Аматары роднай мовы з Верхнядзвіншчыны ўдзельнічалі ў тэлевіктарыне

Актуально Общество

Перадачу “Размаўляем па-беларуску” я бачыла некалькі разоў па тэлебачанні, але думка паспрабаваць свае сілы ў валоданні роднай мовай з’явілася пасля ўдзелу ў перадачы маёй сяброўкі. Пра гэту ідэю я расказала дырэктару нашага СДК Марыне Міхайлаўне Кіч. Мы вырашылі: «Чаму б не паспрабаваць? Толькі ўявіце, дзяўчаты з Бігосава апынуцца на рэспубліканскім тэлеканале!».

Верхнядзвінскія ўдзельнікі тэлевікта- рыны з пісьменнікам С. Крупенькам.
Верхнядзвінскія ўдзельнікі тэлевікта-
рыны з пісьменнікам С. Крупенькам.

У выніку мы сабралі каманду з трох чалавек: Марыны Кіч — дырэктара, Ганны Радчанкавай – удзельніцы мастацкай самадзейнасці нашага клуба, інжынера-эколага ААТ «Інвет» і аўтара гэтых радкоў. У хуткім часе дата здымак праграмы была вызначана, нас чакала падарожжа ў прыгожы горад Гомель.
Вельмі ўразіла тое, что прыезду каманды чакаў галоўны эксперт праграмы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, публіцыст, аўтар вядомых песень Святаслаў Крупенька. Хто мог уявіць, што ў Гомелі нас сустрэне наш замляк! Ён нарадзіўся ў весцы Лявомпаль Міёрскага раёна, скончыў там сярэднюю школу, потым паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Любоў да роднай мовы натхніла яго да стварэння такой перадачы. Менавіта Святаслаў Крупенька з’яўляецца яе заснавальнікам і першым вядучым.
У тэлевіктарыне ўдзельнічалі 2 каманды, якія змагаліся за званне пераможцаў. Нашымі сапернікамі былі прадстаўнікі пасёлка Касцюкоўка Гомельскай вобласці. Як прадстаўніку сваёй каманды, мне пашчасціла адкрыць перадачу музычным нумарам. Спявала песню “Я малюю мір”, а напрыканцы здымак выступалі дзяўчаты з Касцюкоўкі.

викторина-1 копия
Віктарына складалася з 5 тураў: “Прыгадваем”, “Перакладаем”, “Тлумачым”, “Ужываем”, “Цытуем”. Таксама трэба было прэзентаваць назву каманды і “візітку”. Назва паходзіла ад ракі, якая цячэ непадалёку ад дому, таму – “Прыдзвіначка».
На працягу віктарыны нас перепаўнялі розныя эмоцыі: і хваляванне, і радасць, у нашых вачах быў запал і цяга да перамогі. Час у студыі праляцеў вельмі хутка. Было вельмі прыемна пазнаёміцца з новымі людзьмі, праверыць веды, падзяліцца ўражаннямі. У гэтай перадачы няма пераможцаў, няма пераможаных. Ёсць толькі тыя, хто любіць родную мову. Няхай не ўсе яны размаўляюць па-беларуску ідэальна, але першы крок ужо зроблены, бо — размаўляюць!
Тэлевіктарына прываблівае не толькі моладзь, але і дарослых, распаўсюджвае беларускую культуру, аб’ядноўвае людзей з розных рэгіёнаў дзеля адной справы. Мне здаецца, што такія праграмы і робяць нашу родную прыгожую мову ўсё больш і больш папулярнай.
Марыя ГАНЧАРОВА,
мастацкі кіраўнік Бігосоўскага СДК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *