Прайшла творчая сустрэча з вядомым паэтам і краязнаўцам

Наш край

Нядаўна ў РДК адбыўся творчы вечар нашага вядомага земляка Антона Францавіча Бубалы пад назвай “Няхай кружыць сіні вечар”. Лейтматывам яго былі словы з верша аўтара: “Жыць так, каб за табой ішлі: пачэсна, чэсна, светла, годна… Не! Так амаль неверагодна. Ды ёсць жа цуды на зямлі!”.

IMG_1370 копия

І, сапраўды, ёсць цуды на зямлі! А найпершае – само жыццё, шматграннае, захапляючае, творчае. Антон Францавіч здолеў паглыбіцца ў самую яго сутнасць. Ён — гісторык, краязнаўца, таленавіты паэт і проста чалавек, улюбёны ў сваю Радзіму. Гэтай любоўю творца запальвае ўсіх навокал. Няма, напэўна, такой мясціны ў раёне, дзе б ён не прайшоў. Прагнучы сам ведаць і адчуваць свет, вядзе за сабой моладзь, аматараў гісторыі і ўвогуле нераўнадушных людзей.
На вечары закранулі толькі невялікую частку яго творчасці – паэзію: патрыятычную, лірычную, месцамі філасофскую, іранічную і жартоўную.
Першы верш Антон Бубала склаў яшчэ ў трэцім класе. Потым былі вучоба, праца на Далёкім Усходзе. Як заўважае паэт: “Захацелася рамантыкі!”. Але на чужыне так не хапала сваіх лясоў, кусцікаў, тых мілых краявідаў радзімы. Калі прыехаў да сястры ў Асвею і глядзеў з акна на возера, адразу напісаў: “Мо, таму, нібы святую, я п’ю асвейскую ваду”. Так, пад наплывам уражанняў і нарадзіўся верш. Перад ад’ездам паслаў яго ў раённую газету “Дзвінская праўда”.
“Зусім не думаў, што надрукуюць, — кажа Антон Францавіч, — але здарылася цуда, і верш надрукавалі. Так і пачалося маё захапленне паэзіяй”.
Пасля яго творы друкаваліся на старонках газет “Звязда”, “ЛіМ”, “Наша слова”, “Дзвінская праўда”, “Туризм и отдых”, у часопісе “Родная прырода”. Выдадзена некалькі зборнікаў вершаў. А яшчэ яны сталі песнямі, гімнамі Дзвіне, роднаму краю, Кургану Дружбы. Многія вершы пакладзены на музыку яго сябрамі-землякамі Ігарам Новікавым, Ірынай Салаўёвай, Сяргеем Шыманскім, Надзеяй Пагаранскай, Аляксандрам Міронавым, Людмілай Мурзо, Васілём Казловым, Галінай Ракшня, Любоўю Марынскай, Станіславам Шыпіла, Наталляй Сінкевіч, Юліяй Жарынай, Фёдарам Бука, Яўгенам Шугалем, Ягорам Максулем, Мікалаем Зярновым.
Антон Францавіч не мае музычнай адукацыі, але ў яго вельмі добры музычны слых, ведае шмат песень сваёй маладосці і сучасных, з задавальненнем спявае ў хоры “Ветэран”, вакальнай групе, дуэце і саліруе, сам напісаў музыку да некаторых сваіх вершаў.
Асаблівым незагойным болем праходзіць у яго творчасці тэма вайны. Антон Францавіч на сабе адчуў ваеннае ліхалецце. Малалетнім дзіцём трапіў у у канцлагер. Многа вершаў напісана на гэту тэму. Песнямі сталі “Курганы”, “Бяроза пры брацкай магіле” і іншыя.
Шмат вершаў прысвечана родным мясцінам, Асвейшчыне. Паэт займаецца і перакладамі вершаў з рускай, польскай, латышскай і нямецкай моваў. А многія вершаваныя радкі пра вёску, юмарыстычныя, іранічныя творы самі просяцца ў прыпеўкі: “Хлебны квас”, “Вёсачка”, “Пахваляліся кабеты”, “Дзе мая Маруся”, “Дзед і баба”, “Пра Кузьму”. Ірына Салаўёва напісала музыку да многіх лірычных твораў Антона Бубалы.
Антон Францавіч з’яўляецца актыўным удзельнікам народных клубаў “Ветэран”, “Сучаснік”, “Белыя вароны”. Кожны клуб мае свой гімн на яго словы.
На вечары гучалі песні ў выкананні хора “Ветэран”, Ірыны Салаўёвай, хора “Надзея”, Ігара Новікава, Любові Марынскай і Людмілы Крыванос, групы “Праект”, Антаніны Кукаўка.
На вечар прыйшлі сябры, знаёмыя, былыя калегі і аднадумцы паэта, якія выказвалі словы падзякі А. Ф. Бубалу за любоў да Радзімы, Верхнядзвіншчыны, вялікую краязнаўчую, даследчую, турысцкую дзейнасць.
Праводзілі вечар клубы “Ветэран” і “Сучаснік” пад кіраўніцтвам М. У. Счаснай, Л.М.Белавус і Н.С.Глацёнак. Вядучыя А.І.Ткачова і М.У.Счасная распрацавалі цікавы сцэнарый мерапрыемства, якое прайшло “на адным дыханні”. Ды інакш і не можа быць, калі размова ідзе аб цікавай і неардынарнай асобе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



2 комментария по теме “Прайшла творчая сустрэча з вядомым паэтам і краязнаўцам

  1. “Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы”, – кажа беларуская народная мудрасць. Спадар Бубала гэта зразумеў, адчуў, нясе гэтую любоў да роднага краю праз усё жыцьцё і шчодра дзеліцца ёю з намі. Незлічоная колькасць патрэбных спраў, зроблена гэтым цікавым, шматгранным, таленавітым чалавекам з выдатным пачуцьцём гумару. Сапраўдны грамадзянін і беларус. Дзякуй ВАШЫМ бацькам, што Вы ў нас ёсьць. Дрыса ВАМІ ганарыца! Шаноўны Антон Францавіч, беражы Бог вас і вашых родных!!!
    ЗЯМЛЯ БАЦЬКОЎ
    Слязіна ўдзякі,
    Позірк мглі,
    Радзіце, каласы і травы.
    Быць чалавекам на зямлі
    Зямля бацькоў
    Дала мне права.
    З рэк піў,
    Еў хлеб без асцюкоў,
    He даланіў меч,
    Лашчыў рала.
    Бацькоў
    Дала зямля бацькоў.
    Бацькоў
    Зямля бацькоў забрала.
    Яе, суровую, адну
    Люблю я не па абавязку.
    Прымаю, як і ў даўніну,
    I гнеў нябёс,
    I казкі ласку.
    За дым кастра —
    Паклон быллю,
    Раллі —
    За цёплы след каравы.
    Зямлю бацькоў
    Я так люблю,
    Што ненавідзець
    Маю права! — Р. Барадулін

  2. Антон Францевич — удивительный человек. Не раз убеждалась в этом — и когда слушала его рассказы об интересных местах Верхнедвинщины, и когда смотрела фото в соц.сети, сделанные им. Все, что делает этот человек общественного — всегда наполнено любовью и уважением, интересом, фантазией, стремление сделать НАШЕ, РОДНОЕ более красочным и занимательным для всех жителей. Искренние слова уважения и благодарности за то, что вы есть в нашем городе! С нетерпением ждем экспозиций в районном музее и вручения Вам, наконец, звания «Почетный житель Верхнедвинска»:)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *