І прыгожа згарэць…

Литературная страница

Шмат знакамітых людзей звязаны лёсам з Верхнядзвіншчынай. У розных напрамках і сферах сваёй дзейнасці яны праславілі наш кут. Дзякуючы Інтэрнэту можна даведацца пра адну з самых загадкавых паэтак 20-х гадоў мінулага стагоддзя – Ганну БРЭСКУЮ.

Ганна Брэская
Імя нашай зямлячкі было вернутае з нябыту зусім нядаўна. Вершы, хай сабе ў невялікай колькасці, былі сабраныя ў асобнае выданне пад назвай “Настурцыі”, а вось што датычыць жыцця паэткі, дык тут яшчэ маюцца загадкі. Вось як выглядае жыццёвая і творчая біяграфія Г. Брэскай на бягучы час.
Ганна Яфрэмаўна Брэская (дзявочае прозвішча паэткі – Аўсеенка) нарадзілася ў 1902 годзе ў маёнтку Зялькі ў сялянскай сям’і. Верагодней за ўсё, пачатковую адукацыю будучая паэтка атрымлівала ў Дзісне. Тут яна распачала і прафесійную дзейнасць: у 18 гадоў Ганна ўжо служыла ў Дзісенскім павятовым аддзеле народнай адукацыі. Там працаваў агульны аддзел інфармацыі, куды ў верасні 1920г. прыехаў новы загадчык – педагог і мастак, выпускнік віленскіх беларускіх курсаў Сямён Максімавіч Брэскі. Паміж маладымі людзьмі ўзнікла каханне, і калі Сямён у 1921 г. паехаў настаўнічаць у вёску Арэхаўна Каменскай воласці Лепельскага павета, дык узяў з сабой і Ганну.
Праз год С. Брэскі зноў памяняў месца працы, паступіўшы інспектарам у Дрысенскі павятовы аддзел адукацыі. Тут, у Дрысе, Сямён і Ганна зарэгістравалі шлюб; Ганна перайшла на мужава прозвішча. У кастрычніку 1922г. Ганна Брэская ўдзельнічала ў Полацкай павятовай канферэнцыі РКП(б), лічылася тады членам партыі, хоць праз некалькі гадоў, запаўняючы анкеты “Маладняка”, пісала сябе беспартыйнай. Актыўная дзейнасць Ганны абумовіла хуткі пераезд Брэскіх у Полацк у 1923 г., пасля некалькіх месяцаў жыцця ў мястэчку Расіца.
У Полацку муж пачаў працаваць у Першай савецкай школе, Ганна ж засяродзілася на літаратурнай творчасці. У сакавіку 1925 г. яна была залічана ў Полацкую філію “Маладняка”, пачала дасылаць творы ў перыядычныя выданні. Яе першая выяўленая публікацыя – верш “Дзед! Ямчэй нам грай на дудцы!..”, змешчаны ў часопісе “Беларуская работніца і сялянка” (1925г., № 4). Друкавалася Ганна Брэская тады яшчэ мала і, напэўна, пісала пераважна “ў стол”. Заснавальнік і тагачасны кіраўнік Полацкай філіі “Маладняка” Алесь Дудар 11 мая 1925 г. даў паэтцы наступную характарыстыку: “Брэская Ганна. Беспартыйная. Жонка аднаго настаўніка. Піша даволі добрыя вершы па-беларуску. Але над ёю будзе яшчэ шмат працы ў сэнсе ўмацаваньня ідэолёгіі, а таксама тэхнікі”. І ўсё ж паэтка здолела “ўпісацца” ў шэрагі Полацкай філіі, наведвала яе сходы і пасяджэнні, на адным з якіх (27 кастрычніка 1925 г.), напрыклад, прачытала верш “Францішку Скарыне”, напісаны з нагоды 400-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання.
Гадуючы сына, Ганна пісала вершы, публікуючы іх у полацкіх літаратурных альманахах “Наддзьвіньне” (1926г.) і “Росквіт” (1927г.), газеце “Чырвоная Полаччына” (былы “Полоцкий пахарь”), мінскім часопісе “Маладняк”. Талент Г. Брэскай заўважыў Максім Гарэцкі, які ў манаграфіі «“Маладняк” за пяць гадоў (1923 – 1928)» згадаў яе сярод паэтаў, якім уласціва “найбольш асабістая лірыка”.
У лютым 1928 года за “антысавецкую дзейнасць” Сямён Брэскі быў арыштаваны, высылку ён адбываў ва Ўсходняй Сібіры. У лістападзе 1934 г. С. Брэскі атрымаў дакумент аб вызваленні і выехаў на цэнтральны руднік Цісульскага раёна, дзе да жніўня 1935 г. выкладаў у школе чарцёжную справу. У 1936 г. пераехаў у горад Сяміпалацінск Казахскай АССР. Там 15 сакавіка 1936 г. ён быў ізноў арыштаваны. Пасмяротна рэабілітаваны12 снежня 1989 г.
Ганна ж не пакідае пісаць, і неўзабаве пасля першага арышту мужа апублікавала ў “Чырвонай Полаччыне” верш “Сады цьвітуць…”, у якім лірычная гераіня выказвала жаданне знайсці сабе новага каханага:
САДЫ ЦЬВІТУЦЬ…
Сады цьвітуць… цьвітуць сады!..
Мне у вачох зялёны дым,
Зялёна-сінім паясом
Вясна зьвязала гушч лясоў,
І нейкім дзівам яе чар
Лягла зялёная парча.
Сады шумяць! Цьвітуць сады…
Свабодная, свабодна ты.
Пакуль сады яшчэ цьвітуць,
Сабе каханага найду.
Пайду па сьцежках – травы мяць
І буду, буду цалаваць…
Закруціць зноўку вір жыцьця,
А думы віхрам праляцяць,
Раськінуць слоў – мядовы цьвець,
Што будуць яблыньню шумець.
1928 г.
Потым на два гады паэтка змоўкла, але ў 1931 годзе з’явілася ў друку зноў – з новай для яе лірычнай гераіняй, фабрычнай работніцай:
Я стаю ля станка,
Ўсё мацнее рука.
Шэпчуць пасы машын:
Ты жыві, ты пішы…
А вось што датычыць яе далейшай жыццядзейнасці, дык тут мы можам толькі спаслацца на паказанні С. Брэскага (1936 г.): яго жонка Ганна па-ранейшаму працягвала жыць у Полацку, але сувязь з мужам парвала; у следчай справе яна згадваецца як “пралетарскі пісьменнік Савецкай Беларусі” – і тым не менш ніводнай яе публікацыі ні за 1932 – 1936 гг., ні пазнейшага часу пакуль не выяўлена. Біяграфія паэткі, нашай зямлячкі, якая цікава заявіла пра сябе ў 1920-я гады, па-ранейшаму хавае ў сабе шмат загадак і белых плям.
Напрыканцы артыкула хочацца дадаць, што абавязкова знойдуцца чытачы, якія захочуць адшукаць і прачытаць вершы Ганны Брэскай, каб праз яе творчасць яшчэ больш даведацца пра паэтку, якая нарадзілася ў нашым родным куточку.
НАСТУРЦЫІ
У лахмоцьцях лістоў вецер туліцца,
Плача вуліца гулам калёс.
А на вогнішчы сочных настурцый
Паразьлёгся брадзяга мароз.
І ня шкода. Няхай упіваецца
Недацьвёўшай апошняй красой.
Лепш загінуць пунсоваю раніцай,
Чым па кроплі губляць жыцьцё.
Я ня знаю, чаго плача вуліца,
Што так вецер мінорам зьвініць.
…Было лета. Цьвілі настурцыі,
Ды завялі ў імглістую стынь.
І мароз галаву сівалосую
На гарачых пялёстках пагрэў.
Калі жыць і ня бачыць прыгожага,
Лепш прыгожа й раптоўна згарэць.
1927 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *