Тэма тыдня

Тема недели

БЮДЖЭТ ПРАЖЫТАЧНАГА МІНІМУМУ ПАВЯЛІЧАНЫ

Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ) з 1 мая па 30 чэрвеня 2016 года ў разліку на месяц складае Br1 млн 699 тыс. 430, на перыяд з 1 па 31 ліпеня 2016 года — Br169 рублёў 94 капейкі. Нагадаем, БПМ з 1 сакавіка па 30 красавіка бягучага года быў устаноўлены ў памеры Br1 млн 640 тысяч.
Новы БПМ на 3,6 працэнта вышэйшы, чым дзеючы з 1 сакавіка. У сувязі з павышэннем БПМ з мая павялічацца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі; надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты людзям ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым; некаторыя віды дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, і іншыя выплаты, што вылічваюцца з памеру БПМ.

УЗРАСТАЮЦЬ ДЗІЦЯЧЫЯ ДАПАМОГІ

У Беларусі з мая бягучага года ўзрастаюць дзіцячыя дапамогі, што вылічваюцца з памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ).
Так, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці (10 БПМ) у маі і чэрвені складзе Br16 млн 994,3 тыс і ў ліпені — Br1699 рублёў 40 капеек, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей (14 БПМ) — адпаведна Br23 млн 792 тыс і Br2379 рублёў 16 капеек. Аднаразовую дапамогу жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, (100 працэнтаў БПМ) — Br1 млн 699,4 тыс і Br169 рублёў 94 капейкі.
Штомесячная дапамога на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў, якiя вызначаюцца заканадаўствам, на дзіця-інваліда (70 працэнтаў БПМ) у маі-чэрвені складае Br1 млн 189,6 тыс, у ліпені — Br118 рублёў 96 капеек, на іншых дзяцей у сям’і (50 працэнтаў БПМ) — Br849,7 тыс і Br84 рублі 97 капеек. Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (100 працэнтаў БПМ) з мая складае Br1 млн 699,4 тыс і з ліпеня — Br169 рублёў 94 капейкі, штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванага ВІЧ, (70 працэнтаў БПМ) — Br1 млн 189,6 тыс і Br118 рублёў 96 капеек адпаведна.
Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (50 працэнтаў БПМ) складае ў маі і чэрвені Br849,7 тыс, у ліпені — Br84 рублі 97 капеек.
У Беларусі з мая бягучага года дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў застануцца ў ранейшых памерах. У адпаведнасці з законам «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» з 1 студзеня 2013 года памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў дыферэнцыруецца ў залежнасці ад колькасці дзяцей у сям’і. На першае дзіця ён складае 35 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў рэспублікі, на другога і наступных дзяцей — 40 працэнтаў. Пры выхаванні ў сям’і дзіцяці-інваліда дапамога назначаецца і выплачваецца ў памеры 45 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы незалежна ад чарговасці нараджэння гэтага дзіцяці ў сям’і.

НОВЫ ПАМЕР УТРЫМАННЯ З НАЙМАЛЬНІКАЎ СРОДКАЎ ДЛЯ ВЫПЛАТЫ ЗАРПЛАТЫ

У Беларусі пры разліку сродкаў, што падлягаюць пазачарговаму пералічэнню плацяжоў на пагашэнне запазычанасці па заработнай плаце, наймальнікі павінны браніраваць у разліку на аднаго работніка Br2 млн 806 тыс 500. Гэты нарматыў устаноўлены з 1 мая бягучага года.
Паводле слоў спецыялістаў, у адпаведнасці з указам ад 27 лістапада 1995 года нумар 483 «Аб забеспячэнні своечасовай выплаты заработнай платы» з наймальнікаў у бясспрэчным парадку ўтрымліваюцца сумы, накіраваныя на пагашэнне запазычанасці па выплаце заработнай платы, што адпавядаюць 1,5 памеру бюджэту пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва, скарэкціраванага ў перыяд паміж зацвярджэннямі на індэкс спажывецкіх цэн, з улікам каэфіцыентаў павышэння тарыфных ставак рабочых па тэхналагічных відах работ, вытворчасцях і галінах эканомікі.

ДАДАТКОВЫЯ РАСХОДЫ НА ВЫПЛАТУ ПЕНСІЙ

З 1 студзеня 2012 года ўстаноўлена штомесячная дадатковая мэтавая даплата да пенсій непрацуючых пажылых грамадзян. У маі-чэрвені гэтага года памер даплаты для людзей ва ўзросце 80 гадоў і старэйшых складзе Br424 тыс 900 (100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, гэты нарматыў складае 25 працэнтаў БПМ), у ліпені — Br42 рублі 49 капеек, для людзей ва ўзросце ад 75 да 80 гадоў — Br318 тыс 600 (75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце) і Br31 рубель 86 капеек адпаведна.
Фінансаванне выплаты пенсій Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва ажыццяўляецца ў поўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны.

НОВАЯ ФОРМА ЖЫРОЎКІ

Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі прэзентавала новую форму жыроўкі.
Жыроўка стала двухбаковай і больш простай для разумення. На адным яе баку размешчана інфармацыя аб налічанай плаце за ЖКП, на другім — дадатковая інфармацыя па асабовым рхунку, жылым доме, расшыфроўка фактычных затрат.
Першы намеснік міністра ЖКГ Алег Паскробка расказаў, што асобнымі блокамі будзе прапісана аплата асноўных жыллёва-камунальных паслуг па субсідзіруемых тарыфах, асноўных ЖКП па тарыфах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат, дадатковых ЖКП і пакрываемых расходаў. Напрыклад, раней радкі аб асноўных ЖКП па субсідзіруемых і поўных тарыфах ішлі ў рахунку-паведамленні адзін за адным, з-за гэтага нярэдка ўзнікала блытаніна. Цяпер жа, калі яны разбіты па блоках, грамадзяніну будзе прасцей разабрацца ў лічбах, убачыць, якія жыллёва-камунальныя паслугі ён спажывае звыш нормы.
Інфармацыя аб асабовым рахунку на адваротным баку жыроўкі будзе змяшчаць падрабязныя даныя аб колькасці жыльцоў у кватэры, плошчы памяшкання, паказаннях прыбораў індывідуальнага ўліку расходу халоднай, гарачай вады, расходзе халоднай і гарачай вады па паказаннях прыбораў. З блока «Агульная інфармацыя па доме» спажывец зможа даведацца пра плошчу ўсіх жылых і дапаможных памяшканняў, колькасць зарэгістраваных у доме жыльцоў, агульнадамавы расход гарачай і халоднай вады, цеплазабеспячэння, электраэнергіі, што спажываецца на работу ліфта, на асвятленне дапаможных памяшканняў. Таксама на адваротным баку з’явіцца блок з расшыфроўкай фактычных затрат за месяц і радок аб узроўні пакрыцця насельніцтвам затрат па ЖКП у цэлым па рэспубліцы (сёння ён складае амаль 40 працэнтаў). Дарэчы, раней у рахунку-паведамленні гэтаму пытанню было прысвечана адразу тры радкі, з-за чаго адбывалася блытаніна. Акрамя таго, на адваротным баку жыроўкі застанецца месца для актуальнай і карыснай для жыхароў рэспублікі інфармацыі.
Новую форму рахунка-паведамлення павінны зацвердзіць да 15 мая. Друкавацца яна будзе на лісце фармату А4.

Па матэрыялах БелТА падрыхтаваў М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *