11 октября профессиональный праздник отмечают работники культуры

Актуально Культура

Прафесія культработніка атаясамліваецца ў нас з добрым святочным настроем. Бо прыходзім ва ўстановы культуры, каб адпачыць, зарадзіцца атмасферай творчасці, а на шматлікія мерапрыемствы – атрымаць асалоду ад мастацтва. Аднак для саміх работнікаў культуры гэта знешняя лёгкасць і непасрэднасць танца на сцэне ці песні ў полі – вынік напружанай працы, свайго роду, прадукт, які трэба старанна падрыхтаваць і падаць у найлепшым выглядзе. Працэс жа падрыхтоўкі патрабуе і ўласнага таленту, і ўмення зацікавіць творчасцю іншых, і наяўнасці арганізатарскіх здольнасцяў.
Мяркуючы па высокаму прафесіяналізму, які адрознівае майстроў верхнядзвінскай сцэны, нашым культработнікам удаецца захапіць людзей сваёй творчасцю. У раёне і за яго межамі славяцца яркія, самабытныя калектывы, якія з’яўляюцца гонарам нашага краю. Вось некаторыя з іх.

Ярыца

 

Творчы саюз

Не бывае раўнадушных, калі на сцэну выходзяць народныя калектывы “Ярыца”, “Верхнядзвінскія музыкі” і клуб “Ветэран”. У апошнія гады яны ўсё часцей выступаюць разам. І гэты творчы саюз нязменна “заводзіць” гледачоў і дорыць незабыўныя мінуты радасці. Першыя два калектывы ўзначальвае таленавіты і вельмі захоплены сваёй справай работнік культуры Мая Генадзьеўна Рубель. У складзе калектываў і прафесіяналы-музыканты, і самадзейныя артысты. Дзякуючы творчай фантазіі і працавітасці кіраўніка, ансамблі набылі свой непаўторны каларыт і багаты рэпертуар беларускай народнай музыкі.
Гарманічна спалучыліся з імі знаходлівыя і самабытныя творцы з клуба “Ветэран”, узначальвае які Марына Уладзіміраўна Шчасная. На базе клуба створаны ансамбль лыжкароў “Забава”, які заўсёды выклікае авацыі гледачоў. Сышоўшыся на сцэне, тры калектывы дапаўняюць адно аднаго і ствараюць феерыю іскрамётнага народнага мастацтва. Яны паспяхова выступаюць на розных святах і фестывалях. Другі год адзначаюцца ўзнагародамі на фестывалі “Браслаўскія зарніцы”. А нядаўна «Ярыца» і «Верхнядзвінскія музыкі» дарылі сваю творчасць на абласным свяце працаўнікоў вёскі “Дажынкі” ў Талачыне.

Гасцей сустракае “Сар’яначка”

Сарья

У вакальнай групы “Сар’яначка”, створанай пры Сар’янскім СДК, асобая задача. На гэту багатую гістарычнай і культурнай спадчынай зямлю прыязджае шмат экскурсій і гасцей з розных куткоў краіны. Іх сустракаюць у мясцовым Храме з яго традыцыямі ўмацавання сям’і і мясцовым Доме культуры, які з’яўляецца сапраўдным цэнтрам народнай творчасці. А экскурсію па Сар’і абавязкова правядзе кіраўнік мясцовай установы культуры Алена Іванаўна Мінчанка. Яна ж узначальвае і мясцовую вакальную групу “Сар’яначка”, якая адорвае гасцей сваёй творчасцю. Рэпертуар групы надзвычай багаты і разнастайны – гэта фальклорныя творы і сучасныя, лірычныя і гарэзныя, але нязменна запатрабаваныя гледачом. Мастацкім кіраўніком групы з’яўляецца таленавіты творца Надзея Літвін. А ў складзе ансамбля людзі розных узростаў і прафесій, але ўсе – адданыя спевам і музыцы.

Наша “Спадчына”

IMG_3611 копия

Рэгіянальнае свята “Збіраем зорны карагод” нездарма праводзіцца ў Валынцах. У мясцовым Доме культуры, загадвае якім Ларыса Казіміраўна Вайніловіч, накоплены багатыя традыцыі мастацкай творчасці. А “візітнай карткай” установы з’яўляецца вакальная група “Спадчына”. Акампаніятарам у галасістых валынецкіх спевакоў выступае таленавіты музыкант Леў Мікалаевіч Новікаў. Ён сам рыхтуе аранжыроўкі з улікам спецыфікі выканання твораў.
“Спадчына” радуе сваёй творчасцю не толькі мясцовых гледачоў, але прымае ўдзел у многіх раённых святах, мастацкіх конкурсах і фестывалях, выязджае ў поле да хлебаробаў. На нядаўнім свяце “Збіраем зорны карагод” валынецкая група падзяліла першае месца з Запруддзеўскай групай “Натхненне”.
У артыстаў не бывае прывычных выхадных, у святы яны працуюць. Але ў тым і каштоўнасць гэтай прафесіі – дарыць людзям свята.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *