Верхнедвинский ансамбль «Ярыца» споёт и на свадьбе, и на крестинах

Культура

Вось і пачаўся доўгачаканы новы год! Ён поўніцца добрымі ўражаннямі ад вялікай колькасці праведзеных святаў. Дзяўчаты з народнага калектыву “Ярыца” РДК спаўна выкарысталі гэты цудоўны час, прапанаваўшы жыхарам Верхнядзвінска калядны абрад. У гэтым годзе “Каляда” завітала ў мікрараён Гейжанава.

IMG_1168 копия
Вячэрнія вуліцы горада звінелі музыкай і смехам. Павадыр, Мядзведзь, Каза, цыганкі, Доктар, Калядная зорка — колькі віншаванняў, прыемных уражанняў, добрага настрою дарылі калядныя персанажы ўсім сустрэчным! Спевамі, жартамі, музыкай яны весялілі народ і жадалі шчасця і дабрабыту гаспадарам. А тыя не скупіліся на словы ўдзячнасці. Артысты з прыўзнятым настроем, лёгкасцю і верай у дабро вярталіся дадому.
Хочацца адзначыць яшчэ адну вельмі добрую падзею, якая адбылася ў гэтым дружным калектыве. У Алесі Літвінавай, удзельніцы ансамбля, нарадзіўся хлопчык – Кастусь. “Ярыца” арганізавала святочную сустрэчу малога з раддому. Напэўна, нячаста такое ўбачыш, каб дзіця забіралі адсюль з народнымі песнямі, якія ўслаўляюць новага чалавека, яго бацьку і маці. Нованароджанаму дзіцяці жадалі добрую долю “…і грашовую, і збажовую, і вянчальную”. Пад гукі заліхвацкай полькі, якую гармонік, здавалася, іграў яшчэ прыгажэй, праводзілі сям’ю дадому. Сведчаннем таго, што сустрэча атрымалася, былі ўдзячныя твары людзей, якія сабраліся на ганку і выглядалі ў вокны бальніцы.
У хуткім часе калектыў “Ярыца” дапоўніў народным каларытам урачыстую цырымонію рэгістрацыі нованароджанага ў ЗАГСе. Пад гармонік дзяўчаты ў прыгожых нацыянальных касцюмах сустракалі сям’ю Літвінавых. Пасля ўрачыстай цырымоніі рэгістрацыі нованароджанага ў іх адрас гучалі народныя песні і найлепшыя пажаданні.
Хочацца адзначыць, што ў гэтым калектыве не проста выдатныя артысты. Тут жывуць народная мудрасць, добразычлівасць, спагада, выдумка. І як ні «круціць» нас жыццё ў сваім віры – мы любім мілагучныя народныя песні, народныя звычаі і ніколі не губляем аптымізму. А калі нясеш гэтыя пачуцці людзям, то ім нязменна перадаецца пазітыўны настрой.
Вялікі дзякуй артыстам і далейшых поспехаў!
М. РУБЕЛЬ,
метадыст па этнаграфіі і фальклору РЦКНТ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *