Верхнядзвінскія хлебаробы сабралі на «Дажынках» найбольшы «ўраджай» узнагарод

Актуально Общество

Традыцыйны абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015 ” адбыўся ў мінулыя выхадныя ў Талачыне.

IMG_5669 копия

Аграрыі самага паўночнага раёна вобласці, нягледзячы на складаныя ўмовы гаспадарання, з году ў год уваходзяць у лік пераможцаў абласнога спаборніцтва на жніве. А сёлета Верхнядзвінскім раёнам пастаўлены абсалютны рэкорд – пераадолены стотысячны рубеж намалоту, атрымана 104 тысячы 687 тон збожжа пры ўраджайнасці амаль 48 цэнтнераў з гектара! Запаветная мільённая тона збожжа Віцебшчыны была намалочана менавіта ў нашым раёне. І на вялікае свята ўраджаю верхнядзвінцы прыбылі сапраўднымі героямі.
Таленавітых хлебаробаў святочны Талачын сустракаў ава-цыямі – з гонарам праходзілі яны па вуліцах сталіцы “Дажынак”. У склад афіцыйнай дэлегацыі Верхнядзвінскага раёна, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама І.І. Марковіч, уваходзілі кіруючыя работнікі, спецыялісты аграпрама і пераможцы спаборніцтва на жніве старшы камбайнер ААТ “Антонава-Агра” В.Д.Дадзека, старшы камбайнер ААТ “Прудзінкі” У.М. Лапкоўскі і камбайнер А.Ч. Турчыновіч, галоўны аграном гэтай жа гаспадаркі В.У. Курыкша.
Вітаючы гасцей свята, старшыня Віцебскага аблвыканкама М.М.Шарстнёў адзначыў, што павага да працы хлебаробаў ляжыць у аснове культуры і духоўнасці беларускага народа. Свята заканчэння жніва з даўніх часоў адзначаецца маштабна, прыгожа, з размахам. Асабліва ж прыемна святкаваць, калі вынікі ўборачнай кампаніі радуюць, а ў гэтым сезоне дынаміка земляробчых поспехаў Прыдзвінскага краю відавочная.
Падводзячы вынікі сельскагаспадарчага года, кіраўнік вобласці падкрэсліў, што вырашчаны добры ўраджай зерневых, бульбы, ільну, гародніны. Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак сабрана 1 млн 440 тысяч тон збожжа – гэты лепшы вынік за апошнія 40 гадоў. Упершыню сярэдняя ўраджайнасць у рэгіёне дасягнула 36,6 ц/га, а пяць раёнаў – Верхнядзвінскі, Дубровенскі, Пастаўскі, Аршанскі і Бешанковіцкі — завяршылі ўборку з ураджайнасцю звыш 40 ц/га. Верхнядзвінскі, Дубровенскі і Талачынскі раёны ўпершыню пераадолелі стотысячны намалот.
Станоўчая дынаміка назіраецца ў вырошчванні бульбы. У рэгіёне самая высокая яе ўраджайнасць – 277 ц/га . Валавая вытворчасць гэтай культуры таксама рэкордная – 43 тысячы тон. Віцебскія льнаводы дасягнулі самых важкіх у рэспубліцы паказчыкаў па вытворчасці льнотрасты. Лепшыя вынікі атрыманы таксама ў вытворчасці рапсу, насення шматгадовых траў і іншых культур.
М. М. Шарстнёў паведаміў, што высокі ўраджай дазволіў Віцебскай вобласці ўпершыню адгружаць зярно на экспарт: “Мы атрымалі права рэалізаваць 100 тысяч тон збожжа за межы рэспублікі. Ужо заключаны кантракты, вядзецца адгрузка.” Ён падкрэсліў, што рэгіён узяў курс на інтэнсіўнае земляробства. Нарошчванне вытворчасці прадукцыі раслінаводства адбываецца не за кошт пашырэння зерневага кліну, а за кошт строгага захавання тэхналагічных патрабаванняў на ўсіх этапах вырошчвання, укаранення высокаўраджайных гатункаў і новых прагрэсіўных тэхналогій.
Адной з умоў паспяховай вытворчасці ў паўночным рэгіёне з яго скарочанымі тэмпамі палявых работ,- адзначыў кіраўнік вобласці,- з’яўляецца тэхнічная аснашчанасць сельскагаспадарчых арганізацый. Для ўмацавання базы ў сельгасарганізацыі вобласці сёлета пастаўлена 166 аўтамабіляў МАЗ, у тым ліку 26 з грузападымальнасцю да 40 тон. Своечасовую падтрымку атрымалі аграрыі Віцебшчыны ад Мінскага трактарнага завода – 807 трактараў. На базе Віцебскага маторарамонтнага завода наладжана вытворчасць новай высокапрадукцыйнай сеялкі з адначасовым унясеннем мінеральных угнаенняў.Гэта стратэгічна важна для глеба-кліматычных умоў вобласці. На базе ААТ “Ціраспальскі агратэхсервіс” наладжана вытворчасць шыроказахопнага глебаапрацоўчага агрэгата.
Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што сельскай гаспадарцы патрэбны структурныя змены. Таму праводзіцца работа па стварэнні інтэграваных структур, якія аб’ядноўваюць у адну юрыдычную асобу вытворцаў, перапрацоўшчыкаў і гандлёвую сетку. За такімі буйнымі аб’яднаннямі – гарантыя вытворчай бяспекі, шлях да стабільнасці і развіцця. “У такіх прадпрыемстваў высокая ступень канкурэнтаздольнасці за кошт больш нізкага сабекошту прадукцыі”,- упэўнены кіраўнік. Ён адзначыў, што ў гаспадарак павінна быць дакладная спецыялізацыя па ключавых напрамках – мясная, малочная вытворчасць, бульбаводства, гароднінаводства і ншыя.
Галоўнай каштоўнасцю краю назваў М.М. Шарстнёў чалавечы патэнцыял. За высокімі паказчыкамі стаіць напружаная і карпатлівая праца жыхароў Прыдзвіння. Па выніках жніва больш тысячы тон збожжа намалацілі 524 экіпажы камбайнераў, з іх 62 – маладзёжныя. 23 экіпажы пераадолелі двухтысячны рубеж. Звыш тысячы тон перавезлі 370 вадзіцеляў. Свой уклад у агульную справу ўнеслі людзі многіх прафесій, у тым ліку прадстаўнікі гарадскіх арганізацый. Кіраўнік вобласці выказаў усім шчырую падзяку за самаадданую працу.
Самай урачыстай часткай свята стала цырымонія ўзнагароджання. Дыпломы, Ганаровыя граматы, грашовыя прэміі і прызы атрымалі пераможцы абласнога спаборніцтва ў розных намінацыях. Іх уручылі Мікалай Шарстнёў, ганаровыя госці свята старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, кіраўнікі і прадстаўнікі многіх міністэрстваў і ведамстваў, вытворчых аб’яднанняў.
За дасягненне высокіх паказчы-каў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых у 2015 годзе Верхнядзвінскі раён узнагароджаны падарункавым сертыфікатам на пагрузчык «Амкадор-352». Раён адзначаны таксама Дыпломам за перамо-гу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоў-чых ферм і комплексаў». Атрымаць высокія ўзнагароды на сцэну “Дажынак” былі запрошаны старшыня райвыканкама І. І. Марковіч і першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У. У. Быкаў.
Кіраўнік Верхнядзвінскага раёна І.І. Марковіч узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — за вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльна-эканаміч-най палітыкі Рэспублікі Беларусь. Прэміі і падарункі атрымалі кіраўнікі і спецыялісты сельскіх гаспадарак раёна, якія дасягнулі лепшых вынікаў на жніве.
Удзельнікаў свята чакала вялікая святочная праграма, у якую ўваходзілі марш-парад духавых аркестраў і барабаншчыц, у якім удзельнічаў верхнядзвінскі ансамбль, тэтралізаваныя прадстаўленні брэндаў раёнаў з верхнядзвінскімі “Малочнымі рэкамі”, выстава караваяў, на якой дэманстраваўся сімвал свята – паўтарамятровы каравай, шматлікія выставы, канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы, дабрачынныя акцыі. “Дажынкі” ўпрыгожы-лі сваімі выступленнямі і вырабамі верхнядзвінскія калектывы народнай творчасці, а таксама гандлёвыя падворкі масласырзавода і райпо.
С. ДЗВІНСКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *