Часлава Петрашкевіч. Вершы

Литературная страница

Вялікдзень
Як спяваў белакрылы Анёл,
Як яснелі раскрытыя далі!
Жаўрукоў ва ўнісон калыхалі,
Асыпаючы звонамі дол.
І “Hosanna” плыло над зямлёй,
Светла, узнёсла, кранаючы сэрца,
І нічога ўжо лепей, здаецца,
Быць не можа ніколі з табой.
Сярод мукаў, цярпенняў і слёз
Радасць шанц не пакіне самоце,
На высокай, хвалюючай ноце
Божы Дзень, як Хрыстос, уваскрос!
Зімовае
Сагрэю ля грубкі азяблыя рукі
І ўбачу сама
Як дрэвы, і долы, і думкі, і мроі
Накрые зіма.
Хто выйдзе насустрач у снежную замець?
Адказу няма.
У схронах душы каралеўнаю снежнай
Уладарыць зіма.
* * *
Светлы сум – мінулагодні снег
У белым вальсе прыпадзе да скроняў,
І трывога стоена спачне
У вянку даверлівых далоняў.
Дзесь усхліпне чайка над прычалам,
Сцішыць час імклівы свой разбег…
Што навее, і куды ён кліча –
Светлы сум мінулагодні снег?
* * *
Прыйдзе час, і ў неба высокае
Аблачынкай і ясным сокалам
Паплывуць…
І заплачуць па іх
Ленты дарог няпройдзеных,
Тысячы слоў несказаных,
Пяшчоты глыток нерастрачаны
На дваіх.
* * *
Пра Украіну і Парыж,
Пра ўраджай, жыццёвы крыж –
Перагаворым аб усім, а потым
Ты ў сям’ю, а я ў бяду,
Брыду па тонкаму ільду,
Які завецца адзінотай.
На белым аркушы сцяны
Два цёплыя твае вакны
Нагоняць на душу самоту,
За горла возьме – не дыхнеш,
Маёй рукой напіша верш,
Ты прачытаеш. Уздыхнеш употай.
Табе – час жонцы спадначаць,
А мне – да зор яшчэ злятаць —
У кожнага свая работа:
Шпачку – спяваць, садам – квітнець,
Жыццю – як ручайку звінець,
А мроям – сцішана кружыць ахвота.
* * *
Нясе нас па жыцці, грэшных,
То крэнам пад ухіл, то прама,
І покуль цепліць час свечку –
Маліся за мяне, мама.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *