У Каханавічах віншавалі важака «Белых варон»

Актуально Наш край

Наш цывілізаваны свет насычаны спакуслівымі матэрыяльнымі дабротамі, і шмат людзей заклапочаны тым, як завалодаць самымі прывабнымі з іх. Нехта ганяецца за шыкоўнымі аўто, іншыя – за супер-яхтамі, камусьці пазарэз патрэбны самы новы планшэт, іншай карціць насіліконіць грудзі ці – кажуць, модна – вусны; дзелавыя людзі ўдасканальваюць свой бізнес аж да інфаркту….

З юбілеем П. П. Квяцінскага павіншавала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Г. Кісялевіч.
З юбілеем П. П. Квяцінскага павіншавала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Г. Кісялевіч.

Але не перавяліся яшчэ і тыя, хто ўпарта ставіць на першае месца духоўнае перад матэрыяльным, не ахвяруе грашовыя сродкі і здароўе ні на “тачку”, ні на модны інтэр’ер кватэры ды яшчэ не дае спакойна шліфаваць дабрабыт іншым, спакушае іх бегчы ўслед за імі да сапраўднага жыцця.
Якраз з такіх і Пётр Пятровіч Квяцінскі, чый 70-гадовы юбілей адзначаўся гэтым летам. Па ўзросце ён – “рамантык з 60-х”, таму не дзіва, што на юбілейныя святы да яго збіраліся гэткія ж актыўныя і цікавыя, маладыя духам людзі. На галоўную сустрэчу ў Каханавічах прыязджалі і прыходзілі прадстаўнікі раённай і сельскай улады, устаноў культуры, прэсы, розных пакаленняў вяскоўцаў. Цэлы дзень у цэнтры вёскі гучала музыка і спевы, ладзіліся вясёлыя імпрэзы; увагу ўсіх, хто праязджаў каля штаба “Белых варон”, звярталі на сябе традыцыйны касцёр і палатка.

У госці да юбіляра прыехалі Аляксандр і Валянціна Мядзюта.
У госці да юбіляра прыехалі Аляксандр і Валянціна Мядзюта.

Самая ж змястоўная і задушэўная сустрэча, па прызнанні самога юбіляра, адбылася ў народным клубе “Ветэран” у Верхнядзвінску. Варта адзначыць, што паміж народнымі клубамі ў нашым раёне ўсталяваліся добрыя творчыя кантакты, і Пётр Пятровіч заўжды жаданы госць у ветэранаў. Але на гэты раз з ім вырашылі пазнаёміцца як мага бліжэй. Ілюстрацыямі да інтэрв’ю-анкеты госця паслужылі прывезеныя ім альбомы і кнігі, а аздобай – вітальныя спевы ў ягоны адрас.
Гаспадароў цікавілі старонкі жыцця няўрымслівага важака “Белых варон”, вытокі яго захапленняў і “дзівацтваў”. Хлапчуку, народжанаму ў сталінскай высылцы ў Казахстане, давялося не толькі даказваць сабе і свету сваё права на існаванне, але ставіць перад сабой і вырашаць сур’ёзныя, па-грамадзянску значныя задачы. Сельскі доктар і дэпутат, пісьменнік, арганізатар трох клубаў па інтарэсах, велатурыст і “морж”, эрудыт і аматар мастацтва, памочнік у наладжванні касцельных спраў, завадатар нестандартных імпрэзаў для дзяцей – гэта толькі назвы старонак яго энергічнай дзейнасці.
На вечарыне “калегі па ўзросце і духу” выступалі з вершамі і падарункамі, ладзілі цікавыя гульні з лірычнымі пераспевамі, выходзілі на круг з сольнымі спевамі і дуэтамі, спявалі хорам, а голас юбіляра ўплятаўся ў мужчынскае трыа, прыгожа дапаўняючы яго да квартэта.
“Не зацыклівацца” на матэрыяльным, не нажываць хандроз за кампутарам, ладзіць жывыя кантакты з сябрамі, быць сярод людзей, радавацца жыццядайным праявам кожнага дня – у гэтым усе аднадушна былі згодныя з Пятром Пятровічам Квяцінскім, які кажа: “Наперадзе мусіць быць духоўнае”. У пацверджанне свайго крэда юбіляр, ад’язджаючы на ровары пры месяцавым святле з райцэнтра ў Каханавічы, з усіх падарункаў узяў з сабою толькі падораныя яму ружы ды хрызантэмы.
А. БУБАЛА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *