У Верхнядзвінску адбылася сустрэча з былымі вязнямі фашызму

Актуально Память

Узгадаць, лёсы  колькіх людзей былі падзелены  на “да і пасля” калючым дротам, аддаць даніну памяці вязням, назаўсёды застаўшымся ў фашыцкіх лагерах смерці,  у раённым краязнаўчым музеі сабраліся  сведкі тых далёкіх страшных часоў. 

Экскурсію для ўдзельнікаў сустрэчы праводзіць А. Ф. Бубала.
Экскурсію для ўдзельнікаў сустрэчы праводзіць А. Ф. Бубала.

-У гэты дзень, 11 красавіка, памятныя мерапрыемствы прайшлі ў кожным населеным пункце нашай краіны, дзе жыве хаця б адзін вязень, — адзначыла, вітаючы гасцей, работнік цэнтральнай раённай бібліятэкі Н. Глацёнак. — За гады Другой сусветнай вайны праз лагеры смерці ( а іх дзейнічала больш чатырнаццаці тысяч) прайшлі больш за 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету. Каля 12 мільёнаў з іх так і не дажылі да вызвалення. Самымі буйнымі лагерамі былі Бухенвальд, Майданек, Равенсбрук.
За гады акупацыі з Беларусі было вывезена 380 тысяч чалавек, у тым ліку больш 24 тысяч дзяцей. Малалетнім вязням даводзілася асабліва цяжка. Яны гінулі ад голаду, холаду, хвароб і здзекаў. Сёння ў нашай краіне жыве прыкладна 24 тысячы чалавек, якім давялося прайсці праз жахі канцэнтрацыйных лагераў. Яны прайшлі праз пакуты і дзеля нас, тых, хто жыве сёння, таму памятаць аб гэтым – абавязак кожнага чалавека.

IMG_7564
Да 70-годдзя Перамогі было выдадзена шмат кніг, многія з іх знаходзяцца і ў нашай раённай бібліятэцы. Некаторыя былі прадстаўлены на сустрэчы. “Мая вайна” — кніга, у якой змешчана больш за 500 ваенных фотаздымкаў, адлюстраваны армейскі побыт, работа медсанбатаў і іншыя. «Віцебшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны» расказвае аб падпольшчыках, партызанах нашага края, аб тым, у якіх умовах даводзілася жыць мірнаму насельніцтву ва ўмовах акупацыі. “Хатынские деревья жизни” распавядае аб 433 беларускіх вёсках, знішчаных нацыстамі разам з жыхарамі. Кніга змяшчае і архіўныя дакументы, і ўспаміны тых, каму пашчасціла застацца ў жывых.
Для падрастаючага пакалення гэтыя выданні з’яў-ляюцца неацэннай крыніцай памяці, гісторыяй, якая не мае права быць забытай.
Былы малалетні вязень А. Ф. Бубала пачаў сваё выступленне з вершаў Сяргея Панізніка.
-Мы — тыя іскрынкі, якія яшчэ носяць у сабе гэтую памяць, — падкрэсліў Антон Францавіч. — Менавіта яна мае зараз неацэнную вагу. І хоць з кожным годам нас становіцца ўсё менш, але пакуль жывём, павінны напамінаць, што самае бясцэннае – чалавечае жыццё.
Падчас экскурсіі па музеі, робячы прыпынак на кожным “прычале”, Антон Францавіч расказаў гасцям, якім чынам кожны куток нашага раёна закранула вайна. На “прычалах” змешчаны карты “Верхнядзвінскія сёстры Хатыні”, дзе адзначаны вёскі спаленыя і не адноўленыя, тыя, якія адрадзіліся пасля вайны, і тыя, якія засталіся некранутымі. Па іх відаць, наколькі пацярпеў наш раён падчас знішчальных экспедыцый. На думку гасцей, захаванню памяці населеных пунктаў, як і знікаючых сёння вёсак, трэба надаваць больш увагі. Як і людзі, яны маюць права на памяць.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *