У Росіцы адбылося духоўнае свята

Духовность

Узнагароджанне настаяцеля касцёла Святой Троіцы Часлава Курэчкі прэміяй Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” стала сапраўдным святам для ўсёй Росіцы.

IMG_3745 копия
З гэтай нагоды ў нядзелю, 17 студзеня, у касцёле адбылася святая Імша, пасля якой многія жыхары вёскі рознага веравызнання сабраліся ў плябаніі за святочна накрытымі сталамі, каб выказаць шчырыя віншаванні з узнагародай і падзяку за службу айцу Чаславу.
Дапамогу ў правядзенні мерапрыемства аказалі работнікі Сар’янскага ДК, Росіцкага сельскага клуба, а таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Святкаванне пачалося з песні “К табе, Беларусь”, якую выканала Анжэла Савіч.
Затым вядучая мерапрыемства дырэктар Сар’янскага ДК Алена Мінчанка агучыла віншавальныя тэлеграмы і паштоўкі, якія атрымаў ксёндз Часлаў. Іх даслалі старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарстнёў, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка, упаўнаважаны на справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама Міхаіл Даніленка, ксяндзы і парафіяне з розных куткоў нашай краіны.
Асноўным лейтматывам святкавання стала тэма любові да роднай зямлі, прыгажосці яе краявідаў, прапаганды здаровага ладу жыцця, а таксама сяброўства і згуртаванасці людзей розных веравызнанняў, якія імкнуцца зрабіць сваю краіну, свой куток, дзе жывуць, прыгажэйшым і шчаслівейшым. А прыкладам такой працы з’яўляецца дзейнасць айца Часлава – неабыякавага, па-сапраўднаму апантанага чалавека, які здолеў аб’яднаць вакол сябе людзей рознага ўзросту, сацыяльнага статусу, паказваючы, што галоўнае ў нашым жыцці – любоў да Бога, роднай зямлі, добразычлівасць і спагада ва ўзаемаадносінах.
На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі музыка і песні пра Беларусь, пра маці, пра родную зямлю ў выкананні Алены Камаровай, Наталлі Аўзін, Алены Сіняўскай, Алены Мінчанка, Надзеі Літвін, Галіны Бардзікавай.
Падчас святкавання айцец Часлаў адзначыў, што гэта высокая ўзнагарода не магла б адбыцца без дапамогі насельніцтва, а таксама падтрымкі кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, органаў мясцовай улады.
Асаблівую падзяку святар выказаў старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігару Іванавічу Марковічу, які падтрымлівае духоўнае адраджэнне роднай зямлі.
Жахарка вёскі Росіца, ураджэнка Калужскай вобласці Расіі Любоў Міхайлаўна Кухтарская падзялілася з прысутнымі ўражаннямі аб наведванні Палаца Рэспублікі падчас уручэння ўзнагароды айцу Чаславу.
Завяршылася мерапрыемства агульным выкананнем песні “Мой родны кут”.
Л. БАРАНАЕВА,
ад імя ўсіх прысутных са словамі шчырай удзячнасці,
в. Росіца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *