгунка не будзе прадаваць білеты праз інтэрнэт з вечара 30 чэрвеня да раніцы 1 ліпеня, паведамілі ў прэс-службе БЧ.
У сувязі з правядзеннем дэнамінацыі не будзе функцыянаваць сістэма продажу білетаў праз інтэрнэт — 30 чэрвеня з 22.20 да 8.00 1 ліпеня. Акрамя таго, БЧ папярэджвае аб тым, што ў ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня — з 23.00 да 8.00 не будуць афармляцца праязныя дакументы па банкаўскіх плацежных картках з выкарыстаннем плацежна-даведачных тэрміналаў самаабслугоўвання.
У прэс-службе ўдакладнілі, што ў абодвух выпадках час пазначаны арыенціровачна і можа быць скарэкціраваны.

ПАВЫШЭННЕ ПАМЕРАЎ ПРАЦОЎНЫХ ПЕНСІЙ ЗАПЛАНАВАНА НА ДРУГОЕ ПАЎГОДДЗЕ

Чарговае павышэнне памераў працоўных пенсій у Беларусі запла-навана на другое паўгоддзе 2016 года. Аб гэтым паведаміла журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна.
Міністр праінфармавала, што на гарачую лінію Усебеларускага народнага сходу паступіла некалькі пытанняў аб чарговым павышэнні памераў працоўных пенсій, а таксама аб правільнасці налічэння пенсій грамадзянам.
Мар’яна Шчоткіна нагадала, што памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій, а таксама памеры надбавак, павышэнняў і даплат, устаноўленых да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў, пералічваюцца штоквартальна ў сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ).
Паводле слоў міністра, трэць пытанняў, што паступілі на гарачую лінію па пенсійнай тэматыцы, раней ужо разглядалася спецыялістамі міністэрства. Нягледзячы на тое, што людзям былі дадзены тлумачэнні ў адпаведнасці з заканадаўствам, яны зноў узнялі пытанні аб налічэнні ім пенсій. «У прыватнасці, некаторыя не задаволены памерамі пенсій, хоць яны назначаны ў адпаведнасці з дзеючымі нарматыўнымі прававымі актамі. Некаторыя не задаволены тым, што не залічаны стаж работы на Крайняй Поўначы ў ільготным рэжыме, як гэта было ў савецкі час», — растлумачыла Мар’яна Шчоткіна.

СЯРЭДНЯЯ ЗАРПЛАТА РАБОТНІКАЎ У БЕЛАРУСІ ЗА МАЙ ПАВЫСІЛАСЯ

Налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў у Беларусі ў маі 2016 года склала Br7 млн 182 тыс. 850 (у красавіку бягучага года — Br7 млн 85 тыс. 990), паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Налічаная сярэдняя заработная плата рабочых і служачых у маі бягучага года складала Br7 млн 211 тыс. 918 (у красавіку — Br7 млн 118 тыс. 128).

ЦЫГАРЭТЫ ПАДАРАЖЭЮЦЬ

Некаторыя віды цыгарэт падаражэюць у Беларусі з 1 ліпеня.
Павелічэнне кошту закране прадукцыю ТАА «Тытунь-Інвест». Напрыклад, некаторыя віды цыгарэт «Карона» вырастуць у цане на Br300-500, LD — на Br500 — 1,5 тыс., Winston — на Br500 — 1 тыс.
Вырастуць цэны і на імпартныя цыгарэты. Так, некаторыя віды Sobranie і Davidoff стануць даражэйшыя на Br1 тыс., Richmond — на Br2 тыс.
Беларускія вытворцы і імпарцёры цыгарэт маюць права штомесяц дэклараваць максімальныя рознічныя цэны на тытунёвыя вырабы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *