Верхнядзвінская фотамастачка пазнаёміла са сваёй творчасцю

Культура

У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча фатографа-аматара  Ірыны Окуневай з удзельнікамі клуба “Цікавых сутрэч” і работнікамі бібліятэкі. 

IMG_5432 копия

Госця – чалавек творчы і, разам з тым, сціплы. Між іншым, яе талент атрымаў высокую адзнаку на адкрытым конкурсе fashion-фатаграфіі GOLDEN Беларусь.
Ірына Аляксандраўна расказала аб тым, якім быў яе шлях да гэтай перамогі, якую яна не лічыць асабістай. Гэта, адзначае яна, – дасягненне ўсёй каманды, якая працавала над задумай творчай работы.
Родам з Верхнядзвінска, Ірына, пасля заканчэння мастацкага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага універсітэта прыйшла працаваць у дзіцячую школу мастацтваў, якую раней скончыла. Акрамя асноўнай работы, яна таксама захапляецца фатаграфаваннем і візажам.
-Мяне заўсёды вабіла прыгажосць, — прызнаецца Ірына, — і гартаючы глянцавыя журналы, я адчувала – гэта маё прызванне. Вярнуўшыся ў родны горад, убачыла, што гэтая сфера не занятая і пачала з таго, што рабіла макіяж дзяўчатам і стварала кожнай асабістыя і непаўторныя вобразы. На той момант прафесіянальнага фотаапарата ў мяне яшчэ не было, але хацелася створанае нейкім чынам захаваць, таму фатаграфавала на звычайны. Інтуітыўна, проста ведала, што павінна быць так, а не інакш.
Паступова з’явіліся першыя кліенты, і каб атрымаць прафесійныя веды, Ірына паехала ў Санкт-Пецярбург. У буйных гарадах сфера фатаграфіі, фэшн-індустрыі развіта на парадак вышэй. Паступова з’явіліся знаёмыя ў гэтай сферы, з імі Ірына пачала ствараць розныя праекты. Некаторыя работы знайшлі сваё адлюстраванне на старонках вядомых журналаў.
Удзельнічаць у конкурсах такога ўзроўню, як GOLDEN Беларусь — вялікая адказнасць, і як кожны творчы чалавек, Ірына сумнявалася ў сваіх магчымасцях. Але рызыкнула. Здымкі каманда рабіла ў прыгарадзе Мінска. Умовамі конкурсу былі ўдзел беларускай мадэлі і фатографа, абавязковае ўжыванне чырвонага сімвалу. Камандай была створана канцэпцыя работы: чырвонае палатно сімвалізуе імкненне да поспеху, швейная машынка – нястомную працу над сабой, а дзяўчына за ёй гаворыць аб тым, што мы, беларусы, самі творцы сваёй будучыні.
-Было зроблена літаральна некалькі кадраў,- кажа Ірына Аляксандраўна, — бо нам патрабавалася пэўнае сонечнае асвятленне, а па небе хадзілі хмары. Работу адаслалі на конкурс, але на перамогу не спадзяваліся. Удзельнікаў было каля 200. Тым больш нечаканасцю сталі выхад работы спачатку ў фінал, а потым і перамога!
Спецыялізуецца Ірына, у асноўным, на партрэтах. І галоўным у сваіх работах лічыць перадаць позірк чалавека. Усе дзяўчыны на фотаздымках – такія розныя, але кожная, сапраўды, незычайна прыгожая. У кожнай свой, непаўторны вобраз – такімі іх бачыць фотамастак Ірына Окунева.
Яна ўпэўнена, што непрыгожых або нефотагенічных людзей не бывае. І асабіста ёй больш цікава працаваць не з класічнай прыгажосцю, а менавіта з недахопамі ў знешнасці. Зрабіць іх асаблівай рысай, чымсьці незвычайным і адметным. Знайсці падыход да кожнага чалавека, бо далёка не ўсе ўпэўнена адчуваюць сябе перад аб’ектывам фотакамеры, — таксама задача фатографа.
-І калі потым гучаць захопленыя водгукі ад атрыманага выніку, калі людзі бачаць сябе такімі, як бачу іх я, — прызнаецца госця, — адчуваю задаволенасць тым, што раблю, разумею, што гэта патрэбна людзям.
Шэраг работ аўтар прад-ставіў у выглядзе слайдаў, некаторыя – на старонках журналаў. З захапленнем разглядалі прысутныя і партрэты ўдзельніц студыі “Вобраз”. Фантастычна прыгожа!
З гэтым згадзіліся ўсе, і разам са словамі захаплення ў адрас госці гучалі пажаданні новых поспехаў і творчых перамог.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

 



1 комментарий по теме “Верхнядзвінская фотамастачка пазнаёміла са сваёй творчасцю

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *